Калмы́кі (саманазва хальмг) — народ мангольскага (айрацкага) паходжання, асноўная частка насельніцтва Калмыкіі.

Калмыкі
(хальмг)
Агульная колькасць 197 000
Рэгіёны пражывання Калмыкія
Мова калмыцкая
Рэлігія будызм
Блізкія этнічныя групы манголы, бураты, айраты

Рассяленне правіць

Большая частка калмыкаў пражывае на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі (183,4 тыс. чал. у 2010 г.), дзе складае асноўную частку насельніцтва Калмыкіі (57,4 % у 2010 г.). Жывуць таксама ў суседніх рэгіёнах Расіі, Маскве і Сібіры, па-за межамі Расіі — у Кыргызстане (4,2 тыс. у 2009 г.), ЗША (прыблізна 2 тыс.) і Францыі (прыблізна 1 тыс.).

Этнонім правіць

Мяркуюць, што этнонім калмыкаў паходзіць ад цюркскага слова калмак (адасобны, астатак) і першапачаткова азначаў частку заходніх манголаў-айратаў, якія не прынялі іслам. У рускіх афіцыйных дакументах ён фіксуецца з XVI стагоддзя. З канца XVIII ст. ім сталі карыстацца самі калмыкі.

Гісторыя правіць

 
Зыход калмыкаў у 1771 г.

Айраты, продкі сучасных калмыкаў, да XII—XIII ст. насялялі тэрыторыі паблізу возера Байкал, пазней адкачавалі ў Заходнюю Манголію і суседнія землі Алтая і Сярэдняй Азіі, дзе ў XIV—XVII стст. стварылі Джунгарскае ханства. У пачатку XVII ст. частка айратаў на чале з тайшы Хо Арлюкам па невядомых прычынах пакінула качэўі і рушыла на захад. У 1607 г. яны прынялі шэрць (прысягу) Васілю Шуйскаму. У 1608 г. расійскія ўлады вылучылі для іх качэўі ўздоўж рэк Іртыш, Ішым і Табол. Аднак супярэчанні з адміністрацыяй і сутыкненні з сібірскімі татарамі хутка прывялі да парушэння прысягі. Калмыкі рушылі ў бок Волгі. Канчатковы мір паміж расійскімі ўладамі і калмыкамі быў заключаны ў 1657 г., калі ўсе калмыцкія тайшы прынялі новую шэрць. Дагавор прадугледжваў «вечнае падданства і паслушэнства» рускаму цару і абавязак несці ваенную службу на карысць Расіі.

Тэрыторыі качэўяў калмыкаў неаднаразова мяняліся. У найбольш спрыяльныя перыяды XVII—XVIII стст. яны кантралявалі стэпы ад Каўказу на поўдні да Самары на поўначы, адкуль яны выціснулі нагайцаў. У 1750-я гг. да расійскіх калмыкаў далучыліся новыя перасяленцы з Джунгарыі.

У 1664 г. расійскія ўлады афіцыйна прызналі Калмыцкае ханства, якое дасягнула росквіту пры хане Аюке (1642—1724 гг.). Калмыкі прымалі ўдзел амаль ва ўсіх войнах, якія вяла Расія, у якасці саюзнай кавалерыі ці нерэгулярных ваенных фарміраванняў, у тым ліку на тэрыторыі Беларусі. Аюка і іншыя ханы самастойна заключалі дамовы з Портай, уваходзілі ў ваенныя сутыкненні з суседнімі народамі, у тым ліку з рускімі і ўкраінцамі. У 1771 г. Кацярына II скасавала Калмыцкае ханства, што прывяло да масавага зыходу калмыкаў на чале з ханам Убашы на землі, падначаленыя Кітаю. Згодна з паданнем, у Расіі засталіся толькі калмыкі, якія качавалі на правым беразе Волгі і не здолелі далучыцца да астатніх у выніку вясновай паводкі.

У 1800 г. Павел I узнавіў Калмыцкае ханства на чале з намеснікам, але ў 1803 г. яно зноў было скасавана Аляксандрам I. Калмыцкія качэўі былі далучаны да Астраханскай губерніі. Калмыкі працягвалі службу ў рускай арміі. У 1812 г. прымалі ўдзел у парадзе пераможцаў у Парыжы. З другой паловы XIX ст. частка калмыкаў спыніла качавы лад жыцця, наймалася на працу на нафтапромыслы ці займалася ловам рыбы, садаўніцтвам і агародніцтвам. У 1892 г. было адменена прыгоннае права.

Летам 1917 г. Часовы ўрад вылучыў у складзе Астраханскай губерніі Стэпавую вобласць калмыцкага народа з цэнтрам у Элісце (раней стаўка ханаў знаходзілася каля Самары). Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі многія калмыкі далучыліся да белага руху і пазней пакінулі Расію. Іншыя змагаліся на баку бальшавікоў. У 1920 г. была створаная Калмыцкая аўтаномная вобласць, ператвораная ў 1935 г. у Калмыцкую Аўтаномную Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку (КАССР). У 1930-х гг. у выніку калектывізацыі калмыкі былі вымушаныя пачаць весці аселы лад жыцця. Да 1937 г. былі зачынены ўсе будысцкія храмы. Праводзілася палітыка русіфікацыі. У 1943—1957 гг. КАССР была ліквідавана. Большасць калмыкаў падвергліся дэпартацыі ў Сярэднюю Азію, пад час якой загінула каля трэці народа. Пасля ўзнаўлення КАССР палітыка русіфікацыі працягвалася.

