Лаўрышаўскае евангелле
Лаўрышаўскае евангелле — рукапіснае ілюмінаванае напрастольнае евангелле-апракас, створанае ў пачатку XIV стагоддзя[1][2] для праваслаўнага Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра пад Навагрудкам, выдатны прыклад ілюстраванай рукапіснай кнігі ў Беларусі ў Сярэдневякоўі.
| ||
Лаўрышаўскае евангелле. 2 пал. XIII — пач. XIV стагоддзя[1], вокладка XVI ст. | ||
Тэхніка | рукапіс | |
---|---|---|
Бібліятэка Чартарыйскіх, г. Кракаў, Малапольскае ваяводства, Польшча | ||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Першая ўкладная грамата ў Евангелле датавана 1329 годам, што дае падставы для датавання самога Евангелля[3]. Некаторыя даследчыкі[1] звязваюць стварэнне кнігі з заснаваннем у пачатку XIV стагоддзя Літоўска-Навагрудскай мітраполіі і з дзейнасцю князя наваградскага Міхаіла-Карыята Гедзімінавіча (у першай укладной грамаце у Евангелле згадана будаўніцтва князем царквы пасля яго вяртання з ардынска-маскоўскага палону).
Напісана на царкоўнаславянскай мове, прысутнічаюць надпісы на старабеларускай.
Змест
правіцьЛаўрышаўскае евангелле ўяўляе сабой так званы поўны апракас, гэта значыць, змяшчае богаслужбовыя евангельскія чытанні на ўвесь год, акрамя шасці тыдняў Вялікага посту, для якіх прыведзены толькі суботнія і нядзельныя тэксты. Царкоўнаславянскі тэкст рукапісу займае 374 старонкі, для выдзялення ініцыялаў (вялікіх літар) выкарыстаны чырвоныя і зялёныя фарбы.
Кніга складаецца з дзвюх частак. Першая змяшчае чытанні ў парадку літургічнага года — ад Пасхі да Вялікай суботы — і займае старонкі з 3 да 320. Другая частка значна меншая (займае старонкі 320—366). Тут знаходзяцца чытанні (або пазначэнні на адпаведныя месцы ў першай частцы) па днях каляндарнага вераснёўскага года — ад 1 верасня да 29 жніўня (аркушы з тэкстамі на 30 і 31 жніўня не захаваліся).
У прыпісцы да Евангелля знаходзіцца адно з ранніх рускіх гімнаграфічных сачыненняў — «Канон і плач Багародзіцы» (сярэдзіна XIV стагоддзя)[4].
Мастацкае аздабленне
правіцьМастацкае аздабленне Лаўрышаўскага евангелля стварае складанае ўражанне, і ў некаторых сваіх тэндэнцыях супрацьстаіць усходнеславянскаму кніжнаму майстэрству XI—XII стагоддзяў. Евангелле ілюстравана 18 мініяцюрамі. Акрамя традыцыйных мініяцюр з чатырма евангелістамі, ў ім знаходзіцца яшчэ 14 мініяцюр — 12 на сюжэт евангельскай гісторыі, і выявы праведнага Іова і архангела Міхаіла[5].
Высокамастацкім творам з'яўляецца пераплёт кнігі (XVI ст.), які аздоблены бірузой, рубінамі, ізумрудамі. У цэнтры акладу на срэбнай пласціне — выява заступніка воінаў святога Дзмітрыя Салунскага ў даспехах з кап'ём і шчытом[6]. У свой час В. Ластоўскі лічыў гэтую выяву партрэтам вялікага князя Вялікага Княства Літоўскага Войшалка (аднаго з заснавальнікаў Лаўрышаўскага манастыра), гэтае меркаванне і цяпер можна сустрэць у даведачнай літаратуры і падручніках.
Л. М. Яўсеева[7], правёўшы ўважлівы аналіз працы мініяцюрыста, прыйшла да высновы, што ілюстрацыі евангельскіх сюжэтаў узыходзяць да візантыйскага мастацтва: групаванне фігураў, дынаміка і маштабнасць сцэн захоўваюць асаблівасці візантыйскіх ансамбляў комнінаўскай эпохі. Аднак даследчыца пры гэтым адзначыла, што пераважная тэхніка мініяцюр Лаўрышаўскага евангелля мае падабенства з раннімі заходнімі іконаграфічнымі творамі X—XIII стст. — нямецкімі кніжнымі мініяцюрамі XII—XIII стст., што гаворыць пра даволі нечаканую арыентацыю на заходнееўрапейскія ўзоры, змяшэнне візантыйскага і заходнееўрапейскага стыляў.
Ёсць паралелі таксама з паўночна-рускім мастацтвам: так, мініяцюра, што адлюстроўвае «Прыповесць пра слодыч гэтага мира», мае відавочнае падабенства да выявы на Васільеўскай браме 1336 года — медных царскіх варотах наўгародскага Сафійскага сабора.
Укладныя запісы
правіцьКніга змяшчае 14 укладных запісаў, найранейшы з якіх датаваны 1329 годам і адносіцца да заснавання царквы Святога Мікалая. 9 з 14 запісаў маюць непасрэдныя ўказанні на Лаўрышаўскі манастыр як на адрасата ўкладу, астатнія пяць паводле зместу і сэнсу таксама маюць дачыненне да Наваградскай зямлі.
Сярод тых, хто рабіў уклады: князь наваградскі Міхаіл-Карыят Гедзімінавіч, князь Дзмітрый Альгердавіч, кіеўскі князь Алелька Уладзіміравіч[8] і іншыя[1].
Лёс кнігі
правіцьУ перыяд знаходжання Беларусі ў Расійскай імперыі (між 1842—1882 годамі) кніга была вывезена ў Кракаў. У 1842 г. акадэмік Аляксандр Вастокаў зрабіў першае навуковае апісанне Лаўрышаўскага Евангелля, заўважыўшы: «…Евангелле разам з Пулаўскай бібліятэкай кн. Чартарыйскага перавезенае ў Санкт-Пецярбург і знаходзіцца цяпер у Імператарскай публічнай бібліятэцы». Частка Пулаўскай бібліятэкі ўвайшла ў 1833 годзе ў склад фондаў пецярбургскай Публічнай бібліятэкі, аднак ніякіх звестак пра паступленне Лаўрышаўскага евангелля няма.
Магчыма, Евангелле знікла разам з тымі рукапісамі і старадрукаванымі кнігамі, адсутнасць якіх выявіла «бутурлінская» рэвізія 1843—1844 гг. У кожным разе, у 1882 Лаўрышаўскае евангелле ўжо знаходзілася ў Кракаве, у бібліятэцы князёў Чартарыйскіх[1]. Абставіны, пры якіх кніга трапіла ў Кракаў, невядомыя. У 1887 кніга была адрэстаўраваная.
У 2009 годзе ў Беларусі было ўзнята пытанне пра вяртанне Лаўрышаўскага евангелля з Польшчы[9]. Намеснік міністра культуры Беларусі Уладзімір Грыдзюшка заявіў, што «размова ў прынцыпе пра тое, каб перадаць у Беларусь копію гэтага Евангелля»[10]. У тым самым годзе было абвешчана, што выдавецтва Беларускага экзархата плануе выдаць факсімільнае выданне Евангелля[11].
Месца захоўвання
правіцьУ цяперашні час арыгінал Евангелля захоўваецца ў навуковай Бібліятэцы князёў Чартарыйскіх (вуліца Святога Марка , 17, 31-018, Кракаў, Польшча). Бібліятэка з’яўляецца ўласнасцю Фонду князёў Чартарыйскіх, кіраванне ёю ажыцьцяўляе Нацыянальны музей у Кракаве.
Факсімільнае выданне
правіцьУ 2018 годзе ўкраінскае выдавецтва «Гарабец» ажыццявіла факсімільнае выданне Лаўрышаўскага евангелля. У Беларусі кніга маецца ў царкоўна-гістарычным музеі Свята-Елісееўскага Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра ў в. Лаўрышава (Шчорсаўскі сельсавет Навагрудскага раёна), Навагрудскім гісторыка-краязнаўчым музеі, Навагрудскай раённай бібліятэцы, Нацыянальнай бібліятэцы і Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Я. Коласа НАН Беларусі.
Выявы
правіць-
Пласціна з выявай на акладзе.
-
Жанчыны-міраносіцы. Мініяцюра Лаўрышаўскага евангельля.
-
Размова Варлаама з Іасафатам. Мініяцюра Лаўрышаўскага евангельля.
Зноскі
- ↑ а б в г д М. Нікалаеў, В. Антонаў. Пачаткі кніжнай культуры Вялікага Княства Літоўскага // Спадчына. — 2003. — № 4-5. Архівавана 7 верасня 2008.
- ↑ Friedelówna T. Ewangeliarz ławryszewski: Monografia zabytku. — Wrocław etc., 1974; Smorag-Różycka M. Miniatury «Ewangeliarza ławryszewskiego». Zagadnienie stylu // Folia historiae artium. T. 28. — Kraków, 1992.
- ↑ З гісторыі Лаўрышаўскага манастыра Архівавана 21 верасня 2010. (руск.)
- ↑ Гимнография // Православная энциклопедия
- ↑ Smorąg-Różycka M. Miniatury «Ewangeliarza Ławryszewskiego». Zagadnienie stylu // Folia Historiae Artium. — Kraków, 1992. — T. 28. — S. 13 — 38.
- ↑ Свентицкий, И. С. Лаврашевское Евангелие начала XIV века (Палеографическо-грамматическое описание) // Известия отделения Русского языка и словесности имп. Академии наук. — СПб., 1913. Т. 18, кн. 1.
- ↑ Евсеева, Л. Афонская книга образцов XV в. О методе работы и моделях средневекового художника. — М., 1998. — С. 109.
- ↑ Сын Уладзіміра Альгердавіча
- ↑ Беларусь хочет вернуть реликвию XIV века Лавришевское Евангелие Архівавана 24 верасня 2015.
- ↑ Минкульт Беларуси ведет переговоры с польской стороной о передаче Лавришевского евангелия
- ↑ У Беларусі плануецца факсімільнае аднаўленне шэрагу старадаўніх царкоўных рарытэтаў Архівавана 23 верасня 2015. (бел.)
Спасылкі
правіць- Маслюкоў, Т. Лаўрышаўскае евангелле — высокамастацкі твор кніжнай культуры. // lavra.by.
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Лаўрышаўскае евангелле