Вялікае Камайскае возера

Вялікае Камайскае возера — возера ў Пастаўскім раёне. У басейне р. Камайка (выцякае з возера), за 17 км на паўднёвы захад ад г. Паставы, каля аг. Камаі.

Вялікае Камайскае
Морфаметрыя
Вышыня над узроўнем мора 188 м[1]
Даўжыня 1,05 км
Шырыня 0,36 км
Плошча 0,25 км²
Даўжыня берагавой лініі 2,59 км
Найбольшая глыбіня 22 м
Басейн
Плошча вадазбору 9,8 км²
Размяшчэнне
Краіна  Беларусь
Рэгіён Віцебская вобласць
Вялікае Камайскае (Беларусь)
Вялікае Камайскае
Вялікае Камайскае
Вялікае Камайскае (Віцебская вобласць)
Вялікае Камайскае
Вялікае Камайскае
Map

Назва правіць

Назва Камайскага возера неад’емная ад назвы ракі Камайкі, адпачатная балцкая форма якой захавалася ў літоўскім ужыванні як Kamojà[2]. У балцкай, літоўскай гідраніміі нярэдка калі назвы прасторава звязаных ракі і возера адрозніваюцца толькі канчаткам, як у назвах літоўскіх ракі Vazajà і возера Vazajis (з-пад яго рака выцякае)[3].

Гідранімічныя аналагі — літоўскія рачныя назвы Kamė, Kamaja, Kamainė, Kamatė, Kamena, Kamužė, Kamža.

Гідранімічны корань Kam- звязаны з літоўскім kamas «камяк, камок» (сціснуты кавалак)[2]. Далей да індаеўрапейскага *kem- «сціскаць»[4].

Тыпалагічныя адпаведнікі — балцкія водныя назвы на ўсходзе тыпу Жлобін, Горадзен (> Гараднічанка), Гамея (> Гамяюк), якія ўрэшце ўзыходзяць да каранёў *gleb(h)- «сціскаць», *gher(d)- «ахопліваць; агароджваць», *gem- «хапаць, сціскаць».

Такія назвы адлюстроўваюць канфігурацыйныя асаблівасці адпаведнай ракі ці возера («акруглыя» азёры, рэкі, што «кружляюць»).

Пашыральнік -oj- вядомы ў літоўскім слова і назваўтварэнні: pupa «боб»  — pupojas «бабовае сцябло», aukštas «высокі» — Aukštojis (назва пагорка)[5]. З іншым вакалізмам пашыральнік -j- у водных назвах тыпу Ілія, *Бабруя, Мярэя.

Водаапісанне правіць

Плошча 0,25 км². Найбольшая глыбіня 22 м. Даўжыня 1,05 км. Найбольшая шырыня 0,36 км. Даўжыня берагавой лініі 2,59 км. Аб’ём вады 1,67 млн м³. Плошча вадазбору 9,8 км².

Схілы катлавіны вышынёй 9—14 м, на захадзе і ўсходзе 5—6 м, пад лугам і пашай. Берагі нізкія, параслі хмызняком. У падводнай частцы катлавіны вылучаюцца 4 замкнёныя катлавіны з глыбінямі 8 м, 14,9, 18,5 і 22 м. Дно пясчанае, глыбей 2 м выслана ілам. 26 % паверхні возера занята расліннасцю, шырыня паласы 5—30 м да глыбіні 2 м. Злучана пратокай з Малым Камайскім возерам.

Заўвагі правіць

  1. GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
  2. а б A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 144.
  3. A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 368.
  4. J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 555.
  5. P. Skardžius. Rinktiniai raštai. T. 1. Vilnius, 1996. C. 85—87.

Літаратура правіць

  • Блакітная кніга Беларусі : Энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-133-1.