Вяркалы

вёска ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці Беларусі

Вярка́лы[1] (трансліт.: Viarkaly) — вёска ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Шацкага сельсавета.

Вёска
Вяркалы
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Насельніцтва
  • 20 чал. (2019)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 1713
Аўтамабільны код
5
Вяркалы на карце Беларусі ±
Вяркалы (Беларусь)
Вяркалы
Вяркалы (Мінская вобласць)
Вяркалы

Верагодна, назва мае балцкую аснову, звязаную з літоўскім словам verkauti плакаць, ліць слёзы[2]. Паводле географа Вадзіма Жучкевіча, у тапаніміі такія назвы звязаны з мянушкамі ці прозвішчамі[3].

Гісторыя

правіць

Вялікае Княства Літоўскае

правіць
 
Соф’я Радзівіл з Алелькавічаў

У XVI стагоддзі ўласнасць князёў Алелькавічаў (Слуцкіх). Вяркалы вядомы прынамсі з 1572 года, калі ад Яна Шчарбіны (відаць, паўнамоцнага прадстаўніка Слуцкіх) яны былі атрыманы ў заставу нейкім Шаблавінскім. У 1601 годзе Януш Радзівіл, як муж Соф’і Алелькавіч, аддаваў Вяркалы ў заставу Прушыцкаму[4].

У 1612 годзе, па смерці Соф’і Алелькавіч, праз вена да мужа Януша перайшлі Радзівілам[4]. У 1626 годзе Вяркалы былі ў заставе ў Грабніцкіх. У 1680 годзе былі ў заставе ў Корсакаў, якія здавалі іх Яну Душэўскаму. У 1694 годзе Корсакі перадалі свае правы на Вяркалы сужэнцам Войнам, каторыя ў 1695 годзе атрымалі інтрамісію Вяркалаў (увайшлі ў валоданне). У 1733 годзе Войны перадалі свае правы Хадароўскаму, але ненадоўга, у 1736 годзе тут былі як вечныя ўласнікі Бандынэлі[4]. У 1739 годзе Петранэля Бандынэлава перапрадае Вяркалы Аскерку, уласніку Шацка[4]. У той час Вяркалы ўваходзілі ў склад Менскага павета Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага[5].

У 1755 годзе Аскерка аддаваў Вяркалы ў заставу Паўловічу, у 1778 годзе Юзаф Гервазы Аскерка перадаў у дажывотнае валоданне Людвіку Грушвіцкаму і яго жонцы Соф’і з Яварынскіх. Пазней Грушвіцкія выкупілі Вяркалы[4]. У сярэдзіне XVIII стагоддзя ішлі доўгія памежныя спрэчкі паміж Вяркаламі (уласнасць Аскеркаў) і Вецярэвічамі (уласнасць Радзівілаў)[6].

Пад уладай Расійскай імперыі

правіць

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай 1793 года тэрыторыя апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у Ігуменскім павеце Мінскай губерні. У 1795 годзе сяло, былі царква, млын, карчма. У 1800 годзе былі касцёл і млын.

Міхал Грушвіцкі, адзін з трох сыноў Людвіка, пасяліўся ў Вяркалах і фундаваў тут філіяльны касцёльчык, каторы быў закрыты каля 1850 года[4]. Па смерці Міхала Грушвіцкага Вяркаламі валодала яго дачка Міхаліна, жонка Тадэвуша Абранпальскага, іх сын Рудольф атрымаў фальварак Міхалоў, аддзелены ад Вяркал. Міхаліна Абранпальская па смерці мужа ажанілася з Аркадыюшам Шыстоўскім, па смерці Міхаліны ўласнасць перайшла да іх сына Мечыслава Шыстоўскага, прафесара акадэміі інжынераў. Мечыслаў Шыстоўскі правёў тут значную меліярацыю балот[4].

Пасля 1861 года ў Шацкай воласці Ігуменскага павета. У 1884 годзе ў вёсцы адкрыта школа граматы. Паводле перапісу 1897 года ў вёсцы быў хлебазапасны магазін. Краязнавец Аляксандр Ельскі згадваў у другой палове XIX стагоддзя, што маёнтак Вяркалы з дзясятак гадоў таму быў значна большы, пакуль частка, званая Ванячы, не перайшла ў спадчыну Юзафа Абранпальскага[4].

