Віндзар

горад у Англіі

Ві́ндзар (англ.: Windsor [ˈwɪnzər], да 1974 года — Нью-Віндзар) — невялікі горад (каралеўскае бора) у графстве Беркшыр, на правым беразе ракі Тэмзы, за 34 км на захад ад Чарынг-Кроса (Лондан). Тут знаходзіцца летняя рэзідэнцыя англійскіх каралёў (Віндзарскі замак)[1].

Горад
Віндзар
Windsor
Герб
Герб
Краіна
Рэгіён
Цырыманіяльнае графства
Каардынаты
Водныя аб’екты
Насельніцтва
28 324 чалавек (2006)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+44 1753
Паштовыя індэксы
SL4
Віндзар на карце Вялікабрытаніі
Віндзар (Вялікабрытанія)
Віндзар

Гісторыя

правіць
 
Віндзарскі замак
 
Віндзарскі замак

Упершыню пра горад згадваецца ў Англасаксонскай хроніцы. Яго назва паходзіць ад стараанглійскай назвы Windles-ore, ці «выгнуты рачны бераг». У 11 ст. Вільгельм I Заваёўнік набыў Віндзар у якасці паляўнічага запаведніка і пабудаваў замак[2]. Першапачаткова горад насіў назву Нью-Віндзар (Новы Віндзар), у той час як пад назвай Віндзар была вядомая вёска, размешчаная больш як за тры кіламетры ад сучаснага горада (цяпер яна носіць назву Стары Віндзар), дзе знаходзіўся замак саксонскіх каралёў[3]. У часы кіравання караля Генрыха I каралеўскі двор быў перамешчаны на тры мілі ўверх па цячэнні ракі. Віндзарскі замак упершыню згадваецца ў «Кнізе Страшнага суда». Замак быў пабудаваны з каменя ў 1170 годзе. З 1172 года вядомы Віндзарскі мост, які звязаў горад з размешчаным на процілеглым беразе Ітанам і лічыцца адным з найстаражытнейшых пабудаваных на Тэмзе. У той час будаўніцтва мастоў было дасягненнем, і наяўнасць уласнай пераправы ўнесла вялікі ўнёсак у развіццё горада і ўмацавала яго ўплыў.

Нью-Віндзар як уласнасць кароны першапачаткова меў прывілеі і быў вызвалены ад каралеўскіх падаткаў. З пачатку XIII стагоддзя горад меў сваю гандлёвую гільдыю пры каралеўскім заступніцтве і неўзабаве стаў галоўным горадам графства. Кароль Эдуард I у 1277 годзе адмысловым указам канчаткова замацаваў за Віндзарам статус каралеўскага бора і фармальна пацвердзіў ягоныя прывілеі.

Нью-Віндзар адыгрываў вядучую ролю ў Сярэднявеччы, да 1332 года стаўшы адным з найбагацейшых гарадоў Англіі. Пастаянныя капіталаўкладанні ў развіццё замка прыцягнулі ў горад лонданскіх гандляроў: ювеліраў, вінаробаў, бакалейнікаў і галантарэйшчыкаў — што забяспечыла гараджанам новыя працоўныя месцы. Перабудова і пашырэнне замка пры Эдуардзе III (1350—1368) былі найбуйнейшым будаўнічым праектам у сярэдневяковай Англіі[4], і многія жыхары Віндзара былі заняты ў ім. У 1348 годзе Чорная смерць скараціла насельніцтва горада амаль удвая, аднак будаўнічыя праекты Эдуарда III паспрыялі хуткаму прытоку насельніцтва з іншых раёнаў Англіі і з кантынентальнай Еўропы. Тыя часы былі перыядам росквіту для мясцовай эканомікі.

Перабудова замка працягвалася і ў XV стагоддзі. Віндзар стаў галоўным месцам паломніцтва, у першую чаргу, для жыхароў Лондана. Паломнікі прыязджалі, каб дакрануцца да магілы Генрыха VI, прах якога быў перанесены ў Капэлу Святога Георгія ў 1484 годзе[5], і фрагмента Сапраўднага Крыжа, а таксама каб наведаць каледж у Ітане. Паломнікі прыходзілі з немалымі сумамі і трацілі іх у горадзе. Каб рассяліць усіх паломнікаў, колькасць гасцініц у Віндзары ўсяго за стагоддзе вырасла з трох да трыццаці. Горад стаў вельмі багатым. Для лонданскіх паломнікаў Віндзар некаторы час пераўзыходзіў па значнасці Кентэрберы і мошчы Томаса Бекета, але з набліжэннем Рэфармацыі паток паломнікаў стаў змяншацца. У 1547 годзе ў пахавальні Святога Георгія быў пахаваны Генрых VIII, заснавальнік Англіканскай царквы.

Кіраванне Цюдараў і Сцюартаў

правіць

Горад пачаў разбудоўвацца прыблізна праз дзесяць гадоў пасля Рэфармацыі. Замак лічылі ўвасабленнем старой Англіі, а ранейшыя святыні сталі называць забабонамі. Большасць паведамленняў з гістарычных хронік гаворыць пра Віндзар у XVI і XVII стагоддзях як пра бедны горад са струхлелымі вуліцамі і жудаснымі ўмовамі пражывання. Горад і яго наваколлі становяцца месцам дзеяння п’есы Уільяма Шэкспіра «Віндзарскія насмешніцы».

У час Англійскай рэвалюцыі горад займаў палкоўнік Вен, які пакінуў яго ў 1645 годзе. Нягледзячы на залежнасць ад караля, Віндзар, як і многія камерцыйныя цэнтры, трапіў пад уладу круглагаловых. У 1649 годзе тут быў пахаваны пакараны смерцю Карл I.

Скарачэнне колькасці старых будынкаў у гэты перыяд гаварыла пра гатовасць да новага будаўніцтва з прыходам да ўлады Карла II, але наступныя кіраўнікі не звярталі ўвагі на горад, новыя будынкі не былі пабудаваны, і ён заставаўся ў заняпадзе да XIX стагоддзя.

У 1711 па загадзе каралевы Ганны каля замка зроблены іпадром, дзе штогод у чэрвені праводзіцца тыдзень каралеўскіх скачак[2].

Геаргіянская і Віктарыянская эпохі

правіць

Каралі вярнуліся ў Віндзар у 1778 годзе, пры Георгу III. Былі пабудаваны дзве армейскія казармы, але прысутнасць салдат стварыла новую праблему — маштабную прастытуцыю.

Значнае абнаўленне замка, які стаў з 1840 года рэзідэнцыяй каралевы Вікторыі, і будаўніцтва дзвюх галін чыгунак пазначылі пачатак найбольш яскравага перыяду ў гісторыі горада. Горад хутка ператварыўся з соннага сярэдневяковага гарадка ў цэнтр сучаснай імперыі. На працягу XIX стагоддзя ў Віндзару пабывалі многія главы еўрапейскіх дзяржаў. Аднак празмерная перабудова Віндзара прывяла да разбурэння старога горада, у тым ліку да страты ў 1820 годзе прыхадской царквы Яна Хрысціцеля, пабудаванай у 1135 годзе.

Сучасны перыяд

правіць

Большасць вуліц сучаснага Віндзара спланаваны ў XIX стагоддзі[6]. Аднак галоўная вуліца, Піскад-стрыт, захавалася са старажытных часоў, на некалькі гадоў аперажаючы па ўзросце Віндзарскі замак (упершыню згаданая ў 1170 годзе). Замак, у сваю чаргу, з’яўляецца найбуйнейшым у Еўропе і рэкардсменам па тэрміне пражывання ў ім уладальнікаў.

Пасля пачатку Першай сусветнай вайны каралеўская дынастыя Вялікабрытаніі, якая мела нямецкае паходжанне, з патрыятычных меркаванняў змяніла назву з Саксен-Кобург-Гоцкай на Віндзарскую[7].

Нью-Віндзар быў афіцыйна перайменаваны ў Віндзар у 1974 годзе.

Славутасці

правіць
 
Капэла Сент-Джордж  (англ.)
 
Віндзарская ратуша

Помнікі архітэктуры: Віндзарскі замак (11 ст., перабудаваны ў 1319 стст., захоўваецца калекцыя карцін, габеленаў, зброі і інш.) — летняя рэзідэнцыя англійскіх манархаў, капэла Сент-Джордж  (англ.) (14741528, позняя готыка), ратуша  (англ.) (17 ст.), парк і інш[2].

Зноскі

  1. Виндзор // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
  2. а б в Віндзар // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 4: Варанецкі — Гальфстрым / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 4. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 4).
  3. Old Windsor — Home of Saxon Kings.
  4. Brindle, Steven and Kerr, Brian. (1997) Windsor Revealed: New Light on the History of the Castle. London: English Heritage. ISBN 978-1-85074-688-1. P. 39
  5. St George's Timeline(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 28 верасня 2012.
  6. Windsor: a history and description of the castle and the town. John Stoughton, 1862. London: Ward and Co. (pp. 176—177)
  7. McGuigan, Jim (2001). "British identity and 'people's princess'". The Sociological Review. 48 (1). doi:10.1111/1467-954X.00200. Праверана 7 June 2013.

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць