Касцёл Святога Юрыя (Вялікія Свіранкі)
Касцёл Святога Юрыя (руск.: костел Святого Юрия в Больших Свирянках, польск.: kościół Świętego Jerzego w Wielkich Świrankach) — драўляны каталіцкі храм у вёсцы Вялікія Свіранкі Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці. Уваходзіць у склад Астравецкага дэканата Гродзенскай дыяцэзіі. Касцёл размешчаны ў цэнтры вёскі. Помнік драўлянага дойлідства ў стылі барока другой паловы XVII ст. — уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь (шыфр 413Г000731).
Каталіцкі храм | |
Касцёл Святога Юрыя | |
---|---|
| |
54°50′24″ пн. ш. 26°03′46″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Вёска | Вялікія Свіранкі |
Канфесія | Каталіцызм |
Епархія |
Гродзенская дыяцэзія Астравецкі дэканат |
Першае згадванне | 1498 год |
Стан | дзейнічае |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гісторыя
правіцьПершае пісьмовае сведчанне пра касцёл Святога Юрыя ў Свіранках датавана 1498 г.[1].
Фундатарамі касцёла з’яўляліся ўладальнікі маёнтка Свіранкі князі Свірскія. Паводле выпісу (экстракту) з фундуша свіранскага касцёла ад 1498 года касцёлу надаваліся дзесяціна і воск. Фундуш быў дадзены Аленай Даўгірдаўнай, жонкай князя Петкі Свірскага[1]. Акрамя таго, яна запісала касцёлу карчму ў мястэчку Свіранкі[2].
Фундацыя алтара ў Свіранках была зроблена ўнучкай Алены Даўгірдаўны — Альжбетай, дачкой Рыгора Станькавіча Осціка і Аляксандры Петкаўны Свірскай, жонкай Мікалая Станіслававіча Кезгайлы. Паводле тастамента Мікалая Станіслававіча Кезгайлы ад 15 мая 1523 года на алтар надаваўся адзін арнат аксамітны чорны, а другі залачоны, падбіты гарнастаямі. Акрамя таго, прадпісвалася аздобіць алтар «imagines sculptas» разьбой за 10 коп грошаў літоўскіх[3].
У пачатку XVI ст. князь Ян Талімунтавіч Свірскі запісаў касцёлу шэсць азёр са сваіх уладанняў.
У 1503 г. згадваецца плябан свіранскі Пётр[1], у 1508 г. — плябан, ксёндз Марцін, у 1524 г. плябанам касцёла стаў былы пісар Віленскай капітулы ксёндз Ян Альбінус з Кракава[4]. У 1526 г. плябанам свіранскага касцёла быў Раман Мілавідавіч.
Пасля смерці князя Ждана Аляксандравіча Свірскага плябан свіранскі Станіслаў 12 мая 1535 г. судзіўся наконт атрымання падаткаў (дзесяціны) з маёнтка Ясень на касцёл у Свіранках[5].
Наступны фундушовы запіс на плябанію і алтарыю свіранскую зроблены ў 1543 г. княжной Марынай Жданавай Свірскай[6].
У 1559 г. касцёлу перайшло 13 дымоў падданых сялян[7].
У рэестры дакументаў 1561 г. зафіксаваны акт аб замене касцельнага става ў маёнтку Ясень на зямлю, якую атрымалі плябан і алтарыста свіранскі[6]. У 1563 г. згадваецца свіранскі плябан, ксёндз Андрэй Вінскі[8].
У другой палове XVI ст., калі маёнткам Свіранкі валодаў Рыгор Рыгоравіч Осцік, касцёл быў драўляным аднавежавым са званом і драўлянай званіцай з двума званамі.
Паводле дакументаў Галоўнага трыбунала Вялікага Княства Літоўскага ад 11.05.1593 г., князь Ян Баляслававіч Свірскі ў 1593 г. саступіў фундатарскія правы на касцёл віленскаму войскаму Яну Абрамовічу[7].
У другой палове XVI — першай палове XIX стст. касцёл Святога Юрыя належаў Віленскай алтарыі і капітуле[9]. Касцёл, як парафіяльны, уваходзіў у Свірскі дэканат Віленскай дыяцэзіі.
Падчас вайны Расіі і Рэчы Паспалітай 1654—1667 гг. касцёл і двор Свіранкі былі спалены[10].
Прадстаўнікі свіранскага касцёла ў 1669 г. бралі ўдзел у сінодзе віленскага біскупа Аляксандра Сапегі[11].
У 1669—1671 гг. касцёл адбудоўваецца за кошт сродкаў Віленскай капітулы[12]. Менавіта гэты будынак з невялікімі пераробкамі захаваўся да нашага часу, аб чым яскрава сведчыць план касцёла[13].
У 1690 г. пры касцёле пабудаваны драўляны кляштар місіянераў[14]. Пры кляштары існаваў шпіталь.
Падчас Паўночнай вайны 1700—1721 гг. касцёл быў пашкоджаны і затым адноўлены дзякуючы намаганням суфрагана віленскага Мацея Юзафа Анцуты[15].
Згодна з падымнай тарыфай Ашмянскага павета, у 1717 г. у Свіранскай парафіі налічвалася 147 дымоў (з кожнага дыма плацілі па 3 злотых і 10 грошаў)[16].
Паводле даследавання Яна Курчэўскага, у 1781 г. Свіранская парафія налічвала 6028 парафіян і была самай вялікай на тэрыторыі сучаснай Астравеччыны[17].
У 1781—1828 гг. у Свіранках працавалі парафіяльная і прыкляштарная школы[18].
У 1880—1890-х гг. каталіцкая парафія ў Свіранках налічвала 4586 чалавек[18].
Як сведчаць архіўныя дакументы, у 1873—1877 гг. праводзіліся рамонт і рэканструкцыя касцёла[19]. На рэштках адной з вежаў аб гэтым захаваліся запісы — kryty 1873 r. (крыты 1873 г.) і 1877.
Памятная дошка ў касцёле распавядае пра тое, што напрыканцы XIX ст. тут служыў і ў 1883 г. памёр ксёндз-пробашч Напалеон Качынскі.
У 1910 г. каля касцёла Святога Юрыя ў Вялікіх Свіранках узведзена двух’ярусная чацверыковая званіца. У 1909—1920 гг. ксяндзом-пробашчам касцёла быў Валяр’ян Голяк.
У 1927 г. сіламі парафіян вёўся рамонт касцёла, што пацвярджаюць надпісы з датай і прозвішчамі, пакінутыя на адной з дошак шалёўкі.
Пасля смерці ксяндза Юзафа Хлявінскага ў 1953 г. касцёл у Вялікіх Свіранках быў зачынены ўладамі і выкарыстоўваўся як сельскагаспадарчы склад.
На тэрыторыі Свіранскай парафіі, у вёсцы Падольцы, у 1995 г. была пабудавана капліца Маці Божай Чэнстахоўскай, асвечаная 14 мая 1995 г.
У 1998 г. касцёл Святога Юрыя вернуты парафіянам, а ў 1999 г. адбудаваны на сродкі вернікаў Свіранскай парафіі.
У цяперашні час вядзецца рамонт касцёла на сродкі парафіян.
Архітэктура
правіцьБудынак касцёла прамавугольны ў плане, з пяціграннай апсідай, накрыты двухсхільным дахам, які пад апсідай пераходзіць у вальмавы. Па баках — дзве закрысціі розных памераў.
Галоўны фасад мае трохвугольны франтон з акенцам у цэнтры і фланкіраваны чацверыковымі вежамі. Іх завяршэнні не захаваліся, але пад дахам ёсць рэшткі вежаў з вокнамі. Над франтонам — невялікі васьмігранны барабан, накрыты шатровым дахам. Невысокі ўваходны прытвор таксама накрыты двухсхільным дахам з трохвугольным франтонам. Сцены прарэзаны лучковымі аконнымі праёмамі і ашаляваныя.
У інтэр’еры сцены падзелены пілястрамі з філёнгамі ў ніжніх частках і ашаляваныя гарызантальна. Столь плоская на падугах, аддзелена ад сцен тонкім гзымсам. Па баках нартэкса размешчаны вежы: з правай па вітай лесвіцы можна патрапіць на хоры, з левай — у паддашкавае памяшканне[13][14].
Першапачаткова двухвежавы касцёл быў пабудаваны ў другой палове XVII ст. у стылі барока, а пасля перабудовы другой паловы XIX ст. набыў сучасны выгляд з рысамі барочнага класіцызму.
У склад архітэктурнага ансамбля касцёла ўваходзяць драўляныя будынкі плябаніі і шпіталя, а таксама рэшткі званіцы з мураванай агароджай, пахаванні святароў.
Пабудаваная ў 1910 г. двух’ярусная званіца складалася з бутавых камянёў (глухі ніжні ярус) і цэглы (верхні ярус). З усіх бакоў верхні ярус быў прарэзаны двума высокімі паўцыркульнымі праёмамі[14].
Ксяндзы і плябаны
правіцьУ архіўных крыніцах узгадваюцца:
- 1503 г. — плябан Пётр;
- 1508 г. — плябан, ксёндз Марцін;
- 1524 г. — плябан, ксёндз Ян Альбінус;
- 1526 г. — плябан Раман Мілавідавіч;
- 1535 г. — плябан Станіслаў;
- 1541 г. — плябан, ксёндз Андрэй, віленскі дэкан і канонік (?);
- 1563 г., 1578 г. — плябан, ксёндз Андрэй Вінскі;
- 1632 г., 1649 г. — плябан, ксёндз Войцех Жабінскі, 1635—1651 гг. — прэлат катэдральны, афіцыял віленскі;
- 1784 г. — ксёндз Ігнацій Тавянскі, вікарый;
- 1827 г. — плябан, ксёндз Іваноўскі;
- 1830 г. (?) — ксёндз Ян Цывінскі;
- 1883 г. (год смерці) — ксёндз-пробашч Напалеон Качынскі;
- 1895 г. (год смерці) — ксёндз-пробашч Францішак Ярмаловіч (гады жыцця — 1820—1895; пахаваны ля касцёла (захавалася магіла));
- 1909 г. — ксёндз-пробашч Прышманд (?);
- 1909—1920 гг. — служэнне ксяндза-пробашча Валяр’яна Голяка;
- 1920—1930 гг. — пробашч Ян Сялевіч.
- 1930—1953 гг. — пробашч Юзаф Хлявінскі (гады жыцця — 1881—1953; пахаваны ля касцёла (захавалася магіла)).
Пасля вяртання будынка касцёла вернікам і адбудовы ў 1999 г. у касцёле служылі ксяндзы: Леанард Чухоньскі, Казімір Ляховіч, Павел Гардзейчык, з канца 2021 г. і па цяперашні час — ксёндз Аляксандр Сямінскі.
Галерэя
правіць-
Фрагменты вежаў пад дахам касцёла
-
Надпісы на рэштках адной з вежаў касцёла (1873 і 1877 гг.)
-
Касцёл Святога Юрыя, 2018 г.
-
Касцёл Святога Юрыя, 2020 г.
-
Рэшткі званіцы, 2018 г.
-
Касцёл Святога Юрыя. Зiма 2022 г.
-
Касцёл Святога Юрыя, 2020 г.
-
Старая пячатка пробашча Свіранскай парафіі
-
Надпісы з унутранага боку шалёўкі (1927 г.)
-
Касцёл Святога Юрыя, 2023 г.
-
Касцёл Святога Юрыя падчас рамонту, 2023 г.
Крыніцы
правіць- ↑ а б в Tęgowski, J. Rodowód kniaziów Świrskich do końca XVI wieku / J. Tęgowski // Biblioteka Genealogiczna. — Wrocław: Wydawnictwo Uniwersytetu Wrocławskiego, 2011. — Т. 9. — С. 181.
- ↑ Tęgowski, J. Rodowód kniaziów Świrskich do końca XVI wieku / J. Tęgowski // Biblioteka Genealogiczna. — Wrocław: Wydawnictwo Uniwersytetu Wrocławskiego, 2011. — Т. 9. — С. 187.
- ↑ Tęgowski, J. Rodowód kniaziów Świrskich do końca XVI wieku / J. Tęgowski // Biblioteka Genealogiczna. — Wrocław: Wydawnictwo Uniwersytetu Wrocławskiego, 2011. — Т. 9. — С. 182.
- ↑ Брэгер, Г. М., Віталёва, В. В. З гісторыі населеных пунктаў / Г. М. Брэгер, В. В. Віталёва // Памяць. Астравецкі раён. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 2004. — С. 554.
- ↑ Tęgowski, J. Rodowód kniaziów Świrskich do końca XVI wieku / J. Tęgowski // Biblioteka Genealogiczna. — Wrocław: Wydawnictwo Uniwersytetu Wrocławskiego, 2011. — Т. 9. — С. 182—183.
- ↑ а б Tęgowski, J. Rodowód kniaziów Świrskich do końca XVI wieku / J. Tęgowski // Biblioteka Genealogiczna. — Wrocław: Wydawnictwo Uniwersytetu Wrocławskiego, 2011. — Т. 9. — С. 183.
- ↑ а б Брэгер, Г. М., Віталёва, В. В. З гісторыі населеных пунктаў / Г. М. Брэгер, В. В. Віталёва // Памяць. Астравецкі раён. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 2004. — С. 555.
- ↑ Tęgowski, J. Rodowód kniaziów Świrskich do końca XVI wieku / J. Tęgowski // Biblioteka Genealogiczna. — Wrocław: Wydawnictwo Uniwersytetu Wrocławskiego, 2011. — Т. 9. — С. 184.
- ↑ Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы (Lietuvos valstybės istorijos archyvas). — Ф. 525. Воп. 8. Спр. 395.
- ↑ Брэгер, Г. М. Лёсы прыгонных сялян / Г. М. Брэгер // Памяць. Астравецкі раён. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 2004. — С. 103—104.
- ↑ Kurczewski, J. Biskupstwo Wileńskie / J. Kurczewski. — Wilno, 1912. — С. 467.
- ↑ Kurczewski, J. Biskupstwo Wileńskie / J. Kurczewski. — Wilno, 1912. — С. 207.
- ↑ а б Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць. — Мінск: Беларуская савецкая энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1986. — С. 88—89.
- ↑ а б в Габрусь, Т. В. Архітэктурныя помнікі Астравецкага раёна / Т. В. Габрусь // Памяць. Астравецкі раён. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 2004. — С. 480—481.
- ↑ Kurczewski, J. Biskupstwo Wileńskie / J. Kurczewski. — Wilno, 1912. — С. 52—53.
- ↑ Юрша, В. Ошмянский край / В. Юрша. — Минск, 2016. — Т. 2: Ксендзы и костелы. — С. 11—12.
- ↑ Kurczewski, J. Biskupstwo Wileńskie / J. Kurczewski. — Wilno, 1912. — С. 290—291.
- ↑ а б Марозава, С. Старонкі канфесійнай гісторыі Астравеччыны (XIV—XIX ст.) / С. Марозава // Памяць. Астравецкі раён. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 2004. — С. 136.
- ↑ Архіў Віленскай капітулы // Бібліятэка Віленскага ўніверсітэта (Vilniaus kapitulos dokumentų fondas // Vilniaus universiteto biblioteka). — Ф. 43.
Літаратура
правіць- Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін.
- Świderski, A. J. Dekanat Świrski w 1784 r. w świetle opisów plebanów / A. J. Świderski. — Białystok, 2004.
- Przyszłość kultury Polaków na kresach. — Т. 2: materiały z Konferencji Naukowej w Drohiczynie 1—3 maj 2000 poprzedzającej Kongres Kultury Polskiej, 2000.
- Галоўны архіў старажытных актаў у Варшаве (Archiwum Główne Akt Dawnych w Warszawie): архіўныя дакументы.
- Архіў Віленскай капітулы // Бібліятэка Акадэміі навук Літвы імя Урублеўскіх (Vilniaus kapitulos dokumentų fondas // Lietuvos mokslų akademijos Vrublevskių biblioteka): архіўныя дакументы.
Спасылкі
правіць- Вялікія Свіранкі — парафія Св. Юрыя // catholic.by
- Касцёл Святога Юрыя (Вялікія Свіранкі) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- У Свіранскай парафіі з’явіўся ксёндз-пробашч // «Астравецкая праўда»