Кау (народ)

(Пасля перасылкі з Канза)

Ка́у (саманазва: kaw), або ка́нза (kanza) — індзейскі народ, карэнныя жыхары ЗША. У нашы дні жывуць пераважна ў штаце Аклахома. Агульная колькасць (2012 г.) - 3 126 чал.

Кау, канза
kaw, kanza
Фота сяр. XIX ст.
Агульная колькасць 3126
Рэгіёны пражывання  ЗША
Мова канза
Рэлігія анімізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы арканзас, омаха, аява, осэйдж

Гісторыя правіць

Кау адносяцца да сіўанскіх народаў, якія ў старажытнасці насялялі даліну Агая, аднак да XVII ст. мігрыравалі ўздоўж рэчышчаў Місісіпі і Місуры, а потым пасяліліся на рацэ Канзас. Саманазва kaw азначае паўднёва-усходні вецер. Назву kanza індзейцы атрымалі ад французскіх місіянераў. У 1673 г. яна ўпершыню з'явілася на французскай карце і пазней увасобілася ў назве ракі і штата Канзас.

Кантакты з іспанцамі пачаліся яшчэ ў 1541 г. Яны не мелі сталага характару. У 70-я гг. XVII ст. былі ўсталяваны сувязі з французскімі гандлярамі. У канцы XVIII - першай палове XIX ст. кау моцна пацярпелі ад войнаў з аява і лакота. Асабліва неспрыяльная сітуацыя склалася пасля моцнай эпідэміі воспы ў 1801 г.

Пасля пераходу Луізіяны ў склад ЗША кау імкнуліся атрымаць знешнюю дапамогу з боку амерыканскіх ваенных, таму падпісалі мірныя пагадненні ў 1825 г., 1846 г. і 1859 г. Некаторыя кау ўдзельнічалі ў войнах супраць лакота на баку ЗША. З-за эпідэмій іх колькасць працягвала скарачацца. З 1789 г. да 1889 г. скарачэнне адбылося амаль у 10 разоў і дасягнула 194 чалавекі. У 1873 г. яны былі пераселены на поўнач Аклахомы, дзе было створана графства Кау на рацэ Канзас.

У 1902 г. кау фактычна пазбаўляліся ўнутранай аўтаноміі, якая была адроджана толькі ў 1959 г. У нашы дні сярод чальцоў племені кау высокі працэнт метысацыі.

Культура правіць

Кау здаўна займаліся земляробствам. Вырошчвалі бабовыя, гарбузы і кукурузу. Важную ролю ў забеспячэнні мелі загоннае паляванне і рыбалоўства. Пасля ўсталявання сувязяў з французскімі гандлярамі продаж скур дзікіх жывёл набыў камерцыйнае значэнне. У XIX ст. з-за дэпапуляцыі і экалагічных змен паляванне прыйшло ў заняпад, кау апынуліся ў залежнасці ад харчовай дапамогі з боку амерыканцаў. З XVIII ст. займаліся конегадоўляй.

Кау будавалі на рацэ сталыя вёскі, што складаліся з доўгіх саламяных хацін. Улетку палявалі ў прэрыях, дзе жылі ў часовых тыпі. Вопратку шылі са скур і тканін. Тыповымі элементамі адзення былі насцегнавая повязь, плашч, вузкія скураныя штаны і макасіны. Мужчыны галілі галаву і ўпрыгожвалі яе пер'ем. Іншыя элементы ўпрыгожванняў: пацеркі, ракавіны малюскаў, кавалкі металаў. Конныя паляўнічыя размалёўвалі свае шчыты.

Рэлігія правіць

Рэлігійныя вераванні засноўваліся на шанаванні духа-стваральніка сусвета і духоўных істот вакан. Міфалогія адлюстроўвае духоўныя пошукі культурных герояў.

У нашы дні большасць вернікаў — хрысціяне.

Мова правіць

Родная мова кау адносіцца да сіўанскай групы моў даліны Агая. У нашы дні знаходзіцца на мяжы знікнення. Большасць кау размаўляе ў побыце на англійскай мове.

Спасылкі правіць