Дудзінка (Барысаўскі раён)
Дудзі́нка, або Дудзі́нкі (мн.)[1] (трансліт.: Dudzinka, руск.: Дудинка) — вёска ў Барысаўскім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Прыгараднага сельсавета. Знаходзіцца на правым беразе Бярэзіны за 1,5 км ад Барысава. Колькасць насельніцтва — 70 чалавек (2016).
Вёска
Дудзінка
|
Гісторыя
правіцьПаводле археалагічных звестак, паселішча на тэрыторыі Дудзінкі з’явілася ў канцы 1-га тысячагоддзя н.э., захавалася старажытнае гарадзішча са знаходкамі культуры штрыхаванай керамікі. Гарадзішча ўзвышаецца над поймай Бярэзіны на 20 м, памеры пляцоўкі 36×26 м, з поўначы і ўсходу мае стромкія схілы да поймы, з поўдня — глыбокі яр, з захаду абаронена ровам і валам вышынёй 2 м. Вядома з канца XIX стагоддзя. У 1931 годзе яго даследаваў А. Ляўданскі, які выявіў ляпную кераміку і жалезны шлак. У 1979 годзе помнік даследаваў Г. Штыхаў, бала знойдзена ляпная кераміка VI—VIII стагоддзяў, косткі жывёл.
Першае знойдзенае ўзгадванне Дудзінкі адносіцца да канцы XVIII стагоддзя — запіс у спавядальных ведамасцях Барысаўскага касцёла. У НГАБ знаходзіцца датаваны 1892 годам кантракт на арэнду фальварка Дудзінка, які адносіўся да маёнтка Старабарысаў.
На картах Дудзінка з’яўляецца ў пачачтку ХІХ стагоддзя і пазначаная, як засценак. Пазней пазначаецца ўжо фальваркам. Ранейшая датаваная знаходка на тэрыторыі фальварка — манета ў 2 капейкі 1797 года.
У 1919—1920 гадах па Бярэзіне праходзіла польска-савецкая мяжа. На ўчастку Глівін — Стахаў, на якім знаходзілася і Дудзінка, 3-м пяхотным палком легіёнаў (3 Pułk Piechoty Legionów) створаны фартыфікацыйныя ўмацаванні, якія добра захаваліся ў ваколіцах вёскі станам на 2016 год.
У 1920—1930-х гадах у Дудзінцы створаны саўгас, які спецыялізаваўся на гадаванні трусаў. З 1930 па 1935 гады ў Дудзінцы жыла родная сястра Янкі Купалы — Марыя Аўлачынская, якая была жонкай гімназічнага сябра Купалы — Янкі Аўлачынскага. Да іх неаднаразова наведваўся падчас сваіх камандзіровак на Барысаўшчыну Янка Купала. Да 16 студзеня 1969 года вёска ўваходзіла ў склад Велікастахаўскага сельсавета[2].
Славутасці
правіць- У ваколіцах вёскі знаходзіцца камень з чатырма свідраванымі адтулінамі і пятрогліфамі ў выглядзе сяміпрамяневага знака.
- Два гарадзішчы культуры штрыхавой керамікі.
- Курганны могільнік
- Рэшткі меліяратыўнай сістэмы, пабудаванай ў канцы 1930-х гадоў, перабудаванай у 1960-х гадах: грэбля, каналы.
- Рэшткі фальварка
- Рэшткі польскіх памежных умацаванняў 1919—1920 гадоў.
