Дзяржава тараскаў або Дзяржава Тараска — зніклая дзяржава, якая існавала ў дакалумбавай Месаамерыцы, і тэрыторыя якой прыкладна супадала з тэрыторыяй сучаснага мексіканскага штата Мічаакан. К часу іспанскага заваявання Тараска была другой па велічыні дзяржавай на тэрыторыі сучаснай Мексікі.

Каганец для ладана з выявай бажства ў «галаўным уборы Тлалок», 1350—1521 гг. н. э.

Дзяржава была заснавана ў пачатку XIV стагоддзя народам пурэпеча і была падначалена іспанцамі у 1530 г. Беспаспяховае паўстанне супраць іспанцаў падняла дачка апошняга кіраўніка, прынцэса Эрэндыра. У 1543 г. на яго тэрыторыі створана іспанскае губернатарства Мічаакан (на мове науатль гэта слова, якім ацтэкі называлі дзяржаву Тараска, азначала «месца тых, у каго ёсць рыба»). На мове пурэпеча, стваральнікаў дзяржавы, іх краіна звалася Iréchecua Tzintzuntzáni, гэта значыць «землі Цынцунцана».

Разам з пурэпеча, якія складалі большасць у дзяржаве, у ёй таксама пражывалі народы нахуа, атамі, матлацінка і чычымекі. Гэтыя народы паступова асіміляваліся, увайшлі ў склад пурэпеча.

Дзяржава Тараска складалася з сеткі падданых правінцый і паступова стала моцна цэнтралізаванай, на чале з «каконці», царом краіны. Сталіца Тараска знаходзілася ў горадзе Цынцунцан на беразе возера Пацкуара. Паводле падання, горад заснаваў першы «каконці», якога звалі Тарыакуры. У горадзе правіла дынастыя Уакусеча («арлы» на мове пурэпеча).

Грозным супернікам Тараска была імперыя ацтэкаў, з якой вяліся працяглыя вайны. Дзяржава Тараска блакавала экспансію ацтэкаў на паўночным захадзе, умацавала і добра ахоўвала свае межы з ацтэкамі.

З-за сваёй адноснай ізаляванасці ў Месаамерыцы Тараска мела мноства культурных рыс, зусім адрозных ад іншых культур дадзенага рэгіёна. Тараска — адна з нешматлікіх месаамерыканскіх дзяржаў, дзе метал выкарыстоўваўся для гармат і ўпрыгажэнняў.

ГеаграфіяПравіць

Тэрыторыя, дзе ўтварылася дзяржава тараскаў, уяўляе сабой высакагорны вулканічны рэгіён, які ўтварае заходнюю частку гор Меса-Сентраль ў Мексіцы паміж дзвюма вялікімі рэкамі, Лерма і Бальсас. Рэгіён уключае ўмераную, субтрапічную і трапічную кліматычныя зоны, з кайназойскімі вулканічнымі гарамі і горнымі азёрамі на вышыні больш чым 2000 метраў над узроўнем мора, аднак у паўднёва-заходняй прыбярэжнай частцы ёсць і больш нізкія вобласці. Найбольш распаўсюджаныя тыпы глебы на цэнтральным плато — маладыя вулканічныя андасолі, лувісолі і менш урадлівыя акрысолі. Расліны — у асноўным хвоі і елкі. На поўначы каля ракі Лерма маецца вялікая колькасць абсідыяну, тэрмічныя крыніцы.

Дзяржава тараскаў узнікла на ўзбярэжжы возера Пацкуара.

Гісторыя дзяржавы ТараскаПравіць

 
Разваліны Цынцунцана, сталіцы дзяржавы Тараска

Раннія археалагічныя сведчанніПравіць

Будучая тэрыторыя Тараска была населена як мінімум з пачатку дакласічнага перыяду паводле месаамерыканскай храналогіі. Выяўленыя сведчанні ранелітычнага перыяду да 2500 г. да н. э., такія, як флейтападобныя кідальныя прылады і каменны посуд. Найбольш старажытныя археалагічныя стаянкі датуюцца каля 1200 да н. э. Найбольш вядомай археалагічнай культурай дакласічнага перыяду з’яўляецца культура Чыпукуара. Стаянкі культуры Чыпукуара выяўленыя ў асноўным на астравах возера, што можа гаварыць аб іх сувязі з больш позняй культурай тараскаў (пурэпеча). З часу ранняга класічнага перыяду ў мічааканскім рэгіёне пачынаюць з’яўляцца стадыёны для гульні ў мяч і іншыя прадметы, якія сведчаць аб уплыве Тэатыўакана.

Этнагістарычныя крыніцыПравіць

Найбольш карыснай з этнагістарычных крыніц з’яўляецца «Паведамленне з Мічаакана»[es] (ісп.: Relación de Michoacán), якое склаў каля 1540 францысканскі святар Фрай Хераніма дэ Акала. Гэты дакумент змяшчае пераклады і пераказы хронік дзяржавы тараскаў, запісаныя са слоў мясцовай знаці. У дакуменце падрабязна апісваецца не толькі гісторыя дзяржавы, але таксама рэлігія і грамадскі лад. На жаль, першая частка дакумента захавалася толькі часткова. Сярод іншых крыніц можна згадаць шэраг кароткіх ілюстраваных рукапісаў, з якіх найбольш вядомай з’яўляецца Lienzo de Jucutacuto.

Заснаванне і пашырэннеПравіць

Познекласічны перыяд месаамерыканскай храналогіі на берагах возера Пацкуара пасяліліся як мінімум два народы, не роднасныя пурэеча: носьбіты мовы науатль — у Харакуара, і некаторыя чычымекскія культуры — на паўночных берагах.

