Дом па Рэвалюцыйнай вуліцы, 24а
Дом па вуліцы Рэвалюцыйнай, 24а — будынак у Мінску, размешчаны ў квартале, які прымыкае да Верхняга Горада. Пабудаваны ў XIX ст. з цэглы.
Славутасць | |
Дом па вуліцы Рэвалюцыйнай, 24а | |
---|---|
![]() | |
53°54′10″ пн. ш. 27°33′03″ у. д.HGЯO | |
Краіна |
![]() |
Горад | Мінск |
Дата пабудовы | XIX ст. |
Статус |
![]() |
![]() |
Гісторыя
правіцьДом па вул. Рэвалюцыйная, 24а быў пабудаваны ў сярэдзіне XIX ст. Належаў Фогелям, Залкіндам і быў флігелем дома № 24, тут былі гаспадарчыя і жылыя памяшканні. За сваю гісторыю ён шмат перабудоўваўся і страціў першапачатковы выгляд. Папярэднія даследаванні паказалі магчымы першасны выгляд, які не супадаў з праектамі перабудовы. З гістарычных артэфактаў былі знойдзены насценныя роспісы канца XIX пач.‑ XX стст., якія не былі даследаваны і былі страчаны падчас зносу[1].
Знішчэнне
правіцьДом замінаў кампаніі «ФАРТ і В» пабудаваць комплекс офісных і гандлёвых цэнтраў з паркінгам, які цяпер вядомы як бізнес-цэнтр «Метраполь» (вуліца Няміга, 5)[2]. Барацьба за гэты дом вялася амаль паўгода[3].
26 жніўня 2009 года Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры прыняла рашэнне дэмантаваць канструкцыі будынка № 24а ручным спосабам з іх наступным узнаўленнем[4].
11 лістапада 2009 года ў абыход рашэння Рады і без дазволу Мінкультуры была здзейснена спроба зруйнаваць згаданы будынак. Незаконныя дзеянні былі спынены намаганнямі грамадскасці і спецыялістаў Упраўлення аховы гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Мінкультуры[4].
30 лістапада 2009 года экскаватар знёс 1/6 частку будынка, але разбурэнне было спынена Міністэрствам культуры. Былі падрыхтаваныя матэрыялы для пракурорскай праверкі па факце нарушэнняў заканадаўства. Таварыства аховы помнікаў звярнулася ў пракуратуру Цэнтральнага раёна г. Мінска з просьбай прыцягнуць да крымінальнай адказнасці па ч.2 арт. 344 Крымінальнага кодэксу галоўнага інжынера «Мінскай спадчыны» Міхаіла Жыха і па арт. 428 дырэктара прадпрыемства Паўла Шыкунца[1]. Пасля гэтага сапраўды пачалася ручная разборка. Паралельна з разборкай архітэктары Цэнтра рэгенерацыі гісторыка-культурных ландшафтаў і тэрыторый працавалі над даследаваннем камяніцы, фіксацыяй элементаў архітэктуры і дэкору[4], каб потым аднавіць будынак у першасным выглядзе[1]. У цокальным паверсе выявілі некалькі закладзеных цэглай арак. Мяркуецца, што да рэвалюцыі тут жыў доктар і ў памяшканнях з аркамі стаяў запрэжаны коньмі экіпаж[2]. Калі заставалася разабраць першы паверх і зафіксаваць адзін фрагмент насценнага жывапісу, архітэктар пазначыў у журнале аўтарскага нагляду, што даследаванне практычна праведзена і пры ўзгадненні з навуковым кіраўніком аб’екта далей магчыма і механічная разборка[4].
Канчаткова знесены экскаватарам увечары ў суботу 6 лютага 2010[3] года.
Апарт-атэль
правіцьВонкавыя выявы | |
---|---|
Канцэпцыя «Мінскграмадзянпраекта» (2011) | |
Канцэпцыя кампаніі «Вараб’ёў і партнёры» (2012) |
На месцы будынка мусіў з’явіцца апарт-гатэль, заказчыкам якога выступіла кампаніяй «Тэкстур». У сакавіку 2011 года прадпраектную прапрацоўку аб’екта выканалі спецыялісты «Мінскграмадзянпраекта» (архітэктары У. Даніленка, А. Віданава, І. Палонскі, Г. Шэлег)[5]. У 2012 годзе новую архітэктурную канцэпцыю будынка стварыла вядомая кампанія «Вараб’ёў і партнёры». Праект рэканструкцыі пад гасцініцу быў распрацаваны «Творчай майстэрняй Вараб’ёва А. А.». Апарт-гатэль мусіў складацца з 8 апартаментаў павышанай камфортнасці для доўгатэрміновай здачы ў арэнду. Шэсць з іх занялі б трэці і чацвёрты паверхі, па тры на паверх. Кожны нумар мусіў мець кухню-сталовую з гасцявым санвузлом, спальню з санвузлом, гардэробную, балкон. На пятым і шостым паверхах былі запраектаваны два двухузроўневыя нумары з тэрасамі. На першым паверсе прадугледжваліся гандлёвыя рады з буцікамі, на другім — кафэ-бар і яшчэ адна гандлёвая зона.
Нягледзячы на тое, што будынак узводзіўся з нуля, афіцыйна ён называўся «рэканструкцыяй помніка архітэктуры XIX—XX стагоддзяў». Скончыць будаўніцтва меркавалася да лістапада 2015 года[6].
Архітэктура
правіцьБудынак складаецца з двух самастойных аб’ёмаў, якія шчыльна прымыкаюць адзін да аднаго. Адзін з аб’ёмаў двухпавярховы, прамавугольны ў плане. Плоскасць яго сцен прарэзана прамавугольнымі вокнамі на 1-м паверсе, лучковымі — на 2-м. Па перыметры пад вальмавым дахам праходзіць развіты шматслойны карніз[7].
Другі аб’ём трохпавярховы, накрыты двухсхільным дахам з трохвугольнымі франтонамі ў тарцах. Аконныя праёмы прамавугольныя[7].
-
Тарэц
-
Задні фасад
-
Задні фасад трохпавярховага аб'ёма
-
Будынак з аркі дом № 24
Зноскі
- ↑ а б в Мінус адзін помнік
- ↑ а б Какие здания снесли в столице три наших «мэра»(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 1 снежня 2020. Праверана 2 студзеня 2020.
- ↑ а б У Мінску будынак ХІХ стагоддзя знеслі экскаватарам (ФОТА, ВІДЭА)
- ↑ а б в г Гістарычны будынак у Старым Мінску не здолелі дабіць без скандалу Архівавана 2 студзеня 2020.
- ↑ Архвыставка «Минск-2011», ч.2
- ↑ Незаметное строительство: в центре Немиги вместо снесенных исторических домов строят апарт-отель
- ↑ а б 271. Забудова вуліцы Рэвалюцыйнай // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — Мінск. — 333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8.
Літаратура
правіць- 271. Забудова вуліцы Рэвалюцыйнай // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — Мінск. — 333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Дом па Рэвалюцыйнай вуліцы, 24а
- Гістарычны будынак у Старым Мінску не здолелі дабіць без скандалу Архівавана 2 студзеня 2020.