Камісія Затонскага
Камісія Затонскага была накіраваная ЦКК УКП(б) для абследвання практыкі правядзення нацыянальнай палітыкі ў Беларускай ССР. Вывады камісіі паслужылі важкай падставай для абвінавачванняў, якія былі прад’яўлены беларускай навуковай і творчай інтэлігенцыі ў канцы 1920-х гадоў і сталі падставай для палітычных рэпрэсій.
Гісторыя
правіцьКамісія знаходзілася ў Беларусі з 9 мая да 27 чэрвеня 1929 года. Узначальваў яе старшыня ЦКК Кампартыі Украіны Уладзімір Затонскі. Даклад камісіі ўключаў эканамічны агляд, стан і перспектывы развіцця мястэчак, палітыка-асветную работу ў БССР, выдавецкую дзейнасць, пытанні беларусізацыі, стан прэсы, навуковыя думкі ў гуманітарнай галіне. Характарыстыкі камісіі вызначаліся катэгарычнасцю, асабліва ў пытаннях нацыянальнай палітыкі. Адзначалася вялікая роля культурных сіл пры адноснай слабасці пралетарскага руху[1].
Крытычна ацэньвалася «Гісторыя Беларусі» Усевалада Ігнатоўскага за ідэалізацыю мінулага і папулярызацыю нашаніўскага адраджэння, навуковую дзейнасць Вацлава Ластоўскага, Сцяпана Некрашэвіча, Язэпа Лёсіка, Браніслава Эпімах-Шыпілы і іншых, выказаны крытычныя заўвагі ў адрас Янкі Купалы, Алеся Дудара, Міхася Зарэцкага. Пад жорсткую крытыку трапіў Зміцер Жылуновіч за грамадска-палітычныя і эстэтычныя погляды, літаратурную крытыку. Негатыўна ацэнена і дзейнасць кіраўнікоў рэспублікі: старшыні ЦВК БССР Аляксандра Чарвякова (за выступленне ў лютым 1929 года на XII з’ездзе КП(б)Б у абарону нацыянальнай інтэлігенцыі), народнага камісара асветы БССР Антона Баліцкага (за правядзення ў лістападзе 1926 года разам з Ігнатоўскім Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі), народнага камісара земляробства Дзмітрыя Прышчэпава і іншых. Характарыстыка практыкі правядзення нацыянальнай палітыкі ў БССР увязвалася з станам сельскай гаспадаркі. Камісія звязвала палітыку да заможнай часткі вёскі з станам нацыянальнага пытання, адзначыўшы, што «кулацкае наступленне на ідэалагічным фронце Беларусі адчуваецца найбольш моцна і змест яго прымае нацыянальныя формы[2].
27 чэрвеня 1929 года Затонскі выступіў на Бюро ЦК КП(б)Б з асноўнымі вывадамі камісіі. Даклад быў накіраваны ў ЦК і ЦКК УКП(б), у тым ліку асабіста Іосіфу Сталіну.
Накіраванне разглядаецца як адну з мер па падрыхтоўцы расправы над беларускай інтэлігенцыяй, неўзабаве была прыдумана справа «Саюза вызвалення Беларусі».
Крыніцы
правіцьЛітаратура
правіць- Міхась Касцюк. Затонскага камісія // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — С. 415—416. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.