Весланогія ракападобныя (Copepoda) — падклас ракападобных з класа Maxillopoda. Адзін з найбуйнейшых таксонаў ракападобных (па розных дадзеных, колькасць відаў складае ад 10 да 20 тысяч). Навука, якая вывучае капеподаў — капепадалогія (раздзел карцыналогіі).
Цела (даўжыня 0,1—13 мм) членістае, падзелена на галавагрудзі і брушка, укрыта хіцінавым покрывам, у прадстаўнікоў атрада каланід і цыклопаў, якія жывуць у тоўшчы вады, абцякальнай цыліндрычнай формы, у харпактыцыд, якія жывуць на дне вадаёмаў, пляскатае, у паразітычных відаў вельмі змененае. Афарбоўка яркая, разнастайыая. На галаве 5 пар прыдаткаў, жавалы моцныя. У грудным аддзеле 5 пар членістых, падобных на вёслы, канечнасцей (адсюль назва). Вока адно. Устойлівыя да недахопу кіслароду. Дыхаюць усёй паверхняй цела.
Большасць груп — эктапаразіты бесхрыбтовых і пазваночных жывёл. Свабоднарухальныя прадстаўнікі атрадаў каланіды (Calanoida) і цыклопы (Cyclopoida) — найважнейшы кампанент заапланктону мораў і кантынентальных вадаёмаў. Віды атраду гарпактыцыды (Harpacticoida) — звычайныя прадстаўнікі бентасу і міжтканкавай фаўны, радзей сустракаюцца ў планктоне.
Раздзельнаполыя, маюць сперматафоры. Яйцы адкладваюць у ваду. У развіцці праходзяць 12 стадый метамарфозы.