Гісторыя футбола

Гісторыя футбола, а дакладней гісторыя гульні, якая падобная на сучасны футбол, бярэ свой пачатак яшчэ з антычных часоў. У Еўропе гульні з мячом набылі асаблівую папулярнасць у сярэднявечнай Англіі. Сучасны футбол сфарміраваўся са стварэннем Футбольнай асацыяцыі Англіі ў Лондане, Велікабрытанія, у 1863 годзе як вынік шматлікіх намаганняў па стандартызацыі розных формаў гульні. Гэта дазволіла клубам праводзіць матчы па ўніфікаваных правілах, якія з часам набылі ўсеагульнае прызнанне.

Узнікненне гульні ў мяч

правіць

Рытуальныя гульні з мячом некалі былі распаўсюджаны на ўсіх кантынентах. Старажытныя скураныя мячы былі знойдзены пры раскопках у Егіпце і Грэцыі. Згодна паданняў антычнасці, першы мяч дала Эрасу багіня Афрадыта, сказаўшы яму такія словы: «Я даю табе цудоўную цацку: гэта шар хутка лятучы, іншай лепшай забавы табе не здабыць з рук Гефеста». У залежнасці ад рытуалу мяч мог сімвалізаваць і Сонца, і Месяц, і Зямлю, і нават палярнае ззянне.

У Аўстраліі мячы рабілі са шкур сумчатых пацукоў, мачавых пузыроў буйных жывёл, са скручаных валасоў. Кітайцам была вядома гульня цуцзю («штурхаць нагой»), якая ўваходзіла ў абавязковую праграму фізічнай падрыхтоўкі салдат. Згадкі пра цуцзю адносяцца да II стагоддзя да н.э. ФІФА ў 2004 годзе прызнала, што кітайскі варыянт футбола — самы старажытны[1].

У індзейцаў лакота гульня ў мяч называлася Тапа Банка Яп («кіданне мяча»). Яна з’явілася дзякуючы бачанню правадыра Уаскн Мані (які ідзе ў руху). Першапачаткова гэта гульня была накіравана на працвітанне племені. Для абраду неабходна была працяглая падрыхтоўка, на працягу якой будаваўся алтар, які сімвалізаваў цэнтр Зямлі.

У Італіі гулялі ў кальчо. Гэта гульня можа лічыцца галоўным продкам футбола, таму што ў ёй былі і нападаючыя, і абаронцы, і форварды, і суддзі.

У 1313 і 1314 гадах выйшлі ўказы англійскага караля Эдуарда II, якія забаранялі ў Лондане некантраляваную і небяспечную гульню, якая збірала вялікую колькасць людзей і заканчвалася шматлікімі пашкоджаннямі. Усяго да 1667 года ў Англіі выйшлі больш за 30 каралеўскіх указаў, якія ў тым ці іншым выглядзе забаранялі гульню ў футбол. Футбол (англ. football) станавіўся ўсё больш папулярным у Брытаніі, футбалістам быў, у прыватнасці і сам, англійскі кароль Генрых VIII. Аб гульні згадвалі ў сваіх творах пісьменнікі XV—XVIII стагоддзяў такія як, Джуліян Барнс і Філіп Сідні, драматургі Джон Дэй і сусветна вядомы Уільям Шэкспір (у п’есах «Кароль Лір» і «Камедыя памылак»).

Арганізацыя футбола

правіць

Увядзенне ўніфікаваных правілаў гульні

правіць

Кембрыджскія правілы, першы ўніфікаваны збор футбольных правілаў, які быў складзены ў Кембрыджскім універсітэце ў 1848 годзе. Стваральнікі Кембрыджскіх правілаў імкнуліся распрацаваць гульню, якая падыходзіла для студэнтаў, якія гулялі ў розныя формы гульні з мячом у прыватных школах. Да таго ж, амаль кожная школа і кожны футбольны клуб мелі свае ўласныя зборы правілаў. Адны правілы дапускалі вядзенне і перадачу мяча рукамі, іншыя — забаранялі; у адных камандах колькасць гульцоў абмяжоўвалі, у іншых — не абмяжоўвалі; ў адных камандах дазвалялася штурхаць, рабіць падсечкі і біць саперніка па нагах, у іншых гэта было забаронена. Такім чынам, англійскі футбол знаходзіўся ў хаатычным стане. У 1848 годзе была зроблена першая сур’ёзная спроба выпрацаваць універсальны збор футбольных правілаў. Г. дэ Уінтан і Джон Чарлз Трынг з Кембрыджскага ўніверсітэта сустрэліся з прадстаўнікамі прыватных школ Ітана, Хероў, Шрусберы, Рэгбі і Вінчэстара з мэтай сфармуліраваць і прыняць збор адзіных правілаў. Дыскусія працягвалася 7 гадзін і 55 мінут, у выніку якой быў апублікаваны дакумент пад назвай «Кембрыджскія правілы». Іх запазычылі многія каманды ў раёне Кембрыджа, але ўсеагульнага прызнання яны не атрымалі. Тым не менш, Кембрыджскія правілы сталі першымі распрацаванымі футбольнымі правіламі і прадвеснікамі сучаснага футбола. Яны адыгралі значную ролю ў фарміраванні сучасных футбольных правілаў.

У 1863 годзе Эбенізер Коб Морлі, адвакат з горада Кінгстан-апон-Хал, апублікаваў артыкул у газеце Белз лайф з прапановай стварыць кіруючы орган футбола. Ідэю Морлі падтрымалі кіраўнікі іншых футбольных клубаў, у выніку чаго такі кіруючы орган быў створаны. Морлі прымаў удзел у складанні першых Правілаў гульні ў футбол. Менавіта таму яго лічаць не толькі бацькам Футбольнай Асацыяцыі, але і бацькам футбола[2]. Морлі стаў першым сакратаром Футбольнай асацыяцыі Англіі (1863—1866) і другім яе прэзідэнтам (18671874).

26 кастрычніка 1863 г. прадстаўнікі шэрагу футбольных клубаў сустрэліся ў карчме Муляроў (Freemasons 'Tavern) у Лондане. Гэта было першае пасяджэнне Футбольнай асацыяцыі, першы афіцыйны футбольны орган. Па выніках сустрэчы ўдзельнікі пасяджэння звярнуліся з заклікам да прадстаўнікоў іншых прыватных школ Англіі далучыцца да асацыяцыі. За выключэннем Апінгема (Uppingham school), астатнія школы адмовіліся. Усяго было праведзена 6 сустрэчаў Футбольнай асацыяцыі з кастрычніка па снежань 1863 года. Найбольш прымальнымі для Асацыяцыі з’явіліся Кембрыджскія правілы, якія і былі прыняты за аснову 1 снежня 1863 года. Правілы забаранялі футбалістам перамяшчацца па полі з мячом у руках, блакіроўкі, штуршкі, падножкі і падсечкі, нанясенне ўдараў па нагах. Большасць дэлегатаў клубаў падтрымалі гэту прапанову за выключэннем Фрэнсіса Кэмпбела, прадстаўніка футбольнага клуба Блэкхет і першага кіраўніка фінансамі Футбольнай асацыяцыі. Падчас шостага і заключнага пасяджэння 8 снежня 1863 года, Фрэнсіс Кембелл паведаміў прысутным, што хоць футбольны клуб Блэкхет і зацвердзіў прынцыпы Асацыяцыі, але ён не можа пагадзіцца гуляць па новых правілах, якія забараняюць падножкі, падсечкі, і абвясціў аб выхадзе з арганізацыі. Па выніках сустрэчы 8 снежня Футбольная Асацыяцыя апублікавала Правілы гульні ў футбол, першы падрабязны пералік правілаў, які пазней стаў вядомы пад назвай футбол.

Прынятыя членамі ФА Правілы гульні ў футбол вызначалі максімальную шырыню і даўжыню поля, працэдуру пачатку гульні з цэнтра поля, тлумачылі розныя тэрміны, уключаючы ўзяцце брамы, укідванні мяча ў гульню, становішча па-за гульні. Дотык да мяча і перадача мяча рукамі дазвалялася пры ўмове, што яго зловяць пасля першага адскоку. Нягледзячы на ўдакладненне характарыстык абутку (забаранялася нашэнне абутку з металічнымі шыпамі), не было канкрэтных правілаў па колькасці гульцоў, выканання пенальці, штрафных удараў, парушэнняў гульні або памераў футбольнага мяча. Капітанам абедзвюх каманд неабходна было ўзгадняць гэтыя моманты перад пачаткам кожнага матча.

Устаноўленыя ФА правілы хутка ўступілі ў дзеянне, да якіх далучыліся клубы Шэфілд і Нотынгем. На працягу наступных двух гадоў далучыліся Чэстэрфілд і Стоўк. Зрэшты, ФА ў першыя дзесяць гадоў свайго існавання была не такая ўжо папулярная. За гэты перыяд у яе ўвайшло ўсяго 18 клубаў.

Першы афіцыйны турнір

правіць

У 1867 годзе быў уведзены першы ў свеце, як мяркуюць, афіцыйны футбольны турнір, кубак Юдана, найстарэйшы трафей, які існуе ў футболе, названы ў гонар мясцовага футбольнага энтузіяста і ўладальніка тэатра Томаса Юдана. Спаборніцтвы праводзіліся ў два этапы. У першым праводзіліся стыкавыя матчы, г.зн. каманда, якая прайгравала, выбывала са спаборніцтва. У фінале сустрэліся тры каманды, якія згулялі па дзве сустрэчы паміж сабой па чарзе. На фінальнай стадыі турніру Хала нанёс два паражэнні клубам Норфалк і Макензі і атрымаў галоўны трафей. Другое месца заняў клуб Норфалк, які нанес паражэнне Макензі.

Першы Кубак футбольнай Асацыяцыі

правіць

20 ліпеня 1871 Чарлз Алкок выступіў з прапановай правядзення першага розыгрышу Кубка паміж членамі ФА. Кубак футбольнай Асацыяцыі ці, як яшчэ яго называюць, Кубак Англіі, хутка набыў папулярнасць і праз некалькі гадоў усе клубы Англіі імкнуліся прыняць удзел у гэтых спаборніцтвах. Для гэтага яны павінны былі прыняць правілы ФА, што спрыяла хуткаму распаўсюджванню ўніверсальных футбольных правілаў. Гэтыя базавыя правілы сталі агульнапрызнанымі футбольнымі правіламі і сёння.

Першы турнір на Кубак Футбольнай Асацыяцыі Англіі быў праведзены ў 18711872 гадах. Каманда Куінс Парк у паўфінале першага розыгрышу Кубка Англіі згуляла ў нічыю з Уандэрэрс. У той перыяд правілы не прадугледжвалі дадатковы час або выкананне 11-метровых удараў для вызначэння пераможцы. Футбольны клуб Куінс Парк не здолеў знайсці грошы на паўторную паездку ў Лондан, і быў вымушаны зняцца са спаборніцтваў. Гэты выпадак паспрыяў фарміраванню Футбольнай асацыяцыі Шатландыі, хоць у далейшым Куінс Парк працягваў удзельнічаць у спаборніцтвах Кубка Англіі і нават двойчы выходзіў у фінал, пакуль у 1887 годзе ФА Шатландыі забараніла сваім клубам удзельнічаць у іх.

У фінале розыгрышу першага Кубка Англіі ў прысутнасці 2000 балельшчыкаў сустрэліся каманды Уандэрэрс і Роял Інджынерс. Каманда Роял Інджынерс лічылася фаварытам гэтай сустрэчы, аднак адзін з гульцоў гэтай каманды атрымаў траўму і вымушаны быў пакінуць поле яшчэ ў пачатку гульні. Паколькі замен у тыя часы яшчэ не праводзілі, каманда гуляла ў меншасці і ў канчатковым выніку прайграла камандзе Уандэрэрс з лікам 1-0. У наступныя некалькі гадоў Кубак Англіі выйгравалі каманды Олд Эстоніянс, Уандэрэс, Роял Інджынерс і Оксфард Юніверсіці.

Першы рэгулярны чэмпіянат

правіць

У 1888 годзе па ініцыятыве менеджара футбольнага клуба Астан Віла Уільяма Мак-Грэгары, быў заснаваны першы рэгулярны чэмпіянат па футболе. Ад імені свайго клуба МакГрэгар звярнуўся з прапановай да астатніх 11 вядучых клубаў краіны. Арганізацыйнае пасяджэнне прайшло ў Лондане 22 сакавіка 1888 года. Асноўная праблема ў арганізацыі чэмпіянату складалася ў тым, што ў выпадку паражэння на пачатковых этапах турніру каманды заставаліся без гульнявой практыкі амаль што на цэлы год, у выніку чаго яны неслі вялікія фінансавыя страты і гублялі балельшчыкаў. Усе пытанні канчаткова былі ўрэгуляваны 17 красавіка 1888 года ў Манчэстэры. Так з 12 клубаў утварылася Футбольная ліга Англіі, ініцыятарам заснавання якой стаў футбольны клуб Астан Віла.

МакГрэгар галасаваў супраць назвы Футбольная ліга, паколькі быў занепакоены тым, што яна будзе выклікаць асацыяцыі з Ірландскай нацыянальнай зямельнай лігай, але за такую назву прагаласавала большасць прысутных. Ліга гарантавала графік правядзення спаборніцтваў і членства ў ёй футбольных клубаў. Клубы былі падзеленыя пароўну паміж камандамі паўночных і цэнтральных графстваў Велікабрытаніі. Ліга не ўключыла каманды з паўднёвых графстваў, гульня ў футбол якіх знаходзілася на аматарскім узроўні.

Канкурэнт Футбольнай лігі пад назвай Футбольны альянс функцыянаваў з 1889 па 1892 гады. Альянс быў таксама сфарміраваны 12-ю клубамі ў якасці альтэрнатывы Футбольнай лізе. У 1892 годзе было прынята рашэнне аб афіцыйным зліцці дзвюх ліг, у выніку чаго быў сфарміраваны Другі дывізіён Футбольнай лігі, які складаўся ў асноўным з клубаў Футбольнага альянсу. Існуючая Футбольная ліга плюс тры найбольш моцныя клубы Альянсу сфарміравалі Першы дывізіён Футбольнай лігі.

Арганізацыя міжнародных спаборніцтваў

правіць

Першая міжнародная гульня адбылася ў Шатландыі 30 лістапада 1872 г.. Чарлз Алкок, які быў абраны кіраўніком ФА ва ўзросце 28 гадоў, выступіў з ідэяй арганізацыі правядзення міжнародных спаборніцтваў. Таксама ен заснаваў штогадовыя сустрэчы паміж нацыянальнымі зборнымі Англіі і Шатландыі. У 18701871-х ён размясціў рэкламныя аб’явы ў газетах Эдынбурга і Глазга, прапаноўваючы футбалістам правесці міжнародны матч паміж зборнымі дзвюх краін. Аднак належнай падтрымкі такая прапанова ў Шатландыі не атрымала. Па гэтай прычыне ў 1870 і 1871 гадах былі праведзены матчы, у якіх зборнай Англіі супрацьстаялі шатландцы, якія пражывалі выключна ў Англіі.

У 1872 годзе згуляць з футбалістамі зборнай Англіі пагадзіўся шатландскі клуб Куінс Парк. Першы міжнародны матч, прызнаны ФІФА як афіцыйны (які адбыўся 30 лістапада 1872 года ў Глазга, Шатландыя) скончыўся ўнічыю, паклаўшы гісторыю правядзення міжнародных матчаў паміж нацыянальнымі зборнымі. Другая гульня паміж дзвюма камандамі, 8 сакавіка 1873, скончылася з лікам 4-2 на карысць Англіі, затым шатландцы перамаглі ў наступнай сустрэчы 2-1. Чацвёртая гульня скончылася нічыёй 2-2, пасля якой Шатландыя выйграла тры матчы падрад.

Першы не еўрапейскі міжнародны футбольны матч адбыўся 28 Лістапада 1885 ў горадзе Ньюарк, Нью-Джэрсі паміж зборнымі ЗША і Канады, канадцы перамаглі 1-0.

З’яўленне прафесійнага футбола

правіць

Калі футбол набіраў папулярнасць у 1870-х і 1880-х, прафесіянальныя футбалісты не мелі права выступаць у Футбольнай асацыяцыі Англіі і Шатландыі. У пачатку 1880-х, калі футбольны клуб Уандэрэрс быў расфарміраваны і спыніў сваё існаванне, на поўначы Англіі каманды пачалі наймаць гульцоў, якіх называлі «футбольнымі спецыялістамі» (professors of footbal), пераважная большасць якіх былі з Шатландыі. Так футбол пачаў паступова пераходзіць на прафесійныя рэйкі. Клубы з паўночнай Англіі пачалі выплачваць футбалістам грашовае ўзнагароджанне і каманды пачалі паступова пераважаць у класе аматараў з поўдня. Блэкберн Роверс стаў першым клубам з поўначы, які дайшоў да фіналу Кубка Англіі ў 1882 годзе і саступіў Олд Эстоніянс, апошні аматарскі клуб, які выйграў трафей.

Каб не дапусціць выкарыстанне прафесіянальных футбалістаў, у 1882 годзе да правілаў ФА, было дабаўлена яшчэ адно: "Кожны гулец клуба, які атрымлівае ўзнагароду ў любой форме або грашовую кампенсацыю… аўтаматычна адхіляецца ад удзелу ў спаборніцтвах на Кубак, у любых спаборніцтвах пад эгідай ФА, і ў міжнародных турнірах. Клуб, які наняў такога гульца, аўтаматычна выключаецца з Асацыяцыі ".

У пачатку 1884 года, пасля матчу чацвёртага раунда розыгрышу Кубка Футбольнай асацыяцыі, клуб «Аптан Парк» з Лондана падаў пратэст, сцвярджаючы, што за клуб «Прэстан Норт Энд» выступалі прафесіяналы. Уільям Садэл, прэзідэнт і менеджар «Прэстана», публічна прызнаў, што яго клуб плаціць сваім гульцам, але пры гэтым заявіў, што можа даказаць, што падобная практыка існуе амаль ва ўсіх найбуйнейшых клубах Ланкашыр і цэнтральных графствах Англіі.

Шчырыя заявы Садэла прымусілі кіраўніцтва Асацыяцыі ўсвядоміць новыя рэаліі. Вядучыя футбольныя клубы патрабавалі ад Футбольнай асацыяцыі прызнаць права футбалістаў атрымліваць грашовае ўзнагароджанне ў англійскім футболе, кульмінацыяй чаго стала пасяджэнне 20 ліпеня 1885, пасля якога было абвешчана, што «легалізацыя выкарыстання прафесійных футбалістаў будзе служыць інтарэсам Асацыяцыі футбола, але толькі пры некаторых умовах». Хоць і з пэўнымі абмежаваннямі, прафесійны футбол быў легалізаваны.

Зноскі

Спасылкі

правіць