Горкха (дзяржава)

Горкха (непальск.: गोर्खा) — гістарычная дзяржава ў Гімалаях, папярэдніца дзяржавы Непал.

Гістарычная дзяржава
Горкха
गोर्खा
1559 — 1768

Форма кіравання манархія
Дынастыя Шах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя правіць

Згодна генеалагічным паданням, дынастыя Шах, што заснавала дзяржаву Горкха, паходзіла з чытаргархскіх раджпутаў. У XVI ст. Куламандан Кханд Шах захапіў невялікую вобласць, населеную кхасамі, у цэнтральным Непале. Яго ўнук Дравія Шах здолеў прыцягнуць на свой бок жыхароў валодання раджпутаў дынастыі Хадка, захапіў яго і заснаваў у 1559 г. на яго месцы Горкху. Назва дзяржавы паходзіла ад наймення пагорка, на вяршыні якога дынастыя Шах узвяла свой палац. У сваю чаргу, пагорак атрымаў найменне ад Гаракшанатха, знакамітага ёга.

У 1743 г. манархам Горкхі стаў славалюбівы Прытхві Нараян Шах. У той час Непал і навакольныя землі былі падзелены на 53 малыя дзяржавы. Прытхві Нараян Шах заваяваў значныя тэрыторыі і ўсталяваў кантроль над шляхамі ў Бенгалію. Згодна звесткам Брытанскай Ост-Індскай кампаніі, у 1750 г. ён узначальваў пяцідзесяцітысячнае войска, узброенае мячамі, лукамі і старымі стрэльбамі. У 1768 г. войска Горкхі атрымала перамогу над неварскай канфедэрацыяй і захапіла даліну Катманду. Прытхві Нараян Шах прыняў тытул самараджы, ва ўспрыманні еўрапейцаў роўны каралеўскаму. Хаця назва Горкха захоўвалася да 1930-х гг., з гэтага моманту прынята адлічваць уласна гісторыю Непала.

Унутраны лад правіць

Дзяржава Горкха з'яўлялася манархіяй, што належала раджпуцкай дынастыі Шах. Хаця найбольш важныя рашэнні манарха звычайна залежалі ад рады прыдворных і сваякоў, фармальна яго ўлада не была абмежавана. Афіцыйнай рэлігіяй быў індуізм.

Пры Прытхві Нараян Шахе дзяржаўнае кіраванне набыло ваенізаваны характар. Войска Горкхі набіралася выключна з прадстаўнікоў кхасаў, магараў, гурунгаў і тхакуры. Частка з іх стала знаходзілася на службе, астатнія далучаліся толькі падчас ваенных кампаній. Вайскоўцы атрымоўвалі ў карыстанне зямельныя надзелы, за якія выплочвалі штогадовы натуральны падатак. Прытхві Нараян Шах лічыў, што яго падданыя павінны былі адрознівацца ваенным гонарам, а не багаццем. Тым не меней, з пашырэннем дзяржаўных межаў плошча надзелаў павялічвалася. Заваяванае насельніцтва трапляла ў прыгон да землекарыстальнікаў-джагірдараў. Яно таксама выконвала іншыя павіннасці на карысць дзяржавы — удзельнічала ў будаўнічых праектах, забяспечвала войска і двор раджы правіянтам і вопраткай, перавозіла грузы і г. д. Пасля смерці Прытхві Нараян Шаха асобныя высакародныя джагірдары здолелі ператварыць надзелы ў сваю сямейную маёмасць, што перадавалася па спадчыне.

Для аховы ўладанняў будаваліся крэпасці. Пры іх знаходзіліся сталыя гарнізоны. Камендант крэпасці выконваў адначасова ваенныя і адміністрацыйныя функцыі, пры гэтым кіраваўся мясцовымі законамі і звычаямі. Агульнадзяржаўнае заканадаўства было прынята толькі ў 1806 г.

Спасылкі правіць