Валатоўкі (курганы)
Валато́ўкі — народная назва старажытных курганных могільнікаў, найбольш пашыраная на поўначы Беларусі (Паазер’і) і сумежных з ёй раёнах Смаленшчыны, Пскоўшчыны і ўсходзе Латвіі (прыблізны арэал крывічоў). Уключаюць доўгія курганы, а таксама курганныя могільнікі X—XII стагоддзяў, абрад пахаванняў — трупапалажэнне[1].
З назвай звязана ўяўленне пра волатаў, якія, напэўна, лічыліся продкамі беларусаў. Сярод валатовак сустракаюцца валападобныя насыпы. Іх з’яўленне звязана з перыядам, калі на поўначы Беларусі рассяліліся славяне, якія асімілявалі мясцовае балцкае і фіна-вугорскае насельніцтва, у выніку чаго ўтварылася групоўка ўсходніх славян-крывічоў[1].
Урочышчы пад назвай Валатоўкі, дзе ёсць такія курганы, зафіксаваны каля мястэчка Друя, вёсак Бельчыцы, Куранец, Ліпск, Малышкі, Пуканаўка, Бяздзедавічы, Валатоўкі, Верхняе, Зарубчыкі, Мамаі, Ёды, Забаенне, Стаўбцы, Іжа, Махіроўка, Стараселле, Палессе. Варыянтамі назвы Валатоўкі ёсць назвы Малатоўкі і Калатоўкі (вёскі Занарач Мядзельскага раёна, Ізбішча і іншыя)[1]. Шэраг населеных пунктаў Беларусі носіць назву Валатоўкі.
Крыніцы
правіцьЛітаратура
правіць- Георгій Штыхаў. Валатоўкі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — С. 206. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0.