Геалогія
правіцьДудзінка размешчана ў даліне ракі Бярэзіны, на правым яе беразе. Рэльеф мясцовасці складаны, сфарміраваны ледніковымі марэннымі ўзвышшамі і рачнымі адкладамі, з ясна выражанымі поймавымі тэрасамі, са значнымі перападамі вышынь, сістэмай старыц і меандраў. У геалагічным плане гэтая тэрыторыя, як і блізкі Барысаў, знаходзіцца на ўсходнім схіле Беларускага крышталічнага масіву. Складаецца геалагічны разрэз раёна Дудзінкі з архейска-ніжнепратэразойскага крышталічнага фундамента, вышэй залягаюць асадкавыя адклады верхняга пратэразоя, сярэдняга дэвона і чацвярцічнай сістэмы кайназоя, якія выходзяць на паверхню і прадстаўлены адкладамі ледавіка, пераважна марэннымі, з валунамі розных памераў, пяскамі, глінамі, супесямі, суглінкамі. На тэрыторыі Дудзінкі знаходзіцца некалькі валуноў значных памераў, якія месцяцца на ніжняй поймавай тэрасе, і шэраг больш дробных валуноў на верхняй поймавай тэрасе. Найбольшы валун знаходзіцца ля памятнага знака, мае шэра-ружовы колер, даўжыню 2м 90 см, шырыню 1м 95 см, вышыню (бачную) 1м 50 см. Валун калісьці меў большыя памеры (+ 1 м у шырыню), г.зн. з’яўляўся практычна ізаметрычным, але быў разбіты, і частка валуна была вывезена. Па складзе гэта буйназерністы парфірападобны гранадыярыт, тыповы для парод, прынесеных з тэрыторыі Скандынавіі. На захад ад гэтага валуна, таксама на ніжняй тэрасе, адзначаюцца два валуны меншых памераў: шэра-ружовы буйназерністы парфірападобны гранадыярыт памерам 0,87 м х 0,70 м х 0,42 м і ружовы сярэднезерністы парфірападобны гранадыярыт памерам 1,12 м х 0,68 м х0,55м . Аналагічны па складзе сярэднезерністы гранадыярыт значных памераў месціцца непадалёк на прыватнай тэрыторыі. Гэтыя валуны, як і больш дробныя валуны на верхняй поймавай тэрасе, прынесены леднікамі, якія тройчы пакрывалі гэтыя мясціны: бярэзінскае зледзяненне (480—460 тысяч гадоў таму назад), дняпроўскае зледзяненне (320—260 тыс. гадоў т.н.), сожскае зледзяненне (220—110 тыс. гадоў т.н.).
Экалогія
правіцьУ наваколлі Дудзінцы ў 2007—2016 гадах адзначана больш за 120 відаў птушак, большасць відаў гняздзіцца. Сярод іх ёсць віды, занесеныя ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. На гнездаванні тут адзначаныя: дзяргач, дупель, пустальга, Грыцук вялікі. Без прыкметаў гнездавання назіраліся: Чорны бусел, Арол-вужаед, Малы арлец, Каршун чорны, баталён. У пойме р. Бярэзіна насупраць вёскі знаходзіцца ўчастак для маніторынга звычайных відаў птушак. Назіранні тут праводзяцца з 2007 года. Вялікая разнастайнасць відаў абумоўленая наяўнасцю розных месцапражыванняў.
У 2012—2015 гадах у наваколлі Дудзінцы праводзілі вывучэнне фаўны стракоз. На р. Бярэзіна, яе старыцах і іншых участках агулам выяўлена 25 відаў. Найбольш часта можна назіраць каромысел вялікі, страказу крывава-чырвоную, стрэлку элегантную, прыгажуню бліскучую, бабку бронзавую. З рэдкіх відаў заўважаная лютка зялёная, якая знаходзіцца ля ўсходняй мяжы свайго арэала. Апроч таго, адзначаныя такія цікавыя віды як каромысел чаротавы, каромысел памесны, страказа жоўтая, дзедка звычайны.
Паблізу Дудзінкі знаходзіцца месца ўрастання чырвонакніжнай расліны — гладыёлуса чарапіцападобнага (Gladiolus imbricatus).
Дзевяць найбольш старых дрэваў маюць статус ахоўваемых (сярод іх дубы, ліпы, клён, хвоя і елка).
Эканоміка
правіцьУ вёсцы знаходзяцца аграсядзіба «Бівак», база адпачынку «Дудзінка Сіці», СФГ «Елкіна» (прадпрымальнік Слесараў). Конная база. Летні лагер адпачынку «Будаўнік», Аздараўляльны цэнтр «Дудзінка». База футбольнага клуба БАТЭ.
Галерэя
правіць-
Клён, які мае ўзрост блізу 250 гадоў
-
Карта, 1860 год
-
Кантракт на арэнду фальварка, 1892 год
-
Гарадзішча культуры штрыхаванай керамікі
Зноскі
правіць- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU). Сустракаецца таксама варыянт Дудзі́нкі, мн.
- ↑ Рашэнне выканкома Мінскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 16 студзеня 1969 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1969, № 9 (1239)
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх