Люблінская унія
Люблінская унія (1 ліпеня 1569) — акт федэратыўнага аб’яднання дзвюх дзяржаў Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага ў Рэч Паспалітую Абодвух Народаў, зацверджаны на Люблінскім сойме.
Унія была абумоўленая папярэдняