Абраз Маці Божай Жыровіцкай

(Пасля перасылкі з Жыровіцкі абраз Маці Божай)

Жыровіцкі абраз Маці Божай — хрысціянская святыня, ушаноўваецца праваслаўнай і грэка-каталіцкай цэрквамі як цудатворны. Знаходзіцца ў Жыровіцкім Свята-Успенскім мужчынскім манастыры. Свята Жыровіцкай Божай Маці святкуецца штогод 7 мая.

Апісанне правіць

Абраз — авал з яшмы, на адным баку якога рэльефная выява Маці Божай тыпу Замілаванне з дзіцем на правай руцэ.

Гісторыя правіць

 
3’яўленне Жыровіцкага абраза Маці Божай, абраз XIX ст.

Жыровіцкі абраз Маці Божай з’явіўся цудоўна, хлопчыкі пасвілі ў лесе жывёлу і ўбачылі на дзікай грушы нейкі прадмет, ад якога разыходзіліся ясныя прамяні. Гэта быў маленькі абразок Маці Божай, які незвычайна ззяў. Пастушкі ўзялі яго і занеслі да свайго пана — літоўскага падскарбія Аляксандра Солтана, які загадаў пабудаваць на тым месцы драўляную святыню. Слава цудоўнага абраза пачала прыцягваць да Жыровіч вялікую колькасць набожнага люду.

Праз некалькі дзясяткаў гадоў маленькая драўляная каплічка раптам згарэла — на вачах уражаных жыхароў над алтаром абвалілася столь і абраз знік у агні. Пазней, каля папялішча дзеці заўважылі Панну незвычайнай прыгажосці, акружаную яснымі прамянямі. Калі на гэтае месца прыйшлі святары, яны знайшлі на камені некрануты цудоўны абраз, перад якім гарэла свечка.

У часы Рэфармацыі, якая ігнаравала Багародзіцу, культ жыровіцкага абраза амаль не пашыраўся. У 1613 годзе тагачасны ўладальнік Жыровіч, Ян Мялешка пабудаваў тут мураваную святыню і кляштар і запрасіў да працы базыліян. Першым прыёрам кляштара быў Іасафат Кунцэвіч. Размешчаныя на мяжы Літвы, Русі і Польшчы, Жыровічы маглі аб’ядноўваць вернікаў, што ўслаўлялі Маці Божую, і стваралі адну хрысціянскую сям’ю. Шматлікія цудоўныя аздараўленні невылечна хворых і іншыя незвычайныя цуды, якія адбываліся тут, прыцягвалі да святога месца тысячныя натоўпы, таму слава мястэчка пашыралася далёка за межы краіны. Жыровічы не ведалі непаразуменняў і нянавісці: панавала адзіная вера, якая яднала розныя канфесіі.

19 верасня 1730 года, адбылася каранацыя Жыровіцкай Іконы Багародзіцы папскімі каронамі. Гэта было свята Раства Багародзіцы па юліянскім календары, а розніца паміж календарамі юліянскім і грыгарыянскім складала ў XVIII стагоддзі 11 дзён. Папам Рымскім быў тады Клімент XII, але рашэнне «ўзлажыць на галаву Богадзіцяці Ісуса і багародзіцы Дзевы ў Жыровічах у царкве айцоў ордэна Св. Васіля, Кіеўскага дыяцэза, залатыя кароны» было прынята яшчэ ў 1726 годзе, у час пантыфікату Папы Бенедыкта XIII. Княгіня Ганна Сангушка ахвяравала Маці Божай дзве залатыя кароны, аздобленыя каштоўнымі камянямі.

 
Ікона Маці Божай Жыровіцкай у касцёле Св. Андрэя ў Слоніме

На той час былі вядомыя тры выявы Жыровіцкай Іконы Маці Божай, якія праславіліся цудамі: першая — каменная, якая цудоўна з’явілася ў XV стагоддзі і знаходзілася (знаходзіцца і цяпер) у Жыровічах. Другая — ікона-фрэска з базыльянскай царквы Св. Сяргея і Вакха ў Рыме. Трэцяя (мастацкая копія другой), якая была напісана на палатне, як копія рымскай іконы-фрэскі. Гэтая ікона была каранавана папскімі каронамі і зараз шануецца ў Слоніме ў касцёле Святога Андрэя.

У 1839 годзе царскім указам святыня з абразом Маці Божай Жыровіцкай былі перададзена праваслаўнай Царкве.

Падчас Першай сусветнай вайны, у 1915 годзе, абраз Маці Божай Жыровіцкай у срэбным абкладзе і з іншымі каштоўнасцямі перавезлі ў Маскву. У студзені 1922 года стараннямі Жыровіцкага архімандрыта Ціхана Шарапава абраз вернуты ў Жыровічы (паводле падання, ён вывез яго ў слоіку з варэннем), але ўжо без абкладу.

Літаратура правіць

  • Ярашэвіч А. Жыровіцкі абраз Маці Божай // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 6. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6), с. 470—471.
  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Слонімскага раёна. — Мн.: БЕЛТА, 2004.— 752 с. — стар. 54.

Спасылкі правіць