Адкрыць галоўнае меню

Касцёл Святога Міхаіла Арханёла (Поразава)

Каталіцкі храм
Касцёл Святога Міхаіла Арханёла
Касцёл Святога Міхаіла Арханёла
Касцёл Святога Міхаіла Арханёла
52°56′13″ пн. ш. 24°22′04″ у. д.HGЯO
Краіна Беларусь
Месцазнаходжанне
Канфесія Каталіцызм
Епархія Гродзенская дыяцэзія
Ваўкавыскі дэканат
Дата заснавання 1825

Касцёл Святога Міхаіла Арханёла — помнік архітэктуры класіцызму ў г.п. Поразава (Свіслацкі раён). Пабудаваны ў 1825—28 гг. з цэглы і бутавага каменю.

ГісторыяПравіць

Касцёл пад тытулам св. Міхала Арханёла заснавалі ў 1460 годзе Забярэзінскія, якім тады належала Поразава (па іншых звестках, касцёл быў заснаваны Рымвідам, дзедзічам Поразава). У 1511 фундуш быў сцверджаны каралём Жыгімонтам I.

У 1767 старажытная святыня згарэла ў пажары. Да 1769 касцёл адбудавалі нанава на сродкі генерала войск літоўскіх графа Тышкевіча і ў тым жа годзе асвяцілі ў гонар святых апосталаў Пятра і Паўла. Гэта была драўляная аднавежавая святыня на камен­ным падмурку, прэсбітэрый фланкавалі дзве сакрыстыі. Першы ярус вежы-званіцы завяршалі разьбяныя фігуры святых Пятра і Паўла на пастаментах. Пад касцёлам знаходзіліся два мураваныя склепы: адзін пад прэсбітэрыем (з маўзалеем Завішаў, рэгентаў троцкіх), другі перад алтаром. Усе чатыры алтары ў касцёле былі ў оптыцы маляваныя. У галоўным трох’ярусным алтары знаходзіўся абраз Унебаўзяцця Дзевы Марыі, над ім — абраз Найсвяцейшай Тройцы ў акружэнні фігур святых Пятра і Паўла, наверсе — «Божы Провід» у аблоках і промнях; злева стаяў двух’ярусны бакавы алтар Беззаганага Зачацця Дзевы Марыі (у другім ярусе абаза не было). Яшчэ два двух’ярусныя алтары стаялі за краткамі: справа — алтар св. Ганны з абразом св. Пятра наверсе, злева — алтар Маці Божай Ружанцовай з абразом св. Тадэвуша ў другім ярусе (у 1796 г. у алтары знаходзіўся абраз Маці Божай з Езусам у шаце і абраз Імя Марыі). На хорах стаяў дзесяцігалосны арган. У двух’яруснай званіцы былі змешчаны тры званы.

Пры касцёле дзейнічала альтарыя, а таксама шпіталь.

Драўляны касцёл у 1797 годзе спаліла маланка, і да 1828 набажэнствы адпраўляліся ў часовай капліцы. Святыня ізноў была асвечана пад тытулам святых Пятра і Паўла, унутры было тры алтары: галоўны — Унебаўзяця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, левы бакавы — св. Тадэвуша і св. Тэклі, правы — Маці Божай Ружанцовай. Побач з капліцай стаяла званіца на чатырох слупах.

У 1825 ў Поразаве пачалося будаўніцтва новага мураванага касцёла ў стылі класіцызму паводле праекта архітэктара Цюнкевіча. Святыня была ўзведзена ў 1828, дату пабудовы выбілі на камяні справа ад уваходу. Касцёл быў асвечаны пад новым тытулам св. Міхала Арханёла 28 верасня таго ж года. З 1830 пры касцёле пачала дзейнічаць парафіяльная школа.

Перад II Сусветнай вайной колькасць вернікаў поразаўскай парафіі перавышала 6500 чалавек. Да парафіі ў ХVIII ст. належала капліца ў Янаўшчыне, а ў ХIХ ст. — капліцы ў Студзеніках і на мясцовых могілках (капліца ў Янаўшчыне ў гэты час ужо не ўзгадваецца). Апошняя была асвечана кс. М. Грабавецкім каля 1830, але не захавалася. Невялічкая драўляная прыдарожная капліца, пабудаваная на пачатку ХХ ст. на высокім схіле дарогі на Новы Двор, пры выездзе з Поразава.

Верагодна, яшчэ да пачатку вайны з Германіяй савецкія ўлады адабралі будынак плябаніі. У пасляваенны час поразаўскі пробашч жыў у драўлянай хаце перад касцёлам, але ў 1958 будынак забралі пад публічную бібліятэку. Касцёл жа дзейнічаў увесь час, з 1970-х гадоў мае статус помніка архітэктуры.

Кляштар фран­цішканцаў у Поразаве заснаваны 27 мая 1992 года, мае тытул св. Міхала Арханёла. Размяшчаецца ў новай плябаніі, пабудаванай з сілікатнай цэглы ў 1988-89 гады.

АрхітэктураПравіць

Прамавугольны ў плане будынак накрыты двухсхільным дахам. Галоўны фасад завершаны трохвугольным франтонам, завер­шаны невялікай двух’яруснай галоўкай, на ім знаходзіцца надпіс «BÓG NASZĄ UCIECZKĄ» («Бог — наш паратунак»). Сцены складзеныя з абчасанага каменю. Піластры на фасадах, прамавугольныя абрамленні аконных праёмаў, фрыз, карніз і франтон галоўнага фасада цагляныя, атынкаваныя. Інтэр’ер зальны, столь плоская, драўляная. Уздоўж заходняй сцяны — хоры. Разныя алтары, кафедра, паліхромная драўляная скульптура (XVIII ст.) — характэрныя ўзоры народнага манументальна-дэкаратыўнага мастацтва.

Касцёльны ўчастак абнесены бутавай агароджай, галоўны ўваход пазначаны брамай-званіцай (пабудавана паміж 1830 і 1840 гадамі). У ёй змешчаны чатыры званы (у тым ліку цікавы звон з сюжэтнай гравіроўкай, адліты ў 1749). Перад касцёлам, амаль у куце агароджы, стаіць былая костніца, якая цяпер выкарыстоўваеца як сховішча.

Інтэр’ерПравіць

Залавы інтэр’ер, перакрыты плоскай падшыўной дашчанай столлю, упрыгожваюць разьбяныя барокавыя алтары XVIII ст. У цэнтры галоўнага алтара змешчаны абраз Маці Божай Поразаўскай, які ў 1937 годзе намаляваў Пётр Сергіевіч, наверсе — тытульны абраз св. Міхала Арханёла. На менсе алтара ўсталяваны фігуры святых біскупаў Аўгусціна (злева) і Амброзія. Бакавыя алтары двух’ярусныя: у левым — абраз Найсвяцейшай Тройцы і св. Дамінік з ружанцам, наверсе змешчаны абраз св. Марыі Магдалены, а таксама фігуры Езуса Убічаванага і Маці Божай, у правым — абраз Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса, наверсе — Маці Божая Шкаплерная і фігуры святых Пятра і Паўла. На бакавых сценах малітоўнай залы змешчаны вялікія абразы св. Вінцэнта (злева) і св. Францішка. Пры правай сцяне касцёла яшчэ ў 1980-я гады стаяў невялікі драўляны пафарбаваны ў белы колер барокавы алтар канца XVIII ст., потым ён быў вывезены. Над уваходам зроблены арганныя хоры, дзе знаходзіцца арган, створаны ў 1897 годзе Эдвардам Крукоўскім на сродкі, што сабралі парафіяне.

ЛітаратураПравіць

  • Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мінск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.

СпасылкіПравіць