Касцёл Карла Барамея (Пінск)
Касцёл Святога Карла Барамея — каталіцкі храм у Пінску, першапачаткова з'яўляўся касцёлам кляштара ордэна камуністаў.
Каталіцкі храм | |
Касцёл Святога Карла Барамея | |
---|---|
52°07′12″ пн. ш. 26°06′55″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Пінск |
Канфесія | Каталіцтва |
Епархія | Пінская дыяцэзія |
Ордэнская прыналежнасць | барталаміты |
Архітэктурны стыль | барока |
Будаўніцтва | 1770—1782 гады |
Дата скасавання | 1960 |
Стан | канцэртная зала |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гісторыя
правіцьУ адпаведнасці са статутам, члены ордэна жылі абшчынай (камунай) і мелі агульную касу даходаў. На тэрыторыі Беларусі кляштар ордэна камуністаў існаваў толькі ў Пінску. У Пінску члены ордэна асталяваліся дзякуючы дапамозе маршалка Вялікага княства Літоўскага Яна Караля Дольскага і яго жонкі Ганны, якія ў 1695 г. ахвяравалі на будаўніцтва кляштара пляц і 50 000 польскіх злотых. На гэтыя сродкі на ўсходняй ускраіне горада, якая атрымала назву Каралін, быў пабудаваны драўляны кляштар з касцёлам.
У 1770 г. на месцы драўлянага на сабраныя і ахвяраваныя сродкі члены ордэна пачалі будаўніцтва новага мураванага храма. Узвядзенне касцельнага будынка было завершана ў асноўным да 1782 г., аднак асвячэнне яго пад тытулам Святога Карла Барамея, як сведчаць дакументальныя крыніцы, адбылося толькі ў 1784 г.
У канцы XVIII ст. ордэн камуністаў прыйшоў у заняпад. Многія яго кляштары былі закрыты, а манахі размеркаваны па розных парафіях.
Пасля закрыцця кляштара касцёл стаў прыпісным[1], але да 1860 г. знаходзіўся ў запушчаным стане — не было сродкаў на яго рамонт. Толькі пасля збору добраахвотных ахвяраванняў гэта пытанне было паспяхова вырашана: сцены касцёла пабялілі ўнутры і звонку, а адрамантаваны дах накрылі новай чарапіцай. Нанава адрамантаваны касцёл быў асвячоны пад назвай Святой Тройцы. Ён амаль не быў пашкоджаны ў час Вялікай Айчыннай вайны і дзейнічаў да 1960 г.
Пасля закрыцця касцёла ў 1960-я гг. ён выкарыстоўваўся рознымі арганізацыямі. У 1980 г. у будынку былі праведзены рэстаўрацыйныя работы. Цяпер будынак былога касцёла выкарыстоўваецца для размяшчэння мастацкіх выставак і правядзення музычных вечароў. У 2013 годзе будынак быў адрэстаўраваны[2]
Архітэктура
правіцьБудынак уяўляе сабой прамавугольны ў плане аднанефавы храм, без вылучанай апсіды. З боку галоўнага фасада да касцёла далучаецца двух'ярусная званіца з шатровым дахам і купалам. Таўшчыня сцен у асобных месцах перавышае 2 м. Бакавыя з іх прарэзаны невялікімі арачнымі вокнамі і расчлянёны лапаткамі. Інтэр'еру залы надае ўрачыстасць і манументальнасць высокае крыжовае скляпенне. У нартэксе[3] касцёла зроблены галерэя (хоры) і лесвіца, якая ўмуравана ў моцную сцяну званіцы.
Зноскі
- ↑ галоўным касцёлам у Пінску з'яўляецца касцёл Успення Дзевы Марыі кляштара францысканцаў
- ↑ Касцёл Карла Барамея. Каменны старажыл Пінска
- ↑ уваходная частка
Літаратура
правіць- «Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік», Мінск 1993.
- Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X, с. 261-262.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Касцёл Карла Барамея (Пінск)