Магары (саманазва मगर जाति) — народ сіна-тыбецкага паходжання. Жывуць пераважна ў Непале і суседніх раёнах Індыі, таксама ў Бутане і Бангладэш. Вобласць, населеная магарамі, традыцыйна мае назву Магарат. Агульная колькасць (2022 г.) — 2 187 400 чалавек[1].

Магары
(मगर जाति)
Агульная колькасць 2187400
Рэгіёны пражывання Гімалаі
Мова магарскія мовы
Рэлігія індуізм, будызм
Блізкія этнічныя групы бхотыя, кіраты, тыбетцы, лепча, таму

Гісторыя правіць

Згодна з вуснымі паданнямі саміх магараў, яны паходзяць з поўначы Непала, куды іх продкі маглі перасяліцца з суседняга Тыбета. Першыя пісьмовыя ўзгадкі пра іх з’явіліся ў перыяд сярэднявечча. Да XVI ст. яны стварылі каля 12 дзяржаўных аб’яднанняў, якія кантралявалі тэрыторыі ад усходніх ускраін даліны Катманду да поўдня Сікіма.

У XVII ст. магарскія манархі пацярпелі шэраг ваенных паражэнняў і страцілі сваю значнасць. Тым не меней, у раёнах, дзе быў распаўсюджаны індуізм, магарскія брахманы захоўвалі значны ўплыў, у прыватнасці, у дзяржаве Горкха. Прытхві Нараян Шах, раджа Горкхі і першы кароль Непала, быў духоўным вучнем святога Лаханы Тхапа, магара па паходжанню. Ён вылучыў магараў як адну з чатырох груп насельніцтва сваіх валоданняў, якая мела права служыць у войску і атрымоўваць зямельныя надзелы. Дзякуючы гэтаму многія магары здолелі значна падвысіць свой сацыяльны статус. Пазней магары складалі значную частку афіцэраў непальскай арміі, служылі наёмнікамі-гуркхамі.

Культура правіць

Магары звычайна селяцца ў субтрапічнай горнай зоне з даволі сухім кліматам. Асноўным заняткам з’яўляецца сельская гаспадарка. Вырошчваюць рыс, кукурузу, цукровы трыснёг, бабовыя, грэчку, тытунь, садавіну. Трымаюць буйвалаў, кароў, авечак, радзей — курэй і свінняў, некаторыя займаюцца пчалярствам. Рост насельніцтва перавышае рост прадукцыйнасці, таму многія магары становяцца адыходнікамі, шукаюць працу ў гарадах або нават у суседніх краінах. Найважнейшай крыніцай даходу з’яўляецца служба ў арміі. Выхадцы з Непала часцяком служаць у гуркхскіх фарміраваннях Індыі і Вялікабрытаніі. Шырока распаўсюджана ткацтва, якім займаюцца жанчыны.

У мінулым магары сяліліся ў асобных вёсках. У наш час аддаюць перавагу буйным вясковым паселішчам, дзе імкнуцца гуртавацца разам. Жытлы маюць розныя формы, узводзяцца з камянёў і гліны, крыюцца саломай. Знутры вылучаецца вялікі цэнтральны пакой з агменем, паабапал яго ладзяць два спальныя пакоі. Большасць хацін мае веранду. Сямейны двор можа ўключаць хлеў для буйвалаў і іншай жывёлы, свіран для збожжа, драўляную горку для сушкі кукурузы.

Традыцыйная вопратка мужчын складаецца з насцегнавой повязі, прапушчанай пад пахам, і кавалка тканіны бхота, які завязваецца на грудзях. Жанчыны апранаюць кашулю, што ўтрымліваецца з дапамогай пояса, і шаль муджэтра. Прадстаўнікі абодвух полаў носяць шматлікія дадатковыя ўпрыгожванні.

Пераважаюць вялікія пашыраныя сем’і на чале са старэйшым мужчынам. Сярэдні шлюбны ўзрост хлопцаў — 25 гадоў, дзяўчын — ад 20 да 25 гадоў. Большасць шлюбаў заключаецца па дамове паміж бацькамі. У мінулым таксама практыкаваліся выкраданне нявесты або сумесныя ўцёкі маладых. У апошнім выпадку муж ішоў на ваенную службу і атрымоўваў у карыстанне надзел зямлі. Да сталення дзяцей яго асабістая сям’я мела нуклеарны характар. У нашы дні наяўнасць пашыраных сем’яў гарантуе ўзаемадапамогу і дадатковыя прыбыткі ў выглядзе заробкаў адыходнікаў. Малыя хлопчыкі захоўваюць асаблівыя адносіны не толькі з родным бацькам, але і з братамі маці. Ва ўзросце 5 гадоў яны праходзяць цырымонію галення валасоў. Яна суправаджаецца запрашэннем сваякоў з боку маці, сямейным святам і падарункамі.

Фальклор адметны генеалагічнымі паданнямі, шматлікімі казкамі і легендамі. Традыцыйныя святы прысвечаны рэлігійным падзеям і гадавому земляробчаму цыклу.

Мовы правіць

Магары размаўляюць на 3 асобных магарскіх мовах, якія адносяцца да сіна-тыбецкай групы. У Непале шырока распаўсюджана непальская мова.

Рэлігія правіць

Магары захоўваюць некаторыя старажытныя вераванні, заснаваныя на шанаванні шаманаў дзагар. Большасць вернікаў спавядае індуізм, прытрымліваецца традыцый касты бахун. На ўсходзе Непала, у Сікіме і Бутане значная частка вернікаў спавядае будызм.

Зноскі

Спасылкі правіць