У 1889 годзе маёнтак ва ўласнасці двараніна рыма-каталіцкага веравызнання Аркадыюша Шыстоўскага, была 1061 дзесяціна зямлі[7]. У 1913 годзе маёнтак ва ўласнасць Мечыслава Шыстоўскага, было 700 дзесяцін[8].

У 1916 годзе ў вёсцы адкрыта народнае вучылішча.

Найноўшы час

правіць
 
Карта ваколіц Шацка 1927 года, на якой пазначана вёска Вяркалы.

З канца лютага 1918 года тэрыторыя акупаваная войскамі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны ў жніўні 1919 — ліпені 1920 гадоў пад акупацыяй Польшчы (Мінская акруга ГУУЗ).

З 31 ліпеня 1920 года ў Беларускай ССР. У пачатку 1920-х гадоў працавала школа 1-й ступені, дзе ў 1922 годзе было 40 вучняў. У пачатку 1930-х гадоў праведзена прымусовая калектывізацыя, створаны калгас «Перамога», была кузня.

У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 года да пачатку ліпеня 1944 года пад акупацыяй Германіі.

Да 1 красавіка 1960 года вёска ў складзе Слабадскога сельсавета[9], з 1 красавіка 1960 года да 5 траўня 1962 года — у складзе Шацкага сельсавета, пасля — зноў у складзе Слабадскога сельсавета[10]. Да 28 траўня 2013 года вёска ўваходзіла ў склад Вецярэвіцкага сельсавета[11].

Насельніцтва

правіць
  • 1795 год — 48 жыхароў
  • 1800 год — 4 двары, 37 жыхароў
  • 1858 год — 120 жыхароў
  • 1897 год — вёска, 253 жыхары; маёнтак, 3 двары, 33 жыхары
  • 1908 год — вёска, 50 двароў, 341 жыхар; маёнтак, 1 двор, 42 жыхары[12]
  • 1917 год — вёска, 50 двароў, 286 жыхароў; маёнтак, 1 двор, 16 жыхароў, усе беларусы[13]
  • 1960 год — 140 жыхароў
  • 2002 год — 25 двароў, 53 жыхары
  • 2009 год — 31 жыхар[14]
  • 2019 год — 20 жыхароў[15]

Крыніцы

правіць
  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
  2. Lietuvių kalbos išteklių informacinė sistema E. KALBA. ekalba.lt. Праверана 8 красавіка 2025.
  3. Краткий топонимический словарь Белоруссии / В. А. Жучкевич. — Минск: Издательство Белорусского государственного университета, 1974. — 447 с. — 12 700 экз. С. 48
  4. а б в г д е ё ж SgKP 1893, s. 231.
  5. Вялікі гістарычны атлас Беларусі : у 4 т. / Дзяржаўны камітэт па маёмасці Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства «Белкартаграфія»; рэдкалегія: В. Л. Насевіч (галоўны рэдактар) [і інш.]. — Мінск: Белкартаграфія. — Т. 2 / [складзены і падрыхтаваны да друку ў 2012 г. ; спецыяльны змест распрацавалі: Я. К. Анішчанка і інш.]. — 1 атлас (347, [4] с.) : каляр., карты, тэкст, іл., паказальнік с. — ISBN 978-985-508-245-4. С. 202.
  6. Mapy sądów podkomorskich, komisarskich, referendarskich, asesorskich i trybunałów, cz. II (польск.). — «Mapa wsi Wieszczerzewicze i Werkały, 1754 r., AGAD, Zb. Kart. 446-39»
  7. Памяць 2003, с. 98.
  8. Nad Świsłoczą 1914, s. 101.
  9. Рашэнне выканкома Мінскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 1 красавіка 1960 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1960, № 10.
  10. Рашэнне выканкома Мінскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 5 мая 1962 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1962, № 19 (978).
  11. «Об изменении административно-территориального устройства районов Минской области». Решение Минского областного Совета депутатов от 28 мая 2013 г. № 234 Архівавана 31 сакавіка 2016. (руск.)
  12. Ярмоловичъ В. 1909, с. 26.
  13. Список населенных мест Б.С.С.Р. (б. Минской губернии) 1924, с. 125.
  14. Итоговые данные перепеси населения Республики Беларусь 2009 года Архівавана 2 кастрычніка 2019.
  15. Belarus. pop-stat.mashke.org. Праверана 7 красавіка 2025.

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць