Адкрыць галоўнае меню

Каятан Кірыл Летаўт (1801, Расійская імперыя1 студзеня 1892, Львоў, Аўстра-Венгрыя) — грэка-каталіцкі манах Дабравешчанскага кляштара ў Малых Лядах, які атрымаў вядомасць як апошні базыльянін гістарычнай Літвы (ці апошні беларускі базыльянін[1]).

Кірыл Летаўт
Партрэт
Род дзейнасці: іераманах
Дата нараджэння: 1801 г.
Месца нараджэння: Расійская імперыя
Дата смерці: 1 студзеня 1892 г.
Месца смерці: Львоў, Львоўскі павет, Каралеўства Галіцыі і Ладамерыі, Цыслейтанія, Аўстра-Венгрыя
Месца пахавання:

БіяграфіяПравіць

Дакладнае месца нараджэння Кірыла Летаўта невядома. Род Летаўтаў быў дастаткова пашыраны ў Вялікім Княстве Літоўскім, з-за чаго складана вызначыць з якой часткі Беларусі ён паходзіў. Ян Пазняк адзначаў, што «прозвішча Летаўт выразна кажа, што быў ён "gente Lituanus" і нарадзіўся дзесьці ў Літве паміж 1800 і 1810 гг.»[2]. Сам манах пры гэтым адчуваў сабе палякам у культурным плане і быў гарачым польскім патрыётам, зрэшты як і пераважная большасць яго калегаў у той час[3].

Кірыл Летаўт з 1826 па 1831 гг. служыў кляштарным прапаведнікам у Лядах (зараз — вёска Малыя Ляды Смалявіцкага раёна). Ужо ў 1831 годзе, калі пасля паўстання пачаліся ганенні на базыльянаў, Летаўта як «упорнага» саслалі ў вязніцу, у Тадулінскі кляштар, які сярод іншых кляштараў таксама быў месцам ссылкі базыльянаў[1].

Да 1839 года Летаўт знаходзіўся ў Тадулінскім кляштары і быў «нізведзены» ў царкоўныя служкі. Г. І. Шавельскі пісаў, што манахамі вестка аб скасаванні Берасцейскай уніі была ўспрынята дрэнна і ўзгадаў прозвішча а. Кірыла Летаўта, які «рашуча адмовіўся ад уз’яднання». Г. І. Шавельскі памылкова сцвярджаў, што Летаўт у 1846 годзе ўсё ж далучыўся да праваслаўнай царквы, аднак насамрэч пасля Тадулінскага кляштара епіскапам Лужыцкім ён быў накіраваны ў Полацкі богаяўленскі манастыр[4].

У некралогу па а. Кірылу, надрукаваным у «Кур’еры Пазнанскім», падаецца, што апошні базыльянін 30 гадоў пражыў на выгнанні, у тым ліку і ў Смаленску. У 1855—1857 гг. знаходзіўся «на пакутах» у Пафнуцьевым Бароўскім манастыры (каля Калугі). З манастырскай вязніцы Летаўт выйшаў толькі ў ліберальныя часы цара Аляксандра ІІ і некаторы час пасля гэтага знаходзіўся на Полаччыне і Віцебшчыне[2].

Праз нейкі час пасля атрымання волі а. Кірыл Летаўт жыў у Вільні, дзе сябраваў са спадарствам Рэнігераў і Максевічаў, а таксама пазнаёміўся з суддзём Казімірам Максевічам[5]. Для сваіх сяброў а. Кірыл рабіў фотаздымкі ў віленскай студыі Юзафа Чаховіча. Рэдактар «Беларускай крыніцы» па адным з такіх здымкаў апісаў базыльяніна як «старца з шляхетнымі і поўнымі дабрыні рысамі твару». Пасля паўстання 1863-64 гадоў ганенні на ўніята аднавіліся. Хаваючыся, ён жыў у доме Мамерта Рэнігера, дзе штодзённа служыў імшу. Таксама, у той час Летаўт у значнай ступені страціў зрок.

Кірыл Летаўт смуткаваў па манаскім жыцці, таму праз нейкі час Казімір Максевіч адвёз яго ў кляштар базыльянаў у Дабромылі (Усходняя Галіцыя). Летаўта везлі праз добра ахоўваную мяжу на малым вазку апранутага ў сялянскую вопратку[2]. 6 жніўня 1885 года манах напісаў ліст да Казіміра Маскевіча, дзе ўзгадваў і кланяўся лекарам, якія адведвалі яго ў Вільні. Гэта быў апошні ўласнаручна напісаны ліст а. Кірыла, пасля чаго ён цалкам страціў зрок і займеў уласнага сакратара (спачатку — Е. Ламніцкага, потым — Д. Ткачука). У лісце ад 2 мая 1889 года маецца прыпіска ад Д. Ткачука, дзе паведамляецца, што «на сваім 90-м годзе жыцця а. Летаўт цалкам здаровы». У адным з наступных лістоў ад 24 кастрычніка 1890 года базыльянін узгадаў пра дапамогу ад рускага ўрада, а менавіта пра прызначанае яму міністрам утрыманне ў памеры 99 рублёў.

Пасля гэтага Кірыл Летаўт жыў яшчэ паўгода і памёр ад гангрэны. Пахаванне адбылося ў першую нядзелю студзеня 1892 года. Службу вёў грэка-каталіцкі святар-інфулат, а ў пахаванні ўдзельнічала шмат духавенства абодвух абрадаў. Пахаваны ў Львове.

10 студзеня 1892 г. «Кур’ер Познанскі» паведаміў: «а. Кірыл Летаўт, апошні базыльянін былой літоўскай правінцыі, сумная ахвяра Сямашкі, які яго гнобіў да свайго канца, … памёр 1 студзеня гэтага года ў Львоўскім кляштары айцоў базыльянаў. …. Раней, 26 лістапада 1887 г., у тым жа кляштары памёр таварыш а. Кірыла, а. Самуэль Чарнаруцкі, перадапошні базыльянін Літвы, які здолеў раней уцячы з маскоўскіх рук»[6].

Сям’яПравіць

У лісце ад 16 ліпеня 1888 г. Кірыл Летаўт упершыню ўзгадаў пра стрыечнага брата, зяця яго памерлага брата Урублеўскага, уладальніка хутара. Была ў яго і родная сястра, да якой базыльянін не меў даверу[3].

ЗноскіПравіць

  1. 1,0 1,1 Лаўрэш Леанід. Апошні беларускі базыльянін XIX ст. // Наша Слова. № 28 (1439), 10 ліпеня 2019
  2. 2,0 2,1 2,2 Pozniak Jan. Ostatni bazyljanin litewski // Preglad Wilenski. № 21-22, 20 grudnia 1932. S. 10-12.
  3. 3,0 3,1 Толочко Вл. Останній василіянин з Литви // Записки чина св. Василія Великого. Том VI. Вып. 1-2. — Львів, 1935. — С. 318.
  4. Шавельский Г. Последнее воссоединение с православною церковью униатов Белорусской епархии. С.- Петербург. 1910. С. 353-354.
  5. Лаўрэш Леанід. Яшчэ раз пра Летаўта // Наша Слова. № 31 (1442), 24 ліпеня 2019
  6. Kurier Poznanski. № 7, 10 stycznia 1892. S. 4.

ЛітаратураПравіць

  • Толочко Вл. Останній василіянин з Литви // Записки чина св. Василія Великого. Том VI. Вып. 1-2. — Львів, 1935. — С. 317—326.
  • Лаўрэш Леанід. Апошні беларускі базыльянін XIX ст. // Наша Слова. № 28 (1439), 10 ліпеня 2019.
  • Лаўрэш Леанід. Яшчэ раз пра Летаўта // Наша Слова. № 31 (1442), 24 ліпеня 2019.
  • Лаўрэш Леанід. Зноў пра апошняга беларускага базыльяніна а. Кірыла Летаўта // Наша Слова. № 35 (1446), 28 жніўня 2019.