Дом Шульмана
Дом Шульмана — будынак у Мінску, размешчаны ў квартале, які прымыкае да Верхняга Горада, па адрасе вуліца Рэвалюцыйная, 8. Пабудаваны ў XIX ст. з цэглы.
Славутасць | |
Дом Шульмана | |
---|---|
| |
53°54′11″ пн. ш. 27°33′10″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Горад | |
Дата пабудовы | XIX ст. |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 711Е000001 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гісторыя
правіцьУ XIX стагоддзі на гэтым зямельным пляцы існавала драўляная і мураваная забудова, якая моцна пацярпела падчас вялікага пажару 1881 года. Пасля пажару ўладальнік пляца мінскі купец Ш. Шульман звярнуўся ў Мінскую гарадскую ўправу з праектам на аднаўленне пашкоджаных будынкаў.[1]. Неўзабаве забудова была адноўлена. Галоўны мураваны будынак выходзіў сваім галоўным фасадам на вуліцу Койданаўскую. Гэта быў вялікі трохпавярховы дом, накрыты двухсхільным дахам, аддзеленым ад сцяны прафіляваным карнізам. Рытм фасадаў ствараўся сеткай прамавугольных аконных і дзвярных праёмаў. Галоўны фасад быў падзелены на ярусы прафіляванымі цягамі. На першым паверсе знаходзілася праязная арка, перакрытая скляпеннямі. На другім і трэцім паверхах былі два балконы з дэкаратыўнымі металічнымі кратамі[1].
У 1903 годзе будынак часткова рэканструяваны. На першым паверсе былі перароблены аконныя і дзвярныя праёмы, а таксама зменена планіроўка. У 1907 годзе ўладальнікам будынка стаў мінскі мешчанін Ізраіль Аксельрод[1].
Паводле інвентарызацыі 1910 года на першым паверсе дома знаходзіліся тры крамы. Акрамя таго, тут размяшчалася банкірская кантора Ліўшыца, вядомая яшчэ як гандлёвы дом «Г. А. Ліўшыц». Астатнія памяшканні на другім і трэцім паверхах выкарыстоўваліся пад жылыя кватэры[1].
Пасля 1920 года былы дом Шульмана нацыяналізаваны. У 1920—1930-я гады ў будынку знаходзіліся розныя ўстановы[1].
У 1930-я гады адбылася грунтоўная рэканструкцыя былога дома Шульмана, падчас якой былі выкарыстаны першапачатковыя канструкцыі дома XIX стагоддзя. У выніку гэтых работ цалкам зменены архітэктурны выгляд фасадаў і планіровачная структура будынка[1].
У гады Другой сусветнай вайны былы дом Шульмана не пацярпеў. Пасля вайны ў будынка быў дабудаваны чацвёрты паверх. Пасля перабудовы тут размяшчаліся рамонтна-будаўнічая кантора, а таксама праектны інстытут[1].
У канцы XX стагоддзя у гэтым будынку знаходзілася рэдакцыя першай недзяржаўнай беларускамоўнай радыёстанцыі «Радыё 101,2»[1]. Цяпер у будынку размяшчаецца ў тым ліку Беларускі саюз кампазітараў.
Архітэктура
правіцьЧатырохпавярховы чатырохвугольны ў плане будынак з прамавугольным арачным праездам у левай частцы. Чацвёрты паверх надбудаваны ў пачатку 20 ст. Кампазіцыя галоўнага фасада вырашана пластычна разнастайна. Паміж 3-м і 4-м паверхамі праходзіць развіты шматслойны карніз з сухарыкамі. Плоскасці сцяны расчлянёны высокімі пілястрамі са стылізаванымі капітэлямі. Аконныя праёмы 1-га, 2-га і 4-га паверхаў маюць прамавугольную форму, а на 3-м паверсе рытмічна чаргуюцца з больш высокімі паўцыркульнымі вокнамі[2].
Зноскі
- ↑ а б в г д е ё ж БУДЫНАК № 8 ДОМ ШУЛЬМАНА
- ↑ 271. Забудова вуліцы Рэвалюцыйнай // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — Мінск. — 333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8.
Літаратура
правіць- 271. // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — Мінск. — 333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Дом Шульмана
- БУДЫНАК № 8 ДОМ ШУЛЬМАНА