Дзікое (балота)

(Пасля перасылкі з Дзікае (балота))

Дзікое балота — балота на Беларусі, адно з буйнейшых у Еўропе балот нізіннага тыпу, якое захавалася ў натуральным стане.

Агульныя звесткі правіць

Цяпер балота знаходзіцца на пераходнай стадыі развіцця паміж гіпнава-асаковым і асакова-сфагнавым тыпамі балот, прычым заходняя частка прадстаўлена тыповым нізінным балотам, а ўсходняя — пераходным. Па плошчы пераважаюць асаковыя балоты, сярод якіх размяшчаюцца шматлікія астравы, пакрытыя лесам. З драўнінных парод дамінуюць хвоя, елка і барадаўчатая бяроза. На балотах растуць, у асноўным, алешнікі і беразнякі.

Балотны масіў размешчаны на водападзеле двух буйных басейнаў: Балтыйскага і Чарнаморскага. Ён фарміруе і падтрымлівае гідралагічны рэжым нацыянальнага парка «Белавежская Пушча» і рэгіёна ўвогуле. З цэнтральнай часткі балота бяруць пачатак дзве ракі — Нараў і Ясельда. Гідралагічны рэжым на большай частцы тэрыторыі захоўваецца блізкім да натуральнага; грунтовыя воды падтрымліваюцца на ўзроўні паверхні балота з невялікімі адхіленнямі ў перыяд раставання снегу, моцных дажджоў ці летняй межані. Толькі ў паўднёва-усходняй частцы масіва ў выніку меліярацыі сумежных тэрыторый адбылося значнае зніжэнне ўзроўню грунтовых вод.

Асноўны від землекарыстання — сенакашэнне. Дзікое — адзінае балота ў паўднёва-заходняй частцы Беларусі, якое мае вялікія запасы журавін. На сумежных, у асноўным меліяраваных, землях вырошчваюцца шматгадовыя травы, прапашныя і зерневыя культуры.

Арнітафауна масіва прадстаўлена 99 відамі птушак, 14 з іх занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Сярод апошніх — барадатая кугакаўка Strix nebulosa (2-3 пары) і пугач Bubo bubo (2 пары) — віды, якія маюць нацыянальную значнасць. Міжнародная значнасць балота заключаецца, у першую чаргу, у тым, што на яго тэрыторыі гняздуецца вялікая колькасць відаў, якія знаходзяцца пад глабальнай пагрозай знікнення: вяртлявая чаротаўка Acrocephalus paludicola, вялікі арлец Aquila clanga, драч Crex crex, дубальт Gallinago media.

Фаўна іншых пазваночных заказніка даволі разнастайная і ўключае 28 відаў млекакормячых, 4 віды паўзуноў і 5 відаў амфібій. На тэрыторыі балота адзначана рэдкая ў Белавежскай Пушчы рысь Felix linx. Асабістае значэнне Дзікое мае для захавання ў нацыянальным парку абарыгеннай папуляцыі лася Alces alces.

Акрамя гэтага, на балотным масіве выяўлена 13 відаў насякомых, якія занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі і 3 віды з Еўрапейскага Чырвонага спіса жывёл і раслін.

На тэрыторыі балота Дзікое расце 14 відаў раслін, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Некаторыя з іх (асака ценявая (Carex umbrosa), лікападыела заліўная (Lycopodiella inundata) і вярба чарнічная (Salix myrtilloides)) адзначаны ў Пружанскім раёне ўпершыню. Ва ўсходняй частцы балота сканцэнтраваны буйнейшыя ў краіне зараснікі бярозы каржакаватай Betula humilis.

Неспрыяльныя фактары правіць

Скарачэнне сенакосаў з'яўляецца асноўнай прычынай зарастання адкрытых нізінных балот хмызняком .

Асушэнне. Істотны ўплыў на гідралагічны рэжым аказвае няправільная эксплуатацыя існуючых меліяратыўных сістэм.

Паскарэнне натуральных сукцэсій. Балота Дзікое знаходзіцца на пераходнай стадыі развіцця (паміж гіпнава-асаковым і асакова-сфагнавым тыпам балот). Гэты працэс значна паскорыўся ў апошнія 30-40 гадоў, калі балоты перасталі выкарыстоўваць для сенакашэння.

Прапанаваныя меры аховы правіць

Распрацоўваецца план кіравання балотам Дзікое, у якім будуць дадзены рэкамендацыі па вырашэнню большасці пералічаных вышэй праблем.

Літаратура правіць

  • Скарбы прыроды Беларусі — Treasures of Belarusian Nature: Тэрыторыі, якія маюць міжнар. значэнне для захавання біял разнастайнасці /аўт. тэксту і фота А. В. Казулін [і інш]. — 2-ое выд., перапрац., дап. — Мн.: Беларусь, 2005. — 215 с. — Паводле эл. рэсурса ptushki.org