Лычакіўскія могілкі
Лычакіўскія могілкі — мемарыяльныя могілкі ў Львове, якія маюць статус дзяржаўнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка.
Могілкі | |
Лычакіўскія могілкі | |
---|---|
Личаківський цвинтар | |
49°50′02″ пн. ш. 24°03′08″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Украіна |
Горад | Львоў, вул. Мечнікава, 33 |
Канфесія | Каталіцтва, уніяцтва, праваслаўе |
Тып будынка | Могілкі |
Архітэктурны стыль | Барока, неаготыка, мадэрн |
Дата заснавання | 1786 |
Статус | Дзяржаўны гісторыка-культурны музей-запаведнік |
Сайт | lia.lvivcenter.org/… (укр.) |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
На 86 палях агульнай плошчай 40 га тут размешчаны больш за 300 тыс. пахаванняў (у прыватнасці звыш 2000 склепаў), на магілах устаноўлена каля 500 скульптур. Адкрыты ў 1786 г., адны з найстарэйшых існуючых камунальных могілак Еўропы і адны з найпрэстыжнейшых ва Украіне.
Галоўны ўваход — з вуліцы Мечнікава 33 у канцы вул. Пякарскай у мясцовасці Лычакіў.
Гісторыя
правіцьІснуюць з 1786 г. — пасля таго, як аўстрыйскія ўлады забаранілі хаваць людзей на старых могілках, размешчаных тады ў горадзе вакол храмаў. З тых часоў былі аднымі з 4 могілкаў Львова (астатнія тры даўно не існуюць) і прызначаліся для цэнтра горада і IV акругі (сучаснага Лычакіўскага раёна) Львова. На могілках хавалі ў асноўным заможных і выбітных жыхароў горада, хоць яшчэ ў пачатку XVI ст. гэтую мясцовасць выкарыстоўвалі для пахаванняў абяздоленых. Нацыянальнасьць пахаваных была рознай, аб чым сведчаць надпісы на помніках на розных мовах: лаціне, польскай, нямецкай, галандскай, румынскай, грэцкай і інш. А найстаражытнейшы надпіс кірыліцай ёсць на магіле ўкраінскага вучонага, гісторыка і этнографа Дзяніса Зубрыцкага (1777—1862).
Могілкі пачыналіся з участкаў, якія зараз займаюць палі 6, 7, 9, 10, 14. Найстаражытнейшыя магільныя пліты Лычакава адносяцца да 1787 і 1797 гг. У 1790, 1804 і 1808 гг. адбылося значнае пашырэнне плошчы могілак за кошт куплі прылеглых зямельных участкаў у прыватных уладальнікаў. Наступнае пашырэнне могілак адбылося ў 1856 г. Тады універсітэцкі батанік Карл Баўэр разам з кіраўніком могілак добраўпарадкавалі тэрыторыю. Былі спланаваныя алеі і дарожкі, могілкам надалі характары паркавай зоны.
У адпаведнасці з аўстрыйскім заканадаўствам, магілы, за якімі ніхто не даглядаў і за якія не заплачана на працягу 25 гадоў, можна было параўноўваць з зямлёй, а на іх месцы дазваляліся новыя пахаванні. На Лычакіўскіх могілках была ўсталяваная камнедрабілка для драбнення старых помнікаў. Атрыманы такім чынам матэрыял выкарыстоўваўся для падмуркаў каменнай агароджы могілак і для пасыпкі дарожак. З-за гэтага 300-гадовых надмагільных пліт на Лычакаве захавалася не так ужо і шмат, хіба што пліта з армянскім надпісам і датай «1675» і яшчэ некалькі. У 1875—1876 гг. скульптары Леапольд Шымзэр і Юзэф Шыдлоўскі выразалі са старых надмагілляў каменныя неагатычныя вароты па праекце архітэктара Юліуша Гохбергера. На варотах умантаваны барэльеф, які паказвае Ісуса Хрыста, працы Эміля Шрэдля. У тыя ж часы склалася традыцыя, па якой на полі № 1 хавалі выбітных грамадзян горада. На астатніх палях на свабодных участках хавалі і простых людзей.
У міжваенны перыяд новыя помнікі станавіліся кожны раз больш тыповымі. У аздабленні значна паменшылася роля скульптуры. Тэндэнцыю не ўдалося пераадолець нават пасля стварэння ў 1922 г. камісіі, якую ўзначальваў Ігнат Дрэкслер і Вітольд Далінскі, якая кантралявала мастацкі ўзровень помнікаў. Тады ж, у 1920-х гг., Дрэкслер распрацаваў праект пашырэння могілак і паляпшэння планавання.
У канцы кастрычніка 1939 г. распаўсюджваліся чуткі аб падрыхтоўцы паўстання супраць савецкай акупацыі. У пошуках зброі, НКВВ праводзіў ператрусы склепаў Лычакіўскіх і Яніўскіх могілак. Падчас Другой сусветнай вайны могілкі былі ў занядбаным стане. Частку надмагілляў па розных прычынах знішчылі. Пасля вайны на могілках пачалі будаваць стандартныя надмагіллі, вырабленыя камбінатам пахавальнага абслугоўвання. Праз непрадуманую працэдуру прызначэння месцаў пад новыя пахаванні, адсутнасць належнага дагляду магіл людзей, сем’і якіх з’ехалі ў Польшчу, недахоп сродкаў на ахову могілкі зведалі значных пашкоджань і разбурэнняў, пацярпела шмат помнікаў і надмагілляў высокай мастацкай каштоўнасці. Праз гэта ўжо ад сярэдзіны 1970-х гг. грамадскасць Львова, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, Украінскае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, СМІ неаднаразова звярталіся да ўладных структур з патрабаваннем надання могілкам статусу запаведніка, аховы і рэстаўрацыі яго мастацкай спадчыны. У 1975 г. было прынята рашэнне аб спыненні пахаванняў. Выключэнне робіцца толькі для асабліва вядомых асоб, сем’яў, якія маюць уласныя склепы, а таксама, у асобных выпадках дапускаюцца падпахаванні ў існуючыя магілы сваякоў пасля 25-гадовага тэрміну пахавання.
10 ліпеня 1990 г. пастановай Львоўскага гарадскога савета тэрыторыя Лычакіўскіх могілак была абвешчана гісторыка-культурным запаведнікам мясцовага значэння. У 1991 г. у яго склад уключаны могілкі Пагорка Славы. У 2001 г. пры музеі створаны навуковы аддзел, які займаецца вывучэннем і папулярызацыяй пытанняў, звязаных з могілкамі.
Некаторыя выдатныя асобы, пахаваныя на могілках
правіць- Іван Франко
- Іалрыён Свянціцкі
- Уладзімір Івасюк
- Саламея Крушальніцкая
- Яўген Петрушэвіч
- Стэфан Банах
- Эдвард Баніфацый Паўловіч (1825—1909) — беларускі мемуарыст, мастак і асветнік.
- Сымон Шыдлоўскі (? — 1906) — удзельнік паўстання 1863—1864 гадоў, віцебскі харунжы.
- Бенедыкт Дыбоўскі (1833—1930) — расійскі, беларускі і польскі заолаг, прыродазнавец, урач.
- Лешак Дунін-Баркоўскі (1811—1896) — польскі публіцыст, палітычны дзеяч.
- Раман Лубкіўскі (1941—2015) — украінскі пісьменнік, дзяржаўны і грамадскі дзеяч, дыпламат.
- Мілена Рудніцкая (1892—1976) — украінская грамадска-палітычная дзяячка, журналістка, пісьменніца, піянерка ўкраінскага фемінізму.
- Браніслаў Шварцэ (1834-1904) — адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—1864 гадоў.
Галерэя
правіць-
Надмагілле Івана Франка
-
Надмагілле Севярына Гашчынскага
-
Надмагілле Уладзіміра Барвінскага
-
Надмагілле Івана Крыпякевіча
-
Надмагілле Маркіяна Шашкевіча
-
Надмагілле Дзмітрыя Вітоўскага
-
Надмагілле Расціслава Братуня
-
Грабніца Рыдліў - магіла Стэфана Банаха
-
Надмагілле Юліяна Ардона
-
Надмагілле генерала Юзэфа Смяхоўскага
-
Надмагілле Марыі Канапніцкай
-
Надмагілле Ванды Маркоўскай
-
Надмагілле армянскага арцыбіскупа Кірылы Стэфановіча
-
Склеп сям'і Гюрковіч
-
Поле пахаванняў удзельнікаў паўстання 1863 г.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Лычакіўскія могілкі