Клівы

вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці Беларусі

Клівы́[1] (трансліт.: Klivy, руск.: Кливы) — вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Судкоўскага сельсавета.

Вёска
Клівы
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першая згадка
1560 год
Ранейшыя назвы
Клевцы, Клевы
Насельніцтва
  • 102 чал. (2021)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 2346
Паштовыя індэксы
247625
Аўтамабільны код
3
СААТА
3254824046
Клівы на карце Беларусі ±
Клівы (Беларусь)
Клівы
Клівы (Гомельская вобласць)
Клівы

Гісторыя

правіць

Вялікае Княства Літоўскае

правіць

У рэвізіі Мазырскага староства 1560 года мяжа сяла Загалля і Клевоў вызначана наступна: «ад мяжы Алексіцкай ад рэчкі Рабца балотам Чарнышоўскім (Чорнаўшчынскім?) да мосту Каравога, ад мосту ў Мутніцы да мяжы Нямірчай, вострава Супорнага, ад Супорнага да селішча Настолля, ад таго селішча да Гала Калінкі [Галынкі[2]], ад Калінкі (Галынкі) да балота Сновага [Цесновага[2]], тым балотам у рэчку Рабец... Шырыня грунту ад рэчкі Рабец да селішча Настолля ўздоўж на паўтрэці мілі, а ўпоперак да Каменкі да Прозічы на мілю». Засведчана, што ловаў звярыных, акрамя асобных пераходаў, няма. І што падданыя тых сёл супольна з баярынам Стафанам маюць астравы Ляды, Сычоў і Вастровіч з бортнымі дрэвамі, з якіх даніну плацяць[3]. Тое, відавочна, і было найранейшай згадкай пра Клівы (Клевы) ў пісьмовых крыніцах. Жніўнем 1563 года датаваны рэестр раздачы каралём Жыгімонтам Аўгустам маёнткаў шляхце, якая пазбавілася сваіх уладанняў у Полацкім ваяводстве, акупаваным войскамі цара Івана Грознага. У ім сказана: «Павлу а Давыду Есманомъ у волости Мозырскои — село Загале, Клевцы»[4].

 
Загальскае староства ў канцы XVIII ст.

Надалей у прывілеі Давыду Есману, датаваным 25 днём лютага 1585 года, кароль Стэфан Баторый, зважаючы на тое, што пан Давыд «на служъбахъ господаръскихъ… под Полоцкомъ, под Луками и под Псковом з нелитованьемъ здоровъя своего, не жалуючы утраты маетъности своее противъ непрыятелю нашому великому князю московскому статечъне и мужъне застановялъсе», падараваў шляхцічу «до жывота его», акрамя іншых добраў, «село Клевы, которое в першой данине[A] отъ насъ г(о)с(по)д(а)ра маетъ, в немъ дымовъ двадцать шест» «у волости старостъва Мозырского, пры селе Загальи»[5].

Да Люблінскай уніі 1569 года Клівы адміністрацыйна належалі да Мазырскага павета Кіеўскага ваяводста, пасля — да Мазырскага павета Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага.

У XVII—XVIII стагоддзях вёска ўваходзіла ў Загальскае староства. Паводле рэвізіі 1716 года wieś Klewy складалі шэсць[B] дымоў: гаспадары Іван Скопіч, Кірыла Малыш, Сцяпан Гладчанка, Антон Чэркас, Гаўрыла Бачэнка, Апанас Лук’яненка плацілі старосце князю Дамініку Яну Шуйскаму, акрамя дзякла, чыншу 7 злотых, 15 грошаў, даніны мядовай 14 бельцаў[6].

Расійская імперыя

правіць
 
Вёска Клевы, мястэчка і двор Загалле на схематычным плане Рэчыцкага павета 1800 г.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Клівы апынуліся ў межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесніцтва (губерні), з 1796 года — у складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павета Маларасійскай, а з 29 жніўня 1797 года Мінскай губерні Расійскай імперыі[7]. На 1795 год вёска Клевы, як і 12 іншых паселішчаў Загальскага староства, належала «малолетнему Станиславу Бужинскому по жизни его», але была ў арэндзе ў суддзі Вінцэнція Жука[8]. Тады ў ёй налічвалася 19 двароў, 51 жыхар мужчынскага і 42 жаночага полу[9].

 
Клівы, Гноеў, Барысаўшчына на карце Ф. Ф. Шуберта. 1850 г.

Як вынікае з матэрыялаў шляхецкай рэвізіі 1811 года, дыспанентам Загальскага казённага маёнтка на той час выступаў абшарнік Тадэвуш Солтан[10]. У ходзе рэформы П. Д. Кісялёва ў межах названага маёнтка, да якога належалі і Клівы, была ўтворана воласць[C] з управай, згаданая ў 1848 годзе[11]. На 1850 год у вёсцы 20 двароў, 136 жыхароў. У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засведчана, што 129 жыхароў вёскі Клівы абодвух полаў былі прыхаджанамі Загальскай Свята-Троіцкай царквы, а 33 жыхары з'яўляліся парафіянамі Юравіцкага касцёла Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі[12].

У парэформенны перыяд Клівы адміністрацыйна належалі да Хойніцкай воласці. На пачатак 1870 года тут — 63 мужчынскія душы з былых дзяржаўных сялян, прыпісаных да Кліўскога сельскага таварыства[13]. Згодна са звесткамі на 1876 і 1879 гады, Клівы большай часткай жыхароў заставаліся ў прыходзе Загальскай царквы[14].

Паводле перапісу 1897 года — 58 двароў, 298 жыхароў. На 1909 год у Клівах налічваўся 61 двор з 362 жыхарамі[15].

Найноўшы час

правіць

9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Брэсцкага міру з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Клівы ў складзе Хойніцкай воласці Рэчыцкага павета, аднак, апынуліся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 мая тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гетмана Паўла Скарападскага[16].

1 студзеня 1919 года, згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР. Паводле запіскі пад назвай «Сведения о количестве учащихся школ Хойникской волости Речицкого уезда» на 15 красавіка 1921 года ў Клівах працавала школа першай ступені (пачатковая) з 54 вучнямі[17].

 
Вёска Клівы на карце 1924 г.

Пасля другога ўзбуйнення БССР з 8 снежня 1926 года Клівы — цэнтр сельсавета ў Хойніцкім раёне Рэчыцкай акругі. З 9 чэрвеня 1927 года — у складзе Гомельскай акругі. На 1930 год у вёсцы было 103 двары з 543 жыхарамі. У 1931 годзе арганізаваны калгас «Баявік», працавалі торфараспрацоўчая арцель (з 1926) і кузня. 23 жніўня 1937 года да сельсавета далучана тэрыторыя скасаванага Паташынскага нацыянальнага польскага сельсавета, цэнтр сельсавета перанесены ў вёску Загалле, сельсавет перайменаваны ў Загальскі. З 20 лютага 1938 года — у Палескай вобласці.

У гады Вялікай Айчыннай вайны на франтах загінулі і прапалі без вестак 84 вяскоўцы. Відавочцамі засведчаныя расстрэлы і вываз у Германію дзесяткаў жыхароў Клівоў, што апынуліся пад акупацыяй[18].

З 8 студзеня 1954 года — у складзе Гомельскай вобласці. 16 ліпеня 1954 года Загальскі сельсавет быў скасаваны, а тэрыторыя далучана да Барысаўшчынскага сельсавета[19]. Паводле перапісу 1959 года ў Клівах налічвалася 600 жыхароў. У складзе саўгаса «Хойніцкі» з цэнтрам у вёсцы Казялужжа.

Да 1 снежня 2009 года вёска ўваходзіла ў склад Казялужскага сельсавета[20].

Насельніцтва

правіць
  • 2021 год — 55 двароў, 102 жыхары[21]

Заўвагі

правіць
  1. Не ў першай, бо кароль Жыгімонт Аўгуст, апошні з Ягелонаў, у 1563 г. ужо падараваў Клевцы, як паказана вышэй, братам Есманам. Памяншальная форма назвы паселішча ўжытая, мабыць, зусім невыпадкова. Тады яны былі яшчэ нейкім прыдаткам сяла Загалле. І значная колькасць дымоў у Клевах на 1585 год — заслуга самога Д. Есмана, бо ён тое месца «людми осадилъ».
  2. Прынамсі, столькі было ўлічана.
  3. Не варта блытаць з валасцямі парэформеннага часу — адміністрацыйнымі адзінкамі ў складзе паветаў.

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
  2. а б Archiwum Główny Akt Dawnych w Warszawie. Archiwum Prozorów i Jelskich. Sygn. 132. S. 1, 3, 5
  3. Архив Юго-Западной России. Ч. 8. Т. 5. Акты об украинской администрации XVI—XVII вв. — Киев, 1907. С. 481
  4. Метрыка Вялікага Княства Літоўскага (далей: Метрыка ВКЛ). Кніга запісаў 44. (1559—1566). / Падрыхтаваў А. І. Груша. — Мінск: Арты-Фэкс, 2001. № 82
  5. Метрыка ВКЛ. Кніга запісаў 70. (1582—1585). / Падрыхт. А. А. Мяцельскі. — Мінск: Беларуская навука, 2008. № 177
  6. НГАБ у Мінску. Ф. 320. Воп. 1. Спр. 1. А. 144
  7. Насевіч В., Скрыпчанка Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Т. 6. Кн. 1. — Мінск: БелЭн, 2001. C. 181—182
  8. Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 72
  9. НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 59. А. 512—515
  10. НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 129—130, 161—162
  11. Военно-статистическое обозрение Российской империи. Т. 9. Ч. 4. Минская губерния. — С.-Петербург: Тип. Деп. Ген. штаба, 1848. С. 5, 7
  12. Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 379адв., 708
  13. Список волостей, обществ и селений Минской губернии на 01. 01. 1870 г. — Минск, 1870. Л. 71
  14. Минские епархиальные ведомости. — Минск, 1876. № 10. С. 456; Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд. — Минск, 1879. С. 71
  15. Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 84
  16. Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 85
  17. Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці. Ф. 68. Воп. 1. Спр. 16. А. 19
  18. Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Хойніцкага раёна / Рэд. кал. М. А. Ткачоў [і інш.]; маст. А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн імя Петруся Броўкі, 1993. — 384 с. : іл. — ISBN 5-85700-092-0. С. 169, 252—254
  19. Указ Президиума Верховного Совета БССР от 16 июля 1954 г. Об объединении сельских советов Гомельской области // Сборник законов Белорусской ССР и указов Президиума Верховного Совета Белорусской ССР: 1938—1955 гг. — Мн.: Изд. Президиума Верхов. Совета БССР, 1956. — 347 с.
  20. «Об изменении административно-территориального устройства Хойникского района Гомельской области». Решение Гомельского областного Совета депутатов от 1 декабря 2009 г. № 290 Архівавана 29 кастрычніка 2013. (руск.)
  21. Інфармацыя аб насельніцтве Судкоўскага сельсавета на 01.01.2021 г. Архівавана 20 кастрычніка 2021.

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць