Загалле (Хойніцкі раён)
Зага́лле[1] (трансліт.: Zahallie, руск.: Загалье) — вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці Беларусі. Уваходзіць у склад Судкоўскага сельсавета. Знаходзіцца каля ракі Віць, за 10 км на захад ад чыгуначнай станцыі Хойнікі (лінія Васілевічы — Хойнікі); на аўтамабільнай дарозе Хойнікі — Мазыр. Насельніцтва — 43 жыхары (2004).
Вёска
Загалле
|
Гісторыя
правіцьВялікае Княства Літоўскае
правіцьУпершыню згадваецца пад 1552 годам як «неделя[A] Загалиская»[2] і «село Загалье» у апісанні Мазырскага замка. У крыніцы сказана, што жыхарамі сяла тады былі Міцько Рэвяціч, Даніла, брат яго, Аляксей Амяльянавіч, Ходар Логвінавіч, Занько Бабрусніч, Якаў Амяльянавіч, Ходар Дарашковіч, Малышко Логвінавіч, Сцяпан Маскаль, Восіп Прыхожы, Сянько Дарашковіч, Дзям’ян Глебавіч, Іван Затыніч, Вакула Прыхожы. А на карысць замка яны павінныя былі даваць «полторы кади, тивунщины великое и малое кадь мёду, за тивунщинами 3 гроши, за приставку за 2 кузни камень мёду, за восемь вощил (г. зн. за воск) 8 грошей, за 4 хлебов 2 гроши, за трое рыб полтора гроша, за курицу пол гроша, сокольничого полтора гроша, бобровничого 17 грошей, выкоту пол 5 гроша, серебра 3 копы грошей, за 2 бобры 100 грошей, за куницу 7 грошей, воловщины пол 7 грошей, намерных 2 гроша, овса ведро; а с острова Обижа дают дани 2 ведер а 34 гроша; всего: 2 кади, 4 ведра, камень 1, 7 коп а пол 7 гроша»[3].
Наказ мазырскага падстаросты Юрыя Зяновевіча, пісаны «в пятницу» (1550-я гады)[B], паведамляў гаспадарскім падданым загальскім, авадовіцкім і алексіцкім воласці Мазырскай, каб архімандрыту Свята-Міхайлаўскага Выдубіцкага манастыра ў Кіеве Аляксею даніну мядовую спаўна выдалі, «иж би он на том собе не шкодовал, а церков Божия аби для того не оскудела»[4]. У рэвізіі Мазырскага староства 1560 года шырыня грунту сяла Загалля і Клевоў вызначана наступным чынам: ад рэчкі Рабец да селішча Настолля ўздоўж на паўтрэці мілі, а ўпоперак да Каменкі да Прозічы на мілю. Засведчана, што ловаў звярыных, акрамя асобных пераходаў, няма. І што падданыя тых сёл супольна з баярынам Стафанам маюць астравы Ляды, Сычоў і Вастровіч з бортнымі дрэвамі, з якіх даніну плацяць[5]. Жніўнем 1563 года датаваны рэестр раздачы каралём Жыгімонтам Аўгустам маёнткаў шляхце, якая пазбавілася сваіх уладанняў у Полацкім ваяводстве, акупаваным войскамі цара Івана Грознага. У ім сказана: «Павлу а Давыду Есманомъ у волости Мозырскои — село Загале, Клевцы»[6].
Да Люблінскай уніі 1569 года ў складзе Мазырскага павета Кіеўскага ваяводста, пасля — у Мазырскім павеце Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. 12 чэрвеня 1618 года пан Мікалай Харлінскі, уладальнік Хойніцкіх добраў, паклікаў у суд панства Гальшку з Гулевічаў і Міхала Лозкаў за тое, што іх падданыя з маёнтку Загалле забралі валоў у яго падданых з Паселічаў, Карчовага, Малішава, Хвойнікаў і інш., ды ўвялі іх да добраў Рожава[7]. Маршалак мазырскі пан Лозка трымаў (відавочна, на правах старосты) «sioło i dwór Zahale» і ў 1622 годзе, калі каронныя і вялікакняскія камісары ў чарговы раз спрабавалі размежаваць Кіеўскае ваяводства Кароны з Мазырскім паветам Вялікага Княства Літоўскага[8].
У метрычныя кнігі XVIII ст. Астраглядаўскага касцёла трапіў запіс ад 26 ліпеня 1640 года, паводле якога presbiter choynicensis Лука Чачотка (Чачот) ахрысціў у Загаллі Якуба Панталеона, сына харунжага пяцігорскага Рэмігіяна і Петранэлі з Бахановічаў Маеўскіх; кумамі былі Сымон Міткевіч і Элізабэта Каткоўская, пісар земскі мазырскі Самуэль Аскерка, знакаміты ваяр[9], і панна Марыяна Міткевічаўна[10].
У 1649 годзе дзеля супрацьдзеяння нападам казакоў, каля мястэчка Загалле пэўны час размяшчаўся полк Уладзіслава Валовіча, пісара літоўскага, які ўваходзіў у склад войскаў польнага гетмана літоўскага Януша Радзівіла. Казакі палкоўніка Ільі Галоты (каля 3000 чалавек, сярод якіх хіба 50-60 вершнікаў), а таксама слаба ўзброеныя ды без якога-колечы вайсковага досведу ўкраінскія і беларускія сяляне[C], перад світаннем 17 чэрвеня паспрабавалі знянацку напасці на загальскі абоз, але няўдала. Былі адбітыя, адступілі ў балоты, дзе акапаліся і чынілі супраціў, пакуль не сцямнела. Да раніцы астатнія паўстанцы разбегліся. Сам цяжка паранены І. Галота ўратавацца не здолеў і быў забіты. Іншых жаўнеры ўпарта пераследавалі і знішчалі альбо бралі ў палон як сведкаў. На ўсход ад Загалля, у накірунку адступлення былі насыпаны сем курганаў[D], у якіх пераможцы пахавалі загінулых[11].
Пасля смерці ў 1657 годзе пана Тэадора Міхала Абуховіча, падкаморага мазырскага, вёска Загалле (староства?) падаравана пану Аляксандру Гілярыю Палубінскаму, пісару польнаму ВКЛ[12]. У 1668 годзе старостам загальскім стаў вызвалены з палону казацкі палкоўнік Іван Нячай (Грузевіч), саступіўшы Бабруйскае староства А. Палубінскаму[13]
Паводле расійскага дакумента 1676 года, пасланец казацкага гетмана Барыс Маршэўскі сведчыў, што летась да Львова ён ехаў накіроўваючыся «на Брагинъ, на Загалье, на Хвойники, на Мозырь…»[14].
У рэвізіі 1716 года маюцца звесткі пра мястэчка Загалле, цэнтр аднайменнага староства, у складзе якога вёскі Гноеў, Небытаў, Старое Загалле, Клевы, Казялужы. З мястэчка гаспадары Павел, Яцко і Сцяпан Таленікі (Tallennik) выплачвалі толькі чынш у 3 злотыя, 22 з паловай грошы, а вяскоўцы Пархом Канашэнка, Гардзей Лутчанка, Хама Цынапей (?: Cynapiey), Луцко Маладушанка і Апанас Швец, акрамя дзякла, давалі чыншу 10 зл., 15 гр., даніны мядовай 12 з паловай бельцаў[15]. У канцы XVII — другой палове XVIII ст. старостамі былі: князь Канстанцін Ян Шуйскі (1690), яго старэйшы сын князь Дамінік Ян (відавочна, з-за малалецтва брата, 1701), малодшы сын князь Апалоніуш Аляксандр (1710), праўнук князь Адам (пасля 1763)[16].
У метрычныя кнігі Астраглядаўскага касцёла унесены запіс пра тое, як 26 кастрычніка 1728 года ў Загаллі настаяцель тамтэйшай уніяцкай царквы айцец Раман Лаўрыновіч ахрысціў Дземетрыя Антонія Тадэуша, сына Якаба Панталеона і Марыі Маеўскіх, а кумамі былі падкаморы мазырскі Казімір Вольбэк і Зофія Іпагор-Лянкевічаўна, Адальберт Пясэцкі і Петранэла Пуровічаўна[17]. На 1748 год Загалле названае сярод паселішчаў, частка жыхароў якіх (пераважна з ліку шляхты) належала да рыма-каталіцкай Юравіцкай парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі Оўруцкага дэканата Кіеўскай дыяцэзіі[18]. Паводле метрычных запісаў Юравіцкага касцёла 1780 і 1785 гадоў, настаяцелем царквы ў Загаллі быў віцэ-дэкан мазырскі Дыянізы Крэткоўскі[19].
Расійская імперыя
правіцьУ выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Загалле апынулася ў межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесніцтва (губерні), з 1796 года — у складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павета Маларасійскай, а з 29 жніўня 1797 года Мінскай губерні Расійскай імперыі[20].
На 1795 год Загальскае староства, у склад якога ўваходзіла 12 паселішчаў, належала «малолетнему Станиславу Бужинскому по жизни его», але знаходзілася ў арэндзе ў суддзі Вінцэнція Жука[21]. У самым мястэчку Загалле было 9 двароў з 26 жыхарамі мужчынскага і 19 жаночага полу[22].
Загальская царква была павернутая да расійскага праваслаўя ў 1795 годзе. Але вядомы выпадак, калі ў кастрычніку 1803 года ўніяцкі святар Марцініян Краткоўскі, капэлян у панскім двары[E] Загалле, абмінуўшы настаяцеля, асвяціў шлюб праваслаўных жыхароў Слабодкі Княжычы 22-гадовага Іосіфа, сына ўдавы Агафіі Осіпіхі, з 12-гадовай дзяўчынай Еўдакіяй, дачкой Усціна Шырына, прыхаджанаў Троіцкай царквы[23]. Існуе дакумент пад загалоўкам «Метричная тетрадь_Епархии и губернии Минской повета Речицкого местечка Загалья церкви Вознесенской Борисовщинской о родившихся, бракосочетавшихся и умерших — 1807-го года[F]»[24], які сведчыць, што ў рэвізіі 1811 года «мястэчка Загалля» царква запісана Узнясенскай[G] з пропускам прыметніка Барысаўшчынская. Прыходскім настаяцелем на той час — айцец Лука Іванаў Транцэвіч[25]. У 1824 годзе на месцы старога ўзведзены новы драўляны будынак Свята-Троіцкай царквы ў Загаллі. У ходзе рэформы П. Д. Кісялёва ў межах Загальскага казённага маёнтка была ўтворана воласць[H] з управай, згаданая ў 1848 годзе. Насельніцтва — 690 дзяржаўных сялян, 11 аднадворцаў, 1 вольны чалавек, 12 чалавек «разного звания»[26]. У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело] : 1857 г.» засведчана, што 12 жыхароў двара, 3 жыхары слабодкі і 56 жыхароў мястэчка Загалле былі парафіянамі Юравіцкага касцёла Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, а 41 жыхар сяла і 51 жыхар слабодкі абодвух полаў з’яўляліся прыхаджанамі Свята-Троіцкай царквы[27].
У парэформенны перыяд Загалле належала да Хойніцкай воласці. У даведніку 1864 года сказана, што да Троіцкай прыходскай царквы ў Загаллі прыпісаныя Храпкаўская Мікалаеўская і Барысаўшчынская Узнясенская цэрквы[28]. У 1875 годзе, каб асушыць балоты ў казённых Загальска-Настольскім, Зашчэлбскім і Аўцюцевіцкім лецішчах, у прыватных маёнтках Хойнікі, Астрагляды і Старчыцы, у надзелах сялян вёсак Клівы і Куравое, распачалася пабудова магістральнага канала «Віць», дзеля чаго былі найперш ліквідаваныя прыватныя млыновыя плаціны каля Тульгавічаў і Старча. Загальская плаціна (на казённых землях), як паведамляецца ў нарысе І. І. Жылінскага, прыбраная яшчэ задоўга да рэалізацыі плану[29]. У спісе прыходаў і прычтаў па чатырох благачынных акругах (у межах Рэчыцкага павета) Мінскай епархіі на 1876 год у складзе прычту Троіцкай царквы ў Загаллі названыя настаяцель а. Мікалай Змаровіч[I], в. а. штатнага псаломшчыка Грыгорый Крычэўскі і звышштатны Захарый Транцэвіч, просфірня Аляксандра Шавароўская[30]. Даведнік 1879 года засведчыў, што страха будынка прыходскай царквы зусім лядашчая, і прыпісаная да апошняй ужо толькі адна царква ў Барысаўшчыне[31]. У 1886 годзе ў сяле 13 двароў, 150 жыхароў.[32].
Паводле перапісу 1897 года ў Загаллі было 35 двароў, 221 жыхар, існавалі хлебазапасны магазін, народнае вучылішча. У 1898 годзе ўзведзены новы будынак царквы. На 1909 год тут 30 двароў, 187 жыхароў[33].
Найноўшы час
правіць9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Брэсцкага міру з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Загалле ў складзе Хойніцкай воласці Рэчыцкага павета, аднак, апынулася ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 мая тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гетмана Паўла Скарападскага[34].
1 студзеня 1919, згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР. Паводле дакумента пад назвай «Сведения о количестве учащихся школ Хойникской волости Речицкого уезда», на 15 красавіка 1921 года ў Загаллі працавала школа першай ступені (пачатковая) з 27 вучнямі, у суседняй Загальскай Слабодцы школа з 25 вучнямі[35].
8 снежня 1926 года Загалле вярнулі ў БССР. На 1929 год палову жыхароў паселішча (28 сямей, 125 чалавек) складалі каталіцкія альбо «польскія» сем’і. Згодна з «Арыентыровачным планам калектывізацыі польскіх вёсак на Гомельшчыне 1929/1930 году», у Загаллі меркавалася арганізаваць малочнае таварыства[36]. У 1930 годзе створаны калгас. З 23 жніўня 1937 да 6 ліпеня 1954 года тут быў цэнтр Загальскага сельсавета Хойніцкага раёна Палескай (з 20 лютага 1938 года) і Гомельскай (з 8 студзеня 1954 года) абласцей.
1 снежня 2009 года вёска перададзеная з ліквідаванага Казялужскага ў Дварышчанскі сельсавет, які быў перайменаваны ў Судкоўскі[37].
Насельніцтва
правіць- XIX стагоддзе: 1858 год — 141 жыхар
- XX стагоддзе: 1959 год — 175 жыхароў
- XXI стагоддзе: 2004 год — 24 двары, 43 жыхары[38]
Забудова
правіцьПланаванне складаецца з кароткай вуліцы (на абодвух баках аўтамабільнай дарогі), да якой з поўдня далучаецца другая кароткая вуліца. Жылыя хаты драўляныя, сядзібнага тыпу.
Славутасці
правіцьСтрачаная спадчына
правіць- Свята-Троіцкая царква XVIII стагоддзя
Заўвагі
правіць- ↑ Нядзелі альбо чэргі (у складзе кожнай некалькі паселішчаў), на якія падзялялася Мазырская воласць, як даводзілася несці замкавую службу, выконваць работы на карысць замка. Па нядзелях размяркоўваліся і плацёжныя павіннасці.
- ↑ Дакладны год не ўказаны.
- ↑ Ротмістр-татарын Ісмаіл (Самуэль) Смольскі ў сваім лісце да князя Януша Радзівіла ад 20 чэрвеня 1649 г. пра сялян нават і не ўспомніў, напісаўшы пра 3 тысячы казакоў. Чаму? Напэўна, з пагарды, бо не ўспрымаў гэтую частку паўстанцаў колькі-небудзь сур’ёзна…
- ↑ Падобна, менавіта пра іх ёсць звестка на 1879 год: «В полуверсте от Загалья, по дороге, ведущей к Хойникам, находится большой курган, недалеко от него были два меньше, которые разрыты при устройстве дороги, причём были найдены одни человеческие кости. От сего места в одной версте существует тоже четыре кургана…» (Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд (далей: Описание). — Минск, 1879. С. 70).
- ↑ Да рэформы П. Д. Кісялёва 1840-х гг. казённыя маёнткі ў Беларусі і за часоў Расійскай імперыі здаваліся ў арэнду абшарнікам.
- ↑ Аднайменны дакумент ёсць і для 1816 года: НГАБ. Ф. 136. Воп.1. Спр. 516. А. 489
- ↑ Разгадка ў тым, што функцыі прыходскай царквы, будынак якой згарэў і працяглы час не аднаўляўся, выконвала Барысаўшчынская Узнясенская прыпісная царква. Напраўду прыходская царква заўсёды мела тытул Свята-Троіцкай.
- ↑ Не варта блытаць з валасцямі — адміністрацыйнымі адзінкамі ў складзе павета — парэформеннага часу.
- ↑ Служыў і нашмат раней, калі, напрыклад, у 1856 г. вянчаў шляхціча-католіка Юзафа, сына Пятра, Бараноўскага з Азярына (сёння ў межах вёскі Глінішча) з праваслаўнай аднадворкай Марыяй Данілавай Бяляцкай з Загальскай Слабодкі, гл.: НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 437. А. 498адв.-499 etc.
Крыніцы
правіць- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
- ↑ Клепатский П. Г. Очерки по истории Киевской земли / П. Г. Клепатский — Т. 1: Литовский период. — Одесса, 1912. С. 185, 189—190
- ↑ Архив Юго-Западной России (далей: Архив ЮЗР). Ч. 7. Т. І. Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. С. 636
- ↑ Документальна спадщина Свято-Михайлівського Видубицького монастыря в Києві XVII—XVIII ст. / Головн. упор. Ю. Мицик, упор. І. Синяк, І. Тарасенко, П. Яницька. — Київ: Видавничий відділ УПЦ Київського Патріархату, 2017. С. 318
- ↑ Архив ЮЗР. Ч. 8. Т. 5. Акты об украинской администрации XVI—XVII вв. — Киев, 1907. С. 481
- ↑ Метрыка Вялікага Княства Літоўскага. Кн. 44. (1559—1566). / Падрыхтаваў А. І. Груша. — Мінск, 2001. № 82
- ↑ Źródła dziejowe. T. XXI. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. X. Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław). Dział II-gi. Opisane przez Aleksandra Jabłonowskiego. — Warszawa, 1894. S. 281
- ↑ Źródła dziejowe. T. XX. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. IX. Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław). Dział I-szy. Opisane przez Aleksandra Jabłonowskiego. — Warszawa, 1894. S. 96 — 97
- ↑ Рыбчонак С., Свяжынскі У. Аскеркі гербу Мурдэліо зменены. // Спадчына. 4/1999. С. 200—202
- ↑ НГАБ. Ф. 1781. Воп. 27. Спр. 202. А. 150адв. — 151
- ↑ Мицик Ю. Полковник Ілля Голота і битва під Загалем 1649 р. // На службі Кліо. — Київ, 2000. С. 176—189; Вітальд Бярнацкі. Паўстаньне Хмяльніцкага: Ваенныя дзеяньні ў Літве ў 1648—1649 гг. // ARCHE. 1 — 2. 2008. С. 125—130
- ↑ Metryka Litewska. Księga wpisów. Nr. 131. Opracował Andrzej Rachuba. — Warszawa, 2001. S. 81
- ↑ Мицик Ю. Albaruthenica. Студії з історії Білорусі. — Київ: Інститут української археографії та джерелознавства ім. М. С. Грушевського НАН України, 2009. Т. 1. С. 212; Uruski S. Rodzina. Herbarz szlachty polskiej. — Warszawa, 1915. Tom XII. S. 76
- ↑ Акты, относящиеся к Южной и Западной России. Т. 12 (1675—1676). — С.-Петербург, 1882. Стб. 831
- ↑ НГАБ у Мінску. Ф. 320. Воп. 1. Спр. 1. А. 144
- ↑ Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy od czternastego wieku / J. Wolff — Warszawa, 1895. S. 527—530
- ↑ НГАБ. Ф. 1781. Воп. 27. Спр. 202. А. 151
- ↑ Ks. Orłowski K. N. Defensa biskupstwa y dyecezyi Kiiowskiey. — Lwów, 1748. S. 148
- ↑ НГАБ. Ф. 937. Воп. 1. Спр. 60. А. 28адв., 29
- ↑ Насевіч В., Скрыпчанка Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Т. 6. Кн. 1. — Мінск: БелЭн, 2001. C. 181—182
- ↑ Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурноевзаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 72
- ↑ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 59. А. 492—493адв.
- ↑ НГАБ. Ф. 136. Воп.13. Спр. 501. А. 517
- ↑ НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 506. А. 345
- ↑ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 321
- ↑ Военно-статистическое обозрение Российской империи. Т. 9. Ч. 4. Минская губерния. — С.-Петербург: Тип. Деп. Ген. штаба, 1848. С. 5, 7
- ↑ Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 379адв., 708
- ↑ Историко-статистическое описание Минской епархии, составленное ректором Минской духовной семинарии архимандритом Николаем. — Санкт-Петербург, 1864. С. 299
- ↑ Очерк работ Западной эскпедиции по осушению болот (1873—1898). / Составлен ген.-лейт. И. И. Жилинским. — С.-Петербург, 1899
- ↑ Минские епархиальные ведомости. — Минск, 1876. № 10. С. 456
- ↑ Описание. С. 70 — 72
- ↑ Волости и важнейшие селения Европейской России. — С.-Петербург, 1886. Вып. 5. С. 113
- ↑ Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 66
- ↑ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 85
- ↑ Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці. Ф. 68. Воп. 1. Спр. 16. А. 19
- ↑ Пичуков В. П., Старовойтов М. И. Гомельщина многонациональная (20 — 30 е гг. XX в.). Выпуск I. — Гомель, 1999. С. 213, 214
- ↑ «Об изменении административно-территориального устройства Хойникского района». Гомельской области. Решение Гомельского областного Совета депутатов от 1 декабря 2009 г. № 290 Архівавана 29 кастрычніка 2013. (руск.)
- ↑ ГВБ 2005.
Літаратура
правіць- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С. В. Марцэлеў; рэдкал.: Г. П. Пашкоў (дырэктар) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2005. — 520 с.: іл. — 4 000 экз. — ISBN 985-11-0330-6.
- Zahale // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. (польск.). — Warszawa. — S. 279.
- Ліст карты M-35-12. Выданне 1989 г. Стан мясцовасці на 1986 г. (руск.)
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх