Дом Вечарэвіна — комплекс будынкаў у гістарычным цэнтры Мінска, размешчаных рагу вуліц Рэвалюцыйнай (№ 7) і Камсамольскай (№ 11). Адзін з будынкаў таксама носіць назву «дом з маскаронамі». Помнік эклектычнай архітэктуры з рысамі ампіру і класіцызму[1].

Славутасць
Дом Вечарэвіна
Kamsamoĺskaja 11, Miensk.JPG
53°54′09,58″ пн. ш. 27°33′08,60″ у. д.HGЯO
Краіна Беларусь
Горад Мінск
Архітэктурны стыль эклектыка, класіцызм і ампір
Дата пабудовы XIX стагоддзе
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 711Е000001шыфр 711Е000001

ГісторыяПравіць

 
План пляца і будынкаў на рагу вуліц Койданаўскай і Феліцыянаўскай

Першыя мураваныя пабудовы на вялікім пляцы, які знаходзіўся на рагу вуліц Койданаўскай і Феліцыянаўскай (пасля 1866 года Багадзельнай), з’явіліся ў самым пачатку XIX стагоддзя. Паступова ў першай палове XIX стагоддзя пачаў фарміравацца вялікі комплекс мураваных будынкаў у стылі класіцызму, якія галоўнымі фасадамі выходзілі як на Койданаўскую, так і Феліцыянаўскую вуліцы. У сярэдзіне XIX стагоддзя большасць будынкаў мела два паверхі[2].

Комплекс моцна пацярпеў падчас вялікага пажару 1881 года. Адразу пасля пажару большасць з іх была адноўлена, а на месцы страчаных будынкаў з боку двара з’явіліся новыя мураваныя пабудовы[2].

 
Праект перабудовы комплекса будынкаў прадстаўлены мешчанінам Д. Ф. Генделем на зацьвярджэнне ў Мінскую гарадскую ўправу.1881 г.

У канцы XIX стагоддзя гэты комплекс разам з пляцам належаў мінскаму купцу І. Вечарэвіну. На мяжы XIX — пачатку XX стагоддзяў гэтая нерухомая маёмасць перайшла да мінскага мешчаніна Давіда Гендэля. У 1901 годзе ён падрыхтаваў праект грунтоўнай рэканструкцыі гэтай забудовы, паводле якога ў большай частцы будынкаў планавалася дабудаваць трэці паверх. У 1909 годзе гэтыя дамы набылі мінскія мяшчане Рубінштэйны[2].

Паводле інвентарызацыі 1910 года большасць будынкаў ужо былі трохпавярховымі. Сіметрычны па кампазіцыі галоўны фасад будынка, які выходзіў на Койданаўскую вуліцу, быў вырашаны ў стылі класіцызму і багата аздоблены ляпным дэкорам. Падобнае архітэктурнае рашэнне меў і другі дом, які выходзіў фасадам на вуліцу Багадзельную. Трэці трохпавярховы будынак, які знаходзіўся ў паўднёва-ўсходняй частцы комплексу, быў вырашаны ў стылі мадэрн. Яго галоўны фасад быў багата аздоблены ляпнымі дэкаратыўнымі элементамі, у тым ліку маскаронамі. Усе будынкі на другім і трэцім паверхах мелі балконы, упрыгожаныя дэкаратыўнымі металічнымі кратамі[2].

У пачатку XX стагоддзя амаль усе памяшканні на першым паверсе выкарыстоўваліся пад розныя крамы і лаўкі. Тут былі крамы: галантарэйная, капелюшоў, посуду, малочная лаўка, а таксама вінная крама, дзе гандлявалі вядомымі еўрапейскімі гатункамі він. Частку памяшканняў займалі розныя канторы, а таксама прыватная друкарня. Памяшканні другога і трэцяга паверхаў выкарыстоўваліся пад жыллё[2].

Пасля 1920 года будынкі нацыяналізаваны, пасля чаго на першых паверхах па-ранейшаму знаходзіліся розныя гандлёвыя прадпрыемствы, а астатнія памяшканні былі перароблены пад камунальныя кватэры[2].

У гады Другой сусветнай вайны комплекс будынкаў не пацярпеў. У выніку пасляваенных рамонтаў і рэканструкцый быў у значнай ступені страчаны дэкор фасадаў, асабліва першага паверха[2].

За савецкім часам у будынку размяшчаліся дзяржаўныя ўстановы.

АрхітэктураПравіць

 
Дом Вечарэвіна
 
Фасад па вуліцы Рэвалюцыйнай

Уяўляе сабой трохпавярховы цагляны будынак трохчасткавай асіметрычнай кампазіцыі. Складаецца з трох рознавысокіх пабудоў, якія шчыльна прымыкаюць адна да адной[1]. Помнік эклектычнай архітэктуры з рысамі ампіру і класіцызму[1].

 
Дом з маскаронамі

Паверхня больш высокай часткі (т.зв. «дом з маскаронамі») сцяны расчлянёна масіўнымі карнізнымі паясамі. На 2-м паверсе прамавугольныя вокны ў ліштвах з замкавым каменем і падваконнымі плітамі, на 3-м у прасценках паміж вокнамі размешчаны дэкаратыўныя разеткі. Балконы маюць ажурныя агароджы. Уваход у будыпак размешчаны несіметрычна, яго аздабляе казырок на ажурных кансолях з франтонам-фрызам (чыгуннае ліццё)[1].

Паніжаныя часткі дома больш строгія ў архітэктурным дэкоры. Акцэнтам фасада з’яўляюцца балконныя праёмы паўцыркульнага абрысу на 2-м паверсе, абрамленыя калонкамі з капітэлямі. Капітэлі злучаны накладнымі арачнымі карнізамі[1].

Чырвоны дворыкПравіць

 
Чырвоны дворык

Будынкі дома Вечарэвіна ўтвараюць унутраны дворык, сцены якога пафарбаваны ў чырвоны колер, ад чаго ён атрымаў назву «Чырвоны дворык». Дворык з 2012 года, дзякуючы Studio67, ператварыўся ў арт-прастору, дзе праходзяць выстаўкі, канцэрты, кінапаказы, публічныя лекцыі, вечарынкі[3][4].

Зноскі

ЛітаратураПравіць

СпасылкіПравіць