Витебский вестник
«Витебский вестник» — штодзённая грамадска-палітычная газета. Мела вялікадзяржаўна-шавіністычны кірунак. Выдавалася з 1 (14) ліпеня 1912 да 16(29) красавіка 1917 гг. у Віцебску на рускай мове. Выдаўцы А. А. Ляхвіцкі, А. М. Велікотны, рэдактары А. А. Ляхвіцкі, П. В. Кудраўцаў, М. М. Сталеўскі, У. I. Медзякоў. Аб'ядноўвала вакол сябе мясцовых актывістаў Саюза рускага народа і правых акцябрыстаў. Выдавалася на ўрадавыя сродкі.
«Витебский вестник» | |
---|---|
Тып | газета |
Заснавана | 1 (14) ліпеня 1912 |
Спыненне публікацый | 16 (29) красавіка 1917 |
Палітычная прыналежнасць | вялікадзяржаўны шавінізм[d] |
Мова | руская |
Галоўны офіс | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Друкавала перадавіцы афіцыёзнага зместу, афіцыйныя ўрадавыя матэрыялы, хроніку, агляды рускіх газет і часопісаў, аб'явы; мела рубрыкі: «Па Расіі», «3 жыцця губерні», «Земскае і прыходскае жыццё», «Тэатр і музыка», «Замежныя весткі», «Бібліяграфічны аддзел». Беларуска-літоўскія губерні газета называла спрадвечным «рускім краем», адзначаючы ў ім некаторыя мясцовыя асаблівасці. З апалагетычным пафасам успамінала пра далучэнне («вяртанне») Паўночна-Заходняга краю да Расійскай імперыі ў канцы XVIII ст. Сваёю мэтаю ставіла барацьбу за «святую справу ўкаранення ў сыноў і дачок Беларускага краю» рускай праваслаўнай свядомасці (1 ліпеня 1912 г.), службу «самадзяржаўнаму цару і праваслаўнай веры». Свае надзеі ў справе поўнай русіфікацыі Беларусі газета ўскладвала на мясцовых настаўнікаў, якія, паводле свайго службовага становішча і прызвання, павінны стаць рускімі нацыяналістамі (5 ліпеня 1912 г.). «Нашу ніву» называла правадніком польскіх інтарэсаў на Беларусі (14 ліпеня 1912 г.). У рэцэнзіі на польскі альманах «3 ваколіц Дзвіны» (6 — 7 ліпеня 1912) нападала на творчасць Я. Купалы, назвала яго і Я. Лучыну, які памёр у 1897 г., «вядомымі польска-беларускімі пісьменнікамі» і актыўнымі супрацоўнікамі газеты «Наша ніва». У шэрагу публікацый салідарызавалася з «заходнярускім» варыянтам расійскага нацыяналізму газеты «Северо-Западная жизнь». 3 пазіцый афіцыйнага праваслаўя крытыкавала «богашукальніцтва» М. Бярдзяева, Я. Трубяцкога, Дз. Меражкоўскага, язычніцкую, антыхрысціянскую філасофію В. Розанава (арт. К. А. Смірнова «У цёмных рэлігійных промнях», 25 жніўня і 7 верасня 1912 г.). Публікавала этнаграфічныя даследаванні Е. Раманава, апавяданні і нарысы А. Пшчолкі, творы мясцовых аўтараў, змясціла гістарычна-краязнаўчы нарыс А. Сапунова «Французы ў Віцебску». У гады Першай сусветнай вайны прапагандавала патрыятычна-абарончыя погляды. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. перайшла на памяркоўна-ліберальную пазіцыю, крытыкавала негатыўныя бакі «дарэвалюцыйнага ладу», адзначыла ролю тэатра ў псіхалагічнай падрыхтоўцы рэвалюцыі.
Зноскі
Літаратура
правіць- Конан, У. М. «Витебский вестник» / У. М. Конан // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. / Беларуская Энцыклапедыя; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. Т. 2: Беліцк — Гімн. — Мн.: БелЭн, 1994. — 536 с. — С. 307. — ISBN 5-85700-142-0.
- Подлипский, А. Периодическая печать Витебска / А. Подлипский; Витебский краеведческий фонд им. А. Сапунова, Витебская областная организация Белорусского союза журналистов. — Витебск: УПП «Витебская областная типография», 2001. — 159 с. — С. 9. — ISBN 985-6323-82-7.