Ла-Таліта-Тумака
Ла-Таліта-Тумака, або Тумака-Ла-Таліта (ісп.: La Tolita-Tumaco, Tumaco-La Tolita) — старажытная культура ў прыбярэжнай зоне паўночнага захаду Эквадора і паўднёвага захаду Калумбіі. Існавала ў перыяд паміж IV ст. да н. э. і VI ст. н. э.
Ла-Таліта-Тумака Перыяд інтэграцыі ў Андах | ||||
---|---|---|---|---|
Геаграфічны рэгіён | Паўднёвая Амерыка | |||
Лакалізацыя | Эквадор, Калумбія | |||
Датаванне | IV ст. да н. э. — VI ст. н. э. | |||
Носьбіты | індзейцы | |||
Тып гаспадаркі | рыбалоўства, земляробства | |||
Пераемнасць | ||||
|
||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Назва
правіцьАдкрыццё культуры, якая звалася Ла-Таліта, адбылося дзякуючы раскопкам, арганізаваным амерыканскім археолагам Маршалам Говардам Сэвілам на астравах у дэльце ракі Каяпас на паўночным захадзе Эквадора. Вынікі былі апублікаваны ім у 1910 г. У 1949 г. з'явіліся публікацыі амерыканскага археолага Джона Хоўланда Роу аб раскопках помнікаў той жа культуры каля калумбійскага заліва Тумака. З 1955 г. калумбійскія даследчыкі вылучалі яе як культуру Тумака. Дзве розныя назвы адной культуры часам выкарыстоўваюцца і ў нашы дні.
Асаблівасці
правіцьЛічыцца, што культура Ла-Таліта-Тумака ўзнікла ў выніку адасаблення ад болей старажытнай культуры Чарэра. Яе носьбіты насялялі прыбярэжныя раёны памежжа сучасных Эквадора і Калумбіі. Пра іх гаспадарчыя заняткі вядома мала. Мяркуецца, што яны займаліся рыбалоўствам і земляробствам, і гэта дазволіла ім стварыць складанае сацыяльна распластаванае грамадства. Важным было вылучэнне прафесійных заняткаў ганчароў і металургаў. Майстры культуры Ла-Таліта-Тумака выраблялі па-мастацку вытанчаныя прадметы, у тым ліку ўпрыгожванні, статуэткі, маскі, посуд, шпількі, сякеры, вагі і г. д.
Металургі працавалі пераважна з каляровымі металамі — золатам, рознымі сплавамі медзі і цынку. Адметна тое, што яны пачалі працаваць і з плацінай. Для яе плаўлення патрэбны вельмі высокія тэмпературы, таму яны выкарыстоўвалі тэхналогію спякання, калі плацінавы парашок шчапляўся з дапамогай расплаву золата. Кантраст белай плаціны і жоўтага золата ствараў непаўторную двухкаляровую кампазіцыю. Прадметы побыту з металаў не вырабляліся. Напрыклад, сякеры часцей рабілі з крэмнія, а іголкі — з косці.
Ганчары стваралі кераміку рознага прызначэння. У слабаабпаленых пасудзінах захоўвалі прахалодную ваду і алей. Поруч з імі ствараліся трывалыя шарападобныя гарлачы, шклянкі, чары, талеркі, калаўроты, многія з якіх мелі выразныя ўпрыгожванні. З гліны і невялікіх каменьчыкаў выраблялі таркі. Вядомы керамічныя антрапаморфныя, зоаморфныя і гібрыдныя статуэткі. Яны настолькі дэталізаваны, што дазваляюць вывучаць элементы адзення і нават хваробы тагачасных людзей.
З IV ст. н. э. адбываўся паступовы заняпад паселішчаў культуры Ла-Таліта-Тумака. Паміж V ст. і VII ст. прыбярэжныя раёны, раней населеныя яе носьбітамі, апынуліся па невядомых прычынах амаль бязлюднымі.
Галерэя
правіць-
Маска з плаціны і золата
-
Шпілька для носу
-
Скульптура чалавека на лаве
-
Танец ягуара
-
Цыліндрычная пячатка
Спасылкі
правіць- J.F. Bouchard, Tumaco - La Tolita: Un Litoral de Intercambio en el Período Prehispánico
- Patiño DC. Culture, art and power at tulato in the pacific coast of Colombia and Ecuador. J His Arch & Anthropol Sci. 2020;5(3):109-115
- HARRY PACHAJOA, CARLOS ARMANDO RODRÍGUEZ, CAROLINA ISAZA Parálisis facial en la cerámica de la cultura prehispánica Tumaco-Tolita (300 A.C.-600 D.C.)