Згодна з «Паведамленнем з Мічаакана», правадыр-прарок народа пурэпеча, якога звалі Тарыакуры, вырашыў аб’яднаць абшчыны, якія пражывалі на берагах Пацкуара, у адзіную моцную дзяржаву. Каля 1300 г. ён распачаў першы заваявальны паход, і прызначыў сваіх сыноў Хірыпана і Тангашаана (Тангашуана) кіраўнікамі гарадоў Іўатцыё і Цынцунцана адпаведна, а сам кіраваў у Пацкуары. Пасля смерці Тарыакуры (каля 1350), яго дынастыя кантралявала ўсе буйныя цэнтры вакол возера Пацкуара. Яго сын Ірыпан (Hiripan) працягнуў экспансію ў раён возера Куітцэа.

Ірыпан, а пазней яго брат Тангашуан I пачалі насаджаць сістэму даніны і кансалідаваць сваю імперыю. Яны стварылі развітую сістэму бюракратыі і падзялілі паміж прадстаўнікамі шляхты вобласці імперыі і права на збор падаткаў. У наступныя гады ў дзяржаву былі ўключаныя спачатку горныя рэгіёны (Сьера-Тараска), затым рэгіён каля ракі Бальсас.

У гады праўлення каконці Цыцыпандакуарэ адбылося заваяванне некалькіх рэгіёнаў, якія, аднак, былі ізноў страчаныя ў выніку нападу ацтэкаў. У 1460 дзяржава тараскаў дасягнула ўзбярэжжа Ціхага акіяна ў раёне цяперашняга горада Сакатула (Zacatula), распаўсюдзілася да даліны Талука, а ў паўночнай частцы дасягнула тэрыторыі цяперашняга штата Гуанахуата. У 1470-я гг. ацтэкі пад кіраўніцтвам Ашаякатля захапілі шэраг прыгранічных тараскавых гарадоў і ўшчыльную падышлі да цэнтра дзяржавы, аднак у рэшце рэшт былі разгромленыя. Вопыт гэтай вайны прымусіў кіраўніка Тараска яшчэ больш умацаваць мяжу з ацтэкамі шляхам збудавання ваенных цэнтраў. Ён таксама дазволіў родам атамі і матлацынка, якіх ацтэкі выгналі з родных зямель, пасяліцца на прыгранічных тэрыторыях пры ўмове, што тыя будуць прымаць удзел у абароне тарасксавых зямель. Пачынаючы з 1480 ацтэкскі кіраўнік Аўіцотль узмацніў барацьбу з тараскамі. У нападах на землі тараскаў удзельнічалі і іншыя народы — саюзнікі ацтэкаў — такія, як матлацінка, чанталі і куітлатэкі. Тараскі на чале з каконці Суангуа адбілі атакі, аднак пашырэнне дзяржавы тараскаў затармазілася да прыбыцця іспанцаў праз два гады пасля прыходу да ўлады апошняга з кіраўнікоў незалежнай дзяржавы тараскаў, Тангашуана II.

 
Статуэтка у выглядзе каёта,[1] магчыма, выява бога-каёта Уіцымангары.[2] Вышыня: 43,5 см

Заняпад дзяржавы тараскаўПравіць

Даведаўшыся пра падзенне ацтэкскай імперыі, каконці Тангашуан II адправіў пасланцаў да іспанскіх пераможцаў. Некалькі іспанцаў адправіліся разам з імі ў Цынцунцан, дзе іх прадставілі кіраўніку і адбыўся абмен падарункамі. Іспанцы вярнуліся разам з залатымі прадметамі, што абудзіла цікавасць Картэса да дзяржавы тараскаў. У 1522 г. іспанскія войскі пад камандаваннем Крыстабаля дэ Аліда былі накіраваны на тэрыторыю Тараска і праз некалькі дзён дасягнулі Цынцунцана. Войска тараскаў налічвала многія тысячы воінаў, магчыма, каля 100 тысяч, аднак у крытычны момант яно адмовілася ад барацьбы[3]. Тангашуан падпарадкаваўся іспанскай адміністрацыі і за гэта атрымаў даволі шырокую аўтаномію. Гэта прывяло да дзіўнага двоеўладдзя, бо Картэс і Тангашуан лічылі сябе кіраўнікамі Мічаакана на працягу некалькіх наступных гадоў: насельніцтва плаціла даніну абодвум. Калі іспанцы выявілі, што Тангахуан аддаваў іспанцам толькі невялікую частку той даніны, якую ён атрымліваў з насельніцтва, супраць яго быў накіраваны вядомы сваёй жорсткасцю Нуньё дэ Гусман, саюзнікам якога стаў тарасканскі дваранін Дон Пэдра Панса Куініерангары. Тангашуан быў узяты ў палон і пакараны[4]. Пачаўся перыяд гвалту і беспарадкаў. Дачка Тангашуана, Прынцэса Эрэндзіра, падняла паўстанне, але яно скончылася разгромам паўстанцаў. На працягу наступных некалькіх гадоў іспанскі ўрад прызначыў марыянетачных кіраўнікоў Тараска, аднак калі Нуньё страціў давер і быў адкліканы ў Іспанію, у Тараска быў накіраваны біскуп Васка дэ Кірога для навядзення парадку. Ён хутка заваяваў аўтарытэт у мясцовага насельніцтва, якое спыніла супраціўленне і прызнала іспанскае валадарства.

Зноскі

  1. American Museum of Natural History.
  2. Covarrubias, p. 103.
  3. Gorenstein (1993, xiv).
  4. Гл. Gorenstein (1993, xv). Згодна з некаторымі крыніцамі, Тангашуана II працягнулі прывязаным да коней, пасля спалілі.

ЛітаратураПравіць

СпасылкіПравіць