Глагалічны абрад

Глагалічны абрад — літургічная традыцыя ў межах лацінскага абраду Каталіцкай царквы, якая адрозніваецца ад рымскай тым, што замест лаціны ў ёй выкарыстоўваецца царкоўнаславянская мова. Літургічныя кнігі для глагалічнага абраду выдаваліся з выкарыстаннем глаголіцы, адкуль і пайшла яго назва. З часоў Сярэднявечча (першыя ўспаміны абраду адносяцца да X стагоддзя) і да рэформаў 1960-х гадоў глагалічны абрад быў распаўсюджаны ў некаторых рэгіёнах Харватыі (пераважна ўздоўж узбярэжжа і на паўночных астравах) і Чэхіі.

Гісторыя правіць

Глагалічны абрад паўстаў для патрэбаў хрысціянскай місіі Кірыла і Мяфодзія сярод славянаў. Манахі былі запрошаныя з Балканаў вялікамараўскім князем Расціславам у 863 годзе. З дазволу Папы місіянеры пераклалі літургію на старажытную царкоўнаславянскую мову, стварыўшы глагалічны абрад. Для сваіх кніг яны ўклалі асобнае пісьмо, якое назвалі глаголіцай.

У 867 годзе Папа Адрыян II, нягледзячы на супраціў часткі духавенства, зацвердзіў глагалічны абрад на тэрыторыі Маравіі і Паноніі. У пачатку 868 года ў храме Santa Maria Maggiore Адрыян II адслужыў разам з Кірылам і Мяфодзіем імшу ў новым абрадзе. Пасля смерці Кірыла ў 896 годзе Папа ізноў пацвердзіў глагалічны абрад булай Gloria in Excelsis Deo і прызначыў Мяфодзія сваім легатам. Годам пазней Мяфодзій быў арыштаваны па загадзе нямецкіх біскупаў, якія былі супраць новага абраду[1]. Вызвалены ў 873 годзе пасля ўмяшальніцтва Папы Яна VIII, Мяфодзій аднавіў місію ў Маравіі, а ў 880 годзе атрымаў ад Папы пацвярджэнне чарговага прызнання глагалічнага абраду[2]. Вучні Мяфодзія распачалі місійную дзейнасць, папулярызуючы глагалічны абрад на балканскім паўвостраве.

Пасля смерці Мяфодзія ў 885 годе Папа Стэфан V выдаў булу Quia te zelo fidei, у якой асудзіў глагалічны абрад і назваў яго ерэтычным. Вучняў Мяфодзія прагналі з Вялікай Маравіі, а абрад замянілі лацінскім[3]. Выгнаных вучняў прыняў балгарскі цар Барыс I Міхаіл, накіраваўшы іх на пастырскую працу ў сваёй дзяржаве. Сярод іх былі святы Гаразд, Клеменс з Ахрыды, Навум з Ахрыды, Сава і Ангелярый, якія потым былі залічаныя да сямі апосталаў Балгарыі. У 893 годе сінод у Вялікім Праславе устанавіў глагалічную літургію як абавязковую[4]. Дзейнасць вучняў Мяфодзія, сабраных вакол супольнасцяў у Праславе і Ахрыдзе, дала пачатак Балгарскай праваслаўнай царкве, дзе, аднак, адкінулі выкарыстанне глаголіцы і адмовіліся ад рымскай літургіі, пакінуўшы як памяць пра глагалічны абрад толькі ўжыванне ў літургіі старажытнай царкоўнаславянскай мовы.

Глагалічны абрад быў таксама папулярны ў Харватыі. У 925 годзе і на пераломе 927/928 гадоў харвацкі князь Таміслаў склікаў сіноды, якія асудзілі глагалічны абрад[5]. Аднак той застаўся ва ўжытку, а Папа Інакенцій IV у 1248 годзе даў харватам прывілей ужывання славянскай мовы і глагалічнага пісьма ў каталіцкай літургіі[6][7]. У Далмацыі існавала некалькі бенедыктынскіх абацтваў, якія падтрымлівалі глагалічную літургію[8].

У 1347 годзе Карл IV Люксембургскі перавёў законнікаў з горада Сень у Нове-Места. Яны актыўна развівалі перапіс чэшскай рэлігійнай літаратуры на глаголіцы і праводзілі парафіяльную дзейнасць. Іх праца скончылася падчас гусіцкіх войнаў у пачатку XV стагоддзя. З Прагі славянскія бенедыктынцы трапілі на польскія землі і заснавалі кляштар у Алесніцы, а ў 1390 годзе — у Кракаве. Але праз некаторы час абодва прыйшлі ў заняпад[8].

Музыка правіць

Літургічная музыка глагалічнага абраду — гэта сінтэз грыгарыянаскага спеву і мясцовай народнай музычнай традыцыі. У XIX—XX стагоддзях былі напісаныя музычныя творы рамантычнага плану; карыстаецца папулярнасцю «Глагалічная імша» чэшскага кампазітара Леаша Яначэка, якая, аднак, мала падыходзіць для выкарыстання ў літургіі.

Зноскі правіць

  1. S. Rusin, Cyryl i Metody, czyli Msza w języku pogan Архівавана 5 сакавіка 2017., «List. Miesięcznik Katolicki».
  2. Średniowiecze, oprac. M. Salamon, A. Waśko, Kraków 2000, s. 347. ISBN 83-85909-57-5. ISBN 83-85909-48-6.
  3. Novák V., Krótki zarys historii CSRS, Praga 1982, s. 11.
  4. A. Cetnarowicz i in., Europa, Cz. 1, oprac. A. Pankowicz, A. Podraza, Kraków 2001, s. 114. ISBN 83-85909-68-0. ISBN 83-85909-48-6. ISBN 83-7323-025-4.
  5. A. Cetnarowicz i in., Europa, Cz. 1, oprac. A. Pankowicz, A. Podraza, Kraków 2001, s. 132. ISBN 83-85909-68-0. ISBN 83-85909-48-6. ISBN 83-7323-025-4.
  6. Marylin Cvitanic: Culture and Customs of Croatia. Greenwood, 2011, s. 107—108. ISBN 978-0-313-35117-4.
  7. Mitja Velikonja: Religious separation and political intolerance in Bosnia-Herzegovina. 2003, s. 43, seria: Easter European studies. 20. ISBN 1-58544-226-7.
  8. а б Tadeusz M. Trajdos. Fundacja klasztoru benedyktynów słowiańskich na Kleparzu w Krakowie. «Rocznik Krakowski». LIV, s. 73—89, 1988. ISSN 0080-3499.

Спасылкі правіць