У 1990 г. Вярхоўны Савет КАССР прыняў дэкларацыю аб суверэнітэце. У 1992 г. была абвешчана Рэспубліка Калмыкія у складзе Расійскай Федэрацыі.

Традыцыйная культура правіць

Асноўным заняткам калмыкаў здаўна з’яўлялася качавая жывёлагадоўля, значна меней распаўсюджаны земляробства, лоў рыбы, паляванне. Гэта абумовіла шырокае ўжыванне мясной і малочнай ежы. У паўсядзённым жыцці сілкаваліся мясным супам, локшынай з мясам, запечанай у яме баранінай, пельменямі, якія запраўлялі цыбуляй. Звычайнымі таксама лічыліся тварог, кумыс, смятана, сухія вяршкі, праснакі, барцогі (смажаныя ў барановым лоі кавалкі цеста). Галоўным пітвом лічылася джомба (падсоленая гарбата з малаком).

Традыцыйныя рамёствы: чаканка, гравіроўка, мастацкі гафт, цісненне па скуры, разьбярства па дрэве і інш.

Мужчынская вопратка: прыталены кафтан, мяккія скураныя боты. Жаночая вопратка: доўгая сукенка з камізэлькай, доўгая кашуля, штаны і боцікі. Адмысловае значэнне надавалася мужчынскім металічным наборным і жаночым вышытым паясам, якія сведчылі аб шляхетнасці ўладальніка. У святочныя дні апраналі галаўныя ўборы, упрыгожаныя чырвоным пэндзлікам. І мужчыны, і жанчыны насілі доўгія валасы з косамі, упрыгожваліся кольцамі, завушніцамі і бранзалетамі.

У мінулым калмыкі сяліліся ў кібітках, будавалі зямлянкавыя і паўзямлянкавыя жытлы. Былі распаўсюджаны сваяцкія паселішчы — хатоны, якія мелі круглую планоўку. У цэнтр зганялася жывёла, там праводзіліся сямейныя і сваяцкія сходы. Сем’і былі пашыранымі і, у сваю чаргу, складаліся з малых. Сем’і аб’ядноўваліся ў групы, якія мелі адзінае (не абавязкова сваяцкае) паходжанне. Усяго вылучалася 6 такіх груп (таргуты, дэрбеты, хойты і інш.). На іх аснове праводзіўся адміністрацыйны падзел на аймакі і ўлусы. Дзяўчат аддавалі замуж у суседнія хатоны, але звычайна ў межах сваёй групы. Сватаўство прадугледжвала шчодрыя падарункі сваякам нявесты, хаця выкуп, як у суседніх народаў, не меў месца. Зурхачы (астролаг) вызначаў спрыяльны дзень для вяселля. Поўны цыкл вясельнай абраднасці займаў тры дні і болей.

У вуснай народнай творчасці існавалі такія жанры, як працяглы спеў, доўгія пажаданні, выслоўі, казкі, прымаўкі. Спецыяльныя прафесійныя казачнікі-джангарчы апавядалі гісторыка-міфалагічны эпас «Джангар».

Мова правіць

Калмыцкая мова (хальмг келн) належыць да мангольскай групы моў (Алтайская сям’я), але, у адрозненне ад сучаснай літаратурнай мовы Манголіі, сфарміравалася на аснове айрацкіх дыялектаў. З XVII ст. калмыкі карысталіся джунгарскай пісьмовасцю тода бічыг, створанай будысцкім манахам Заем. У 1924 г. яна была зменена на кірыліцу. У 1930—1938 гг. таксама карысталіся лацінкай.

У ХХ ст. з’явілася прафесійная літаратура (А. Амур-Санан, С. Каляеў, Д. Кугульцінаў, А. Бадмаеў і г. д.). У Калмыкіі маюцца выданні на калмыцкай мове, хаця выходзяць яны вельмі абмежаваным накладам. Гаворкавая калмыцкая мова хутка губляецца. ЮНЕСКА ўнесла калмыцкую мову ў спіс моў, што знаходзяцца пад пагрозай страты.

Рэлігія правіць

Найбольш распаўсюджаная рэлігія — будызм у форме ламаізму (ваджраяны). Пасля перасялення ў Расію калмыкі працягвалі захоўваць сувязь з Тыбетам. У XVII ст. іх двойчы ад імя далай-ламы наведваў Зая. Аднак будысцкія кляштары-хурулы знаходзіліся ў залежнасці ад свецкіх улад ці пэўных сем’яў і родаў. У Калмыкіі не мелася філасофскіх школ, амаль адсутнічала спецыяльная рэлігійная адукацыя. У 1930-я — сярэдзіне 1980-х гг. усе хурулы былі зачынены. У наш час дзейнічае 27 хурулаў, створана адзіная іерархія на чале з вярхоўным Шаджын-ламам. З 1991 г. Калмыкію некалькі разоў наведваў Далай-лама XIV.

Знакамітыя калмыкі правіць

Гл. таксама правіць

Літаратура правіць

Народы России: Энциклопедия. / Главный редактор В. А. Тишков. — М.: Большая Российская Энциклопедия, 1994

Спасылкі правіць