Комплекс будынкаў БДПУ
Комплекс будынкаў Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка (былога Мінскага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага) у Мінску займае квартал, абмежаваны Савецкай вуліцай, плошчай Незалежнасці і праспектам Незалежнасці.
Заснаваны ў 1922 годзе як педагагічны факультэт БДУ. З 1931 года самастойны інстытут. Галоўны корпус пабудаваны ў 1931 годзе па праекце архітэктараў I. Запарожца і Г. Лаўрова, рэканструяваны ў 1951—1959 гадах па праекце архітэктара Г. Заборскага. Уяўляў трохпавярховы Г-падобны ў плане будынак. Яго галоўны фасад быў упрыгожаны трыгліфным фрызам з алегарычнымі барэльефамі «Атрыбуты навук», порцікам на 8 падвойных калонах. На глухіх плоскасцях сцяны сіметрычна размешчаны ў круглых нішах бюсты В. Р. Бялінскага і К. Дз. Ушынскага. Канферэнц-зала на 600 месцаў на 2-м паверсе, на які вядзе парадная васьмімаршавая лесвіца.
У 1963 і 1964—1966 гадах да галоўнага прыбудаваны вучэбна-лабараторныя карпусы па праекце архітэктара Г. Заборскага, у 1970 годзе — спартыўны корпус па праекце архітэктара В. Марцьянава. У 1986—1988 гадах перад галоўным фасадам старога галоўнага корпуса пабудаваны новы 14-павярховы па праекце архітэктараў І. Марчанкі і В. Нікіціна, арыентаваны па плошчу Леніна. Ён злучаны са старымі карпусамі цэнтральным пераходам і двума бакавымі несіметрычнымі крыламі, якія падтрымліваюцца чатырохграннымі калонамі на ўзроўні 1—2 паверхаў.
На будынку інстытута ўстаноўлена мемарыяльная дошка I. I. Замоціну, на тэрыторыі — помнік студэнтам і выкладчыкам, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну.
Літаратура
правіць- В. Б. Ангелаў. 142з. Будынак Мінскага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — Мінск. — 333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8.