Духоўная літаратура

Духо́ўная літарату́ра — рэлігійныя проза і паэзія, якія ўключалі ў сябе жанры старажытных царкоўных і народных паданняў рэлігійнага зместу. Адлюстроўвала грамадскае разуменне дабра і зла, граху і збавення, справядлівасці, паходжання свету, гістарычных падзей.

3 духоўнай літаратурай усходнія славяне пазнаёміліся выключна праз пераклады з балгарскіх і візантыйскіх узораў на стараславянскую мову. Вызначальную ролю ў духоўным жыцці сярэдневяковага чалавека адыграла Біблія — асноўная кніга, якая стаяла ля вытокаў культур усіх хрысціянскіх народаў. Блізкімі да яе па змесце, эмацыянальным ладзе і фармальных прыкметах былі апокрыфы — рэлігійныя аповесці, не ўключаныя ў богаслужэбны ўжытак з-за таго, што іх змест не поўнасцю супадаў з патрабаваннямі афіцыйнага веравучэння («Блуканне Багародзіцы па пакутах», «Пакуты Хрыста», евангеллі ад Нікадзіма, Пятра, Філіпа, Фамы, Марыі, Якава).

Прынцыпова іншы характар па змесце і форме мела патрыстычная літаратура — творы айцоў царквы (III—VIII стст.). Найбольш папулярнымі былі творы В. Вялікага, Г. Назіянзіна, Я. Сірына, А. Александрыйскага, І. Дамаскіна, І. Златавуста. У сярэдневяковай літаратуры былі шырока прадстаўлены жыціі святых, складзеныя па ўсталяваных канонах агіяграфічнага жанру пра хрысціянскіх падзвіжнікаў, дзеячаў і герояў. Гэтыя жыццяпісы вызначалі вернікам шлях да выратавання душы, таму жыційны канон быў не вонкавым патрабаваннем, а ўнутранай пазіцыяй аўтара.

Пад уплывам візантыйскага «Жыція Антонія Вялікага» (4 ст.) не пазней 1090-х гг. было напісана «Жыціе Антонія Пячэрскага», якое адпавядала ўсім кананічным патрабаванням свайго часу. Паводле яго ўзору ўзнік першы беларускі агіяграфічны твор «Жыціе Ефрасінні Полацкай» (12 ст.). Да гэтага беларускі чытач быў знаёмы толькі з перакладзеным з грэчаскай мовы «Жыціем Аляксея, чалавека Божага» (11 ст.). У 12 ст. з’явіліся арыгінальныя жыціі Аўрамія Смаленскага і Кірылы Тураўскага, у 14 ст. — знакамітае «Жыціе трох віленскіх мучанікаў», а ў 1579 у Вільні выйшаў вялікі зборнік «Жыціі святых», складзены езуіцкім епіскапам П. Скаргам. У кнізе сабрана каля 400 апавяданняў і аповесцей пра жыццё хрысціянскіх святых, першых прарокаў, пап і айцоў царквы, біскупаў, манахаў-падзвіжнікаў, каралёў, заснавальнікаў каталіцкіх ордэнаў, місіянераў, змагароў з язычніцтвам і ерассю, мучанікаў і інш. герояў па прынцыпе «Міней-Чэццій» на Русі. Блізкімі да іх былі патэрыкі — рэлігійныя творы павучальнага характару пра жыццё блізкаўсходніх і італьянскіх пустэльнікаў IIIVII стст. і іншых хрысціянскіх падзвіжнікаў.

Пад уплывам грэчаскага і рымскага гімнапісання ў XII ст. ў Беларусі зарадзілася арыгінальная духоўная паэзія, прадстаўніком якой і першым паэтам стаў Кірыла Тураўскі — аўтар шматлікіх «Слоў», «Павучанняў», «Прытчаў», 2 канонаў на смерць княгіні Вольгі і надзвычай паэтычных малітваў-споведзяў, напісаных на кожны дзень Святога тыдня.

У XV ст. з’явіліся духоўныя вершы — лірычныя і эпічныя песнапенні на сюжэты евангельскіх, старазапаветных і народных паданняў, казанняў, легенд, якія выконваліся сляпымі жабракамі, старцамі. 3 XVII ст. захоўваліся пераважна сярод стараабрадцаў. Своеасаблівае значэнне набыла т.зв. палемічная літаратура (творы С. Зізанія, З. Капысценскага, Л. Карповіча, М. Сматрыцкага, А. Філіповіча, Х. Філалета). Яна адлюстроўвала стаўленне аўтараў да веры ў цэлым, да царкоўных і свецкіх традыцый, агульнахрысціянскай спадчыны.

Вывучэннем духоўна-народнай літаратуры славян, збіраннем і даследаваннем уласна беларускага матэрыялу займаліся П. Кірэеўскі, П. Бяссонаў, П. Шэйн, Е. Раманаў, М. Нікіфароўскі, М. Дзем’яновіч, Я. Карскі.

Вялкую ролю ў выхаванні грамадства адыгрывае духоўная літаратура і ў наш час. Сведчаннем таму служаць шматлікія вершы беларускіх паэтаў XX ст., сабраныя ў кнізе «Насустрач духу: Анталогія беларускай хрысціянскай паэзіі» (2001), укладзенай І. А. Чаротам.

Зноскі

Літаратура правіць