Касцёл Святой Людмілы (Вінаграды)
Касцёл Святой Людмілы (чэшск.: Kostel svaté Ludmily) — каталіцкі прыхадскі храм у неагатычным стылі на плошчы Міру ў пражскім раёне Вінаграды (Прага 2). Пабудаваны ў 1888—1892 гадах па праекце Ёсефа Моцкера.
Каталіцкі храм | |
Касцёл Святой Людмілы | |
---|---|
Kostel svaté Ludmily | |
| |
50°04′31″ пн. ш. 14°26′14″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Чэхія |
Горад, раён | Прага, Вінаграды |
Канфесія | Каталіцтва |
Епархія | Архідыяцэзія Прагі |
Тып будынка | Псеўдабазіліка |
Архітэктурны стыль | неаготыка |
Архітэктар | Ёсеф Моцкер |
Дата заснавання | 25 лістапада 1888 года |
Будаўніцтва | 1888—1892 гады |
Статус | Прыхадскі храм |
Стан | Дзеючы |
Сайт | ludmilavinohrady.cz |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гісторыя
правіцьПрыход Святой Людмілы, першай чэшскай святой, быў заснаваны ў лістападзе 1884 года. Будаўніцтва прыхадскога храма, прысвечанага Святой Людміле, пачалося 25 лістапада 1888 года, калі быў закладзены яго краевугольны камень. На месцы будучага касцёла да апошняга моманту размяшчаліся звярынец і цырк пасярод жытняга поля[1][2].
Праект быў распрацаваны вядомым у той час архітэктарам Ёсефам Моцкерам. У будаўніцтве і аздабленні храма бралі ўдзел такія вядомыя майстры, як скульптар Ёзеф Вацлаў Мысльбек, мастакі Іозеф Чапек, Антанін Прохазка і Францішак Жэнішак. Мысльбек, апроч іншага, стварыў статуі Святога Вацлава і Святой Людмілы на фасадзе касцёла. Галоўны алтар быў створаны па эскізе архітэктара Антаніна Турака. У 1892 годзе месца будаўніцтва касцёла наведаў імператар Франц-Іосіф I. У тым жа годзе будаўніцтва касцёла было скончана, а яго асвячэнне адбылося 8 кастрычніка 1893 года. Цырымонію асвячэння праводзіў архібіскуп пражскі Францыск фон Паўла-Шонбарн з двума біскупамі[1][2].
Агульныя выдаткі на будаўніцтва склалі 369 922 аўстрыйскіх гульдэнаў, з якіх 276 482 было выдаткавана на ўласна будаўнічыя працы і 93 440 — на ўнутранае аздабленне храма. Міністр-прэзідэнт Паўль Гаўч дазволіў Маціцы духоўнай вылучыць на будаўніцтва толькі 30 000 гульдэнаў, астатняе было аплачана горадам Вінаграды і ўнёскамі гараджан[2].
На дзвюх вежах касцёла ўстанавілі чатыры званы, вырабленых пражскай майстэрні Г. Дыепальта. Гэтыя званы атрымалі імёны «Вацлаў», «Пракоп», «Войцех» і «Людміла». Падчас Першай сусветнай вайны званы былі рэквізаваны і пайшлі на ваенныя патрэбы. У храма застаўся толькі невялікі пахавальны звон вагай 78,5 кг, які аднак у выніку частага выкарыстання неўзабаве трэснуў, а пасля пераліцця набыў непрыемны гук. У 1925 годзе архідэкан Антанін Хофман арганізаваў збор сродкаў на выраб і ўстаноўку пяці новых званоў, якія былі замоўлены ў старой звонавай фірмы Рыхарда Геральда ў Хомутаве. 25 верасня 1925 года новыя званы асвяцілі і ўсталявалі на храмавыя вежы. Званы былі прысвечаны тым жа чэшскім святым, што і першапачатковыя, а новы пахавальны звон вагай 109 кг асвяцілі ў гонар Святога Іосіфа. Агульны кошт новых званоў склаў 168 666,90 крон, з якіх 79 978,20 крон каштаваў адзін толькі звон Святой Людмілы вагай 2 960 кг[3].
1 студзеня 1929 года з нагоды святкавання тысячагоддзя смерці Святога Вацлава архібіскуп пражскі Францішак Кордач павялічыў статус прыходу Святой Людмілы да архідэканата, адпаведна касцёл атрымаў статус архідэканскага[1][4].
Увесну 1974 года ў сувязі з будаўніцтвам станцыі метро Намесці Міру храм Святой Людмілы быў зачынены, пасля чаго ў 1980 годзе пачаўся яго капітальны рамонт, разлічаны на 20 гадоў. Да снежня 1984 года была скончана рэстаўрацыя паўднёвага нефа, дзе часова праводзілася імша. 16 верасня 1992 годзе, у дзень шанавання Святой Людмілы, храм быў ізноў адкрыты — урачыстую цырымонію асвячэння новага алтара versus populum правёў кардынал Міласлаў Влк. 3 верасня 1993 года на вежах касцёла зноў загучалі званы[1].
У наш час у арэале храма часта праводзяцца канцэрты пад голым небам, калядныя і велікодныя кірмашы, дабрачынныя распродажы. Храм адкрыты для наведвання толькі падчас службаў.
Статуя Святога Пракопа ў нішы каля галоўнага ўваходу ў храм |
Касцёл Святой Людмілы на плошчы Міру | Тымпан над галоўным уваходам у храм. «Хрыстос, які бласлаўляе Святога Вацлава і Святую Людмілу», Іозеф Вацлаў Мысльбек |
Неагатычны фасад касцёла |
Апісанне
правіцьКасцёл Святой Людмілы ўяўляе сабой трохнефную неагатычную псеўдабазіліку з крыжападобным трансептам і дзвюма 60-мятровымі вежамі, якія дамінуюць над плошча Міру. Даўжыня галоўнага нефа складае 50 метраў. Кожная з вежаў мае па два званы. Храм спраектаваны і ўзведзены ў стылі ранняй паўночнагерманскай готыкі[2][5].
Над галоўным уваходам знаходзіцца цэнтральны партал, тымпан якога ўпрыгожаны рэльефам «Хрыстос, які бласлаўляе Святога Вацлава і Святую Людмілу» працы Ёзефа Вацлава Мысльбека. Тымпан вянчаюць рэльефныя выявы Бога Бацькі і Святога Духа ў выглядзе голуба таксама працы Мысльбека. Шчыт галоўнага фасада ўпрыгожаны скульптурай Святой Людмілы працы Л. Шымека. Шчыты трансепта ўпрыгожаны статуямі Святых Кірыла і Мяфодзія працы Бернарда Ота Сеелінга (1892 год). Вакол ружы галоўнага фасада знаходзяцца сімвалы чатырох евангелістаў працы Ёсефа Чапека. У ніжніх нішах фасада абапал галоўнага ўваходу знаходзяцца статуі Святога Пракопа і Святога Войцеха працы Фр. Гергесела і Антаніна Прохазкі. Да галоўнага ўваходу вядзе масіўная лесвіца[2][5][6].
Інтэр'ер храма дзівіць сваёй пышнасцю. Аўтарам паліхроміі з'яўляецца Карл Ёбст. Вітражы вокнаў распісаны мастакамі Францішкам Секуенсам, Францішкам Жэнішкам, Адольфам Лібшэрам і Францішкам Урбанам, якія намалявалі на іх фігуры святых. На вялікіх вокнах трансепта намаляваны сцэны мучаніцкай смерці Святога Вацлава і Святой Людмілы. Некаторыя іх вокнаў храма пацярпелі падчас Другой сусветнай вайны, аднак затым былі адноўлены. Кафедра храма створана разьбяром Ё. Зікам і ўпрыгожана скульптурамі Антанінам Прохазкам. Сцены галоўнага нефа распісаны фрэскамі з выявай святых і персанажаў Старога запавету — Аўраама, Ісака, Ноя і іншых[2][5].
Галоўны алтар, вышынёй 16 метраў, быў створаны Антанінам Туракам. Алтар упрыгожаны каштоўнымі і напаўкаштоўнымі камянямі, на ім узвышаецца распяцце, сімвал Бога Бацькі і статуя Святой Людмілы працы Ч. Восміка. Побач з алтаром на сцяне знаходзіцца фрэска з дзевяццю сцэнамі з жыцця Святой Людмілы. Мармуровы алтар versus populum («тварам да вернікаў»), асвечаны 16 верасня 1992 года, у адпаведнасці з патрабаваннямі II Ватыканскага сабору размешчаны ў аптычным цэнтры храма[5].
Бакавыя алтары касцёла таксам вартыя ўвагі. Левы алтар прысвечаны Дзеве Марыі і шасці святым чэшскім заступнікам. Дзева Марыя з немаўлём сядзіць на прастоле, вакол якога схіляюцца чэшскія святыя Людміла, Вацлаў, Войцех, Пракоп, Анежка і Ян Непамуцкі (аўтарамі статуй з'яўляюцца Ё. Кастнер, Ш. Залешак, Ф. Лукаўскі). На правым алтары знаходзіцца падвойная скульптура Святых Кірыла і Мяфодзія, абапал яе размешчаны рэльефныя выявы сцэн хрышчэння Святой Людмілы і яе мужа князя Баржывоя. Алтары былі створаны па праекце і пад наглядам прафесара Школы прыкладнога мастацтва ў Празе Штэпана Залешака. Першы алтар асвяцілі 8 снежня 1922 года (выдаткі на яго стварэнне склалі 120 500 крон), другі — 5 ліпеня 1927 года (яго стварэнне каштавала 121 803 кроны)[7]
На хорах храма знаходзіцца арган, які складаецца з 3000 труб, падзеленых на 46 рэгістраў, якія кіруюцца трыма мануаламі і педаллю[2].
Бакавы алтар Дзевы Марыі і шасці святых чэшскіх заступнікаў |
Галоўны алтар храма | Ружа галоўнага фасада з сімваламі чатырох евангелістаў |
Бакавы алтар Святых Кірыла і Мяфодзія |
Крыніцы
правіць- ↑ а б в г Historie kostela sv. Ludmily.
- ↑ а б в г д е ё Památník města Královských Vinohradů 1929, s. 114.
- ↑ Památník města Královských Vinohradů 1929, s. 114—115.
- ↑ Památník města Královských Vinohradů 1929, s. 116.
- ↑ а б в г Průvodce kostelem.
- ↑ Bernard Otto Seeling // Злата Прага. — 1894—1895. — Т. 12. — № 24. — С. 282.
- ↑ Památník města Královských Vinohradů 1929, s. 115—116.
Літаратура
правіць- Památník města Královských Vinohradů / František Pavlík. — Praha, 1929. — S. 114—116. — 196 S.(недаступная спасылка)
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Касцёл Святой Людмілы (Вінаграды)
- Historie kostela sv. Ludmily(недаступная спасылка). Římskokatolická farnost u kostela sv. Ludmily, Praha - Vinohrady. Архівавана з першакрыніцы 18 лютага 2015. Праверана 10 студзеня 2015.
- Průvodce kostelem(недаступная спасылка). Římskokatolická farnost u kostela sv. Ludmily, Praha - Vinohrady. Архівавана з першакрыніцы 10 чэрвеня 2015. Праверана 10 студзеня 2015.