Ва́ртасць — увасобленая ў тавары і арэчаўленая ў ім праца таваравытворцаў; грамадская ўласцівасць тавару, якая выяўляецца ва ўмовах таварнай вытворчасці  (руск.) пры абмене  (руск.) аднаго тавару на іншы; аснова цаны тавару.

Адрозніваюць спажывецкую і менавую вертасці. Спажывецкая вартасць — каштоўнасць рэчы, яе здольнасць задавальняць чалавечыя патрэбы непасрэдна (хлеб, адзенне, жыллё) і ўскосна (машыны, станкі, сыравіна). Усе тавары — розныя як спажывецкія вартасці (па якасці), але аднолькавыя як вартасць, бо ствараюцца ў вытворчасці і з’яўляюцца прадуктам працы. Велічыня вартасці тавару залежыць ад колькасці рабочага часу, неабходнага для вырабу гэтага тавару. Розныя таваравытворцы затрачваюць на вытворчасць аднаго і таго ж тавару неаднолькавую колькасць працы (часу), таму тавары маюць розную індывідуальную вартасць. Але яна не можа вызначаць грамадскую (рыначную) вартасць  (руск.). Таваравытворцы звязаны паміж сабой сістэмай грамадскага падзелу працы  (руск.) і таму вырабляюць тавары на продаж (адзін для аднаго), у выніку чаго іх праца набывае грамадскі характар. Таму грамадская (рыначная) вартасць вызначаецца грамадска неабходным рабочым часам, ці часам, які затрачваецца на вытворчасць асноўнай масы тавараў гэтага віду.

Формай выяўлення вартасці на рынку з’яўляецца менавая вартасць — прапорцыя, у якой адны тавары абменьваюцца на іншыя. Яна вызначаецца законам, які патрабуе абмену таварамі паводле іх грамадскай (рыначнай), а не індывідуальнай вартасці. Гэты закон выступае галоўным рэгулятарам таварнай вытворчасці, эканамічных адносін  (руск.) паміж таваравытворцамі. Ён вымушае прадпрымальнікаў змяншаць індывідуальны рабочы час да ўзроўню грамадска неабходнага, а яшчэ лепш — ніжэй за яго, што гарантуе перамогу ў канкурэнтнай барацьбе і прыбытковасць вытворча-гаспадарчай дзейнасці. Тым самым ён стымулюе навукова-тэхнічны прагрэс, удасканаленне вытворчасці, павышэнне прадукцыйнасці працы.

Пачатак тэорыі працоўнай вартасці паклалі У. Пеці, А. Сміт, Д. Рыкарда, навукова абгрунтаваў яе К. Маркс. Некаторыя вучоныя-эканамісты лічаць, што менавыя прапорцыі вартасці тавараў вызначаюцца не затрачанай на іх выраб грамадскай працай, а іх спажывецкай вартасцю (каштоўнасцю); на гэтай канцэпцыі заснавана тэорыя гранічнай карыснасці  (руск.). Існуе таксама тэорыя прадукцыйнасці, паводле якой вартасць — вынік дзеяння З фактараў вытворчасці — працы, зямлі і капіталу.

У гістарычным развіцці вартасць прайшла наступныя формы ў працэсе абмену — простую, адзінкавую, ці выпадковую (тавары — на тавар), поўную, ці разгорнутую (адзін тавар — на многія тавары), усеагульную (усе тавары — на тавар-эквівалент) і грашовую (усе тавары — на грошы). Грашовая форма вартасці дала прастор развіццю таварнай вытворчасці, ініцыятывы прадпрымальнікаў, гандлёвых сувязяў. У гэтых умовах грошы сталі асновай узнікнення капіталу.

Літаратура правіць