Лука Брэсэль (нідэрл.: Luca Brecel; нар. 8 сакавіка 1995, Дзільсан-Стокем, Бельгія) — бельгійскі прафесійны гулец у снукер. Пераможца чэмпіянату Кітая 2017 года і фіналіст German Masters 2016 года. Двухразовы ўдзельнік чэмпіянатаў свету (2012, 2017) і двухразовы чвэрцьфіналіст чэмпіянатаў Вялікабрытаніі (2012, 2016). З лютага 2016 года нязменна ўваходзіць у топ-32, а з жніўня 2017 — у топ-16 сусветнага рэйтынгу.
У 2009 годзе стаў самым маладым чэмпіёнам Еўропы сярод гульцоў да 19 гадоў, а ў сезоне 2010/2011 пачаў выступаць на турнірах серыі PTC і атрымаў уайлдкард на турнір German Masters, здзейсніўшы дэбют на рэйтынгавым турніры. У наступным сезоне далучыўся да прафесіяналаў ва ўзросце 16 гадоў, але ўпершыню прайшоў кваліфікацыю рэйтынгавага спаборніцтва толькі на чэмпіянаце свету 2012 года, выйграўшы чатыры адборачныя матчы і стаўшы самым маладым удзельнікам асноўнай стадыі чэмпіянату свету ў 17 гадоў. У канцы 2012 года дайшоў да свайго першага чвэрцьфіналу на чэмпіянаце Вялікабрытаніі, другога па значнасці рэйтынгавага спаборніцтва, а па выніках сезона 2013/2014 упершыню патрапіў у топ-64 снукерыстаў свету. У сезоне 2014/2015 упершыню дайшоў да паўфіналу рэйтынгавага турніру на адкрытым чэмпіянаце Уэльса, а ў 2016 годзе выйшаў у фінал German Masters, дзе саступіў Мартыну Гоўлду (5:9), і ўвайшоў у топ-32 сусветнага рэйтынгу. У сезоне 2016/2017 у другі раз выйшаў у чвэрцьфінал чэмпіянату Вялікабрытаніі і ў другі раз прабіўся ў асноўную стадыю чэмпіянату свету, а ў пачатку сезона 2017/2018 здабыў свой першы рэйтынгавы тытул, перамогшы на чэмпіянаце Кітая і стаўшы першым пераможцам рэйтынгавага спаборнцітва з кантынентальнай Еўропы, і ўпершыню ўвайшоў у топ-16 сусветнага рэйтынгу, а пазней дайшоў да чацвёртага ў кар'еры рэйтынгавага паўфіналу на World Open, падняўшыся на найвышэйшае для сябе 12-е месца ў рэйтынгу.
У агульнай колькасці займае дванаццатае месца ў сусветным рэйтынгу адзін тыдзень. Апроч дасягненняў на рэйтынгавых турнірах, дайшоў да фіналу аднафрэймавага прафесійнага турніру Shoot-Out у 2015 годзе, а на турнірах серыі PTC тры разы даходзіў да чвэрцьфінальнай стадыі. За прафесійную кар'еру аформіў больш за 60 сэнчуры-брэйкаў і ўваходзіць у топ-90 гульцоў з найбольшай колькасцю соценных серый у гісторыі снукера, а таксама зарабіў больш за 400 тысяч фунтаў, уваходзячы ў топ-80 снукерыстаў у гісторыі па гэтым паказчыку. Найвышэйшым брэйкам у кар'еры Брэсэля з'яўляецца серыя ў 140 ачкоў, якую ён выконваў тры разы.