Грынька Валовіч
Грынька Валовіч (да 1429 — паміж 1481—1486) — канюшы гаспадарскі (да 1451 — пасля 1459), намеснік трубчэўскі[1] (1459 — паміж 1481—1486).
Грынька Валовіч | |
---|---|
Нараджэнне | не пазней за 1429 |
Смерць | не раней за 1481 і не пазней за 1486 |
Род | Валовічы |
Дзеці | Ходка Грынькавіч Валовіч[d] |
Дзейнасць | дзяржаўны служачы |
Магчыма, бацькам Грынькі быў Вол, які быццам загінуў пад Вількамірам у 1435 годзе, болей пра яго нічога не вядома і рэальнасць асобы не пэўная[2], а дзядзькам — Некраш, які валодаў землямі ў Маркаве і Жаслаўі, ён памёр або загінуў у 1453—1454 гадах і нашчадкаў не пакінуў, бо маёнткі перайшлі Грыньку[3]. Магчыма, Вол — мянушка асобы, вядомай пад іншым свецкім імем[2]. Рымвідас Пятраўскас згадвае нейкага Некраша Валовіча, намесніка ваўкавыскага ў 1440—1443 гадах[3], але яго сувязь з Валом, Некрашам і Грынькам не ясная.
Кар’еру пачаў пры двары вялікага князя Казіміра не пазней за 1443 год, пра што сведчаць запісы ў Кнізе данін. Тытулаваўся панам, быў вялікакняжацкім канюшым прынамсі ў 1451—1459 гадах.[3]
Пэўны час знаходзіўся ў Луцку, быў прадстаўніком караля Казіміра пры двары вялікага князя Свідрыгайлы і ў Валынскай зямлі агулам. Пасля смерці Свідрыгайлы ў 1452 годзе, намаганнямі Грынькі Валынская зямля засталася ў складзе Вялікага княства Літоўскага.[3]
Паводле гербавай легенды роду Валовічаў, Грынька ўдзельнічаў у бітве з крыжакамі пад Хойніцамі ў 1454 годзе і быў сярод тых, хто выратаваў караля Казіміра.[4]
Засядаў у гаспадарскім судзе. Прынамсі вядомы яго ўдзел у разглядзе справы паміж Марыяй Іванаўнай з Чарэйскіх, удавой князя Андрэя Уладзіміравіча, і яе пляменніцай Марыяй Сенькаўнай з Чарэйскіх за правы на маёнтак Палоннае. Судовы запіс датаваны 7-м індыктам, то-бок 1459 або 1474 годам, даследчыкі болей схіляюцца да 1459 года.[5]
У 1475 годзе ўрад канюшага гаспадарскага перададзены Богушу Міцуту.[5]
У 1443—1461 гадах вялікі князь Казімір надаў Грыньку Валовічу землі і людзей у Гарадзенскай, Маркаўскай і Мерацкай воласцях, а менавіта непасрэдна ў Маркаве, Жаслаўі, Кузнанцах, Красным Сяле, Перавалцы[5] і Высокім Двары[6]. Часова трымаў гаспадарскія маёнткі Мышава ва Уладзімірскім і Ваганава ў Берасцейскім павеце[6]. Ад вялікага князя Свідрыгайлы граматай ад 24.9.1451 года атрымаў на вечнасць сяло Храпіна паблізу Гліннага ў Тураўскай воласці за «знакамітую службу каралю і нам ніколі не замешканую»[6].
У шлюбе з невядомай імем жонкай меў сына Ходку[6] і, магчыма, Цішку[7].
Нейкі Цішка Грынькавіч у 1480-1490-я гады меў «двор» у Гарадзенскім павеце і згаданы толькі аднойчы ў 1496 годзе як баярын пана Аляксандра Хадкевіча. Сувязь гэтага Цішкі з Грынькам Валовічам няпэўная, але ў памянніку Валовічаў, запісаным у 1570-я гады ў Супральскім манастыры, спіс асоб пачынаецца з «Цімафея, Феадора, інакі Феклы, Грыгорыя…», на думку даследчыкаў, Грыгорый адпавядае Грыньку Ходкавічу, Феадор — Ходку Грынькавічу, Цімафей — наўрад ці Грыньку Валовічу, а, магчыма, яго сыну Цішку, старэйшаму брату Ходкі.[7]
Зноскі
- ↑ Валовічы, 2014, с. 23-24
- ↑ а б Валовічы, 2014, с. 22
- ↑ а б в г Валовічы, 2014, с. 26
- ↑ Валовічы, 2014, с. 26-27
- ↑ а б в Валовічы, 2014, с. 27
- ↑ а б в г Валовічы, 2014, с. 28
- ↑ а б Валовічы, 2014, с. 29-30
ЛітаратураПравіць
- Валовічы ў гісторыі Вялікага княства Літоўскага XV―XVIII стст. / Цэнтр генеалагічных даследаванняў, «Музей "Замкавы комплекс "Мір"» ; [складальнік А. М. Янушкевіч ; навуковы рэдактар А. І. Шаланда]. — Мн.: Медысонт, 2014. — 506 с. — 500 экз. — ISBN 978-985-7085-36-1.