Ельня (балота)
Балотны масіў Ельня — адзін з буйнейшых у Беларусі комплексаў верхавых і пераходных балот са шматлікімі азёрамі, якія надаюць разнастайнасць ландшафту. Для аховы створаны заказнік Ельня.
Геаграфія
правіцьПа ўсім балоце раскіданы невялікія астравы, пакрытыя драбналістымі і яловымі лясамі. Большая частка балотнага масіву зарасла невысокай хвояй, але сустракаюцца і даволі значныя адкрытыя ўчасткі са шматлікімі дробнымі азёрамі і вокнамі чыстай вады. Расліннасць на балотнай частцы заказніка характэрная для верхавых балот і прадстаўлена хваёва-хмызнякова-сфагнавымі і хмызнякова-сфагнавымі супольнасцямі.
Балота Ельня размешчана на водападзеле рачных басейнаў. Цэнтральная яго частка ўзвышаецца над перыферыйнымі ўчасткамі на 7 метраў. Глыбіня тарфяной залежы ў сярэднім складае 3.8, а месцамі дасягае 8.3 метра. З балотнага масіву выцякаюць тры ракі, а ў яго не ўпадае ніводнай. На тэрыторыі балота налічваецца больш за 100 азёр, якія ўяўляюць сабой рэшткі існаваўшага некалі аднаго вялікага возера. Большасць з іх злучана паміж сабой рэкамі і пратокамі. Аснову воднага сілкавання балота складаюць грунтовыя воды і ападкі.
У выніку меліярацыі прылягаючых тэрыторый і часткі балота адбыліся істотныя змены гідралагічных умоў комплексу. Пракладка шматлікіх каналаў і выраўноўванне рэк прывялі да зніжэння ўзроўню грунтовых вод, што стала адной з асноўных прычын практычна штогадовых буйных пажараў на балоце.
У сувязі з цяжкай даступнасцю і спецыфікай ландшафтаў (каля 60 % лесу расце на балоце, а самі лясы характарызуюцца нізкай прадукцыйнасцю) тэрыторыя выкарыстоўваецца чалавекам абмежавана. Лесаэксплуатацыйныя работы вядуцца ў асноўным па перыферыі балотнага масіву і на мінеральных астравах, сельскагаспадарчая дзейнасць адсутнічае. Тэрыторыя выкарыстоўваецца як для прамысловых нарыхтовак, так і для аматарскага збору грыбоў і ягад. На азёрах мясцовае насельніцтва ловіць рыбу.
Фаўна і флора
правіцьНа тэрыторыі заказніка сустракаецца 98 відаў птушак, 23 з якіх занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Характэрная рыса балотнага масіву Ельня — наяўнасць разрэджаных калоній кулікоў на балоце і шматлікіх калоній чайкавых на азёрах. Ельня — месца гнездавання птушак, тыповых для комплексаў верхавых балот: чорнаваллёвага гагача (Gavia arctica), пардвы (Lagopus lagopus), залацістай сеўкі (Pluvialis apricaria), сярэдняга кулона (Numenius phaeopus), стучка (Lymnocryptes minimus) і куліка-селянца (Tringa nebularia). Рэдкія для Беларусі ўвогуле, яны сустракаюцца тут у значнай колькасці. Акрамя іх на балоце гняздуюцца дзербнік (Falco columbarius) і арол-вужаед (Circaetus gallicus). Колькасць найбольш рэдкіх і значных відаў птушак прыведзена ў табліцы.
Балотны масіў Ельня мае вялікае значэнне як месца прыпынення мігрыруючых гусей, качак і жураўлёў на вясновых і восеньскіх пралётах. У гэты час на вадаёмах звычайныя і шматлікія гусі-гуменніцы (Anser fabalis), белалобыя гусі (Anser albifrons), качкі-свіцьвы (Anas penelope), качкі-чыркі (Anas querquedula); сустракаюцца таксама шэрая гусь (Anser anser), гусь-піскулька (Anser erythropus), качка-шылахвостка (Anas acuta), савукі (Mergus).
З раслін, якія растуць на тэрыторыі балота і на мінеральных астравах, 11 відаў уключаны ў Чырвоную кнігу. Сярод іх і рэдкія для Беларусі бяроза карлікавая (Betula nana) і марошка прысадзістая (Rubus chamaemorus). Фаўна наземных пазваночных уключае 7 відаў земнаводных, 5 відаў паўзуноў, 31 від млекакормячых (большасць з іх пражывае на перыферыйных участках балота ці наведвае яго ў пошуках корму). Адзначаецца высокая колькасць гадзюкі звычайнай (Vipera berus).
Неспрыяльныя фактары
правіцьПаніжэнне ўзроўню грунтовых вод у выніку пракладання каналаў сярод балота, выраўноўвання рэк і асушэння перыферыйных участкаў балота. Парушэнне гідрарэжыму прыводзіць да пачашчэння пажараў, змянення відавога саставу флоры, зарастання адкрытых участкаў балот хмызнякамі і лесам.
Выпальванне расліннасці і пажары. Пажары і паніжэнне ўзроўню грунтовых вод аказваюць істотны ўплыў на стан папуляцый птушак, якія тут гняздуюцца і спыняюцца падчас міграцый. У першую чаргу, у выніку пажараў змяншаецца плошча тыповых балотных экасістэм, а знішчэнне журавін значна змяншае кармавую базу для многіх відаў птушак.
Фактар неспакою. У апошнія гады рыбаловы і паляўнічыя пачалі ўсё часцей наведваць азёры. Гэта прыводзіць да разбурэння гнёздаў многіх відаў птушак, у тым ліку і занесеных у Чырвоную кнігу. Балота пачынае губляць сваю значнасць як месца канцэнтрацыі мігрыруючых гусей і жураўлёў. Адна з прычын такога становішча — зніжэнне ўзроўню грунтовых вод, што зрабіла балота больш даступным для чалавека вясной.
Нерэгламентаваны збор журавін прыводзіць да сур'ёзнага пашкоджання наглебавага покрыва і з'яўляецца яшчэ адным фактарам парушэння спакою жывёл.
Літаратура
правіць- Скарбы прыроды Беларусі — Treasures of Belarusian Nature: Тэрыторыі, якія маюць міжнар. значэнне для захавання біял разнастайнасці /аўт. тэксту і фота А. В. Казулін [і інш]. — 2-ое выд., перапрац., дап. — Мн.: Беларусь, 2005. — 215 с. — Паводле эл. рэсурса ptushki.org
- Е́льня // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 2. Гатня — Катынь / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1983. — С. 266. — 522 с. — 10 000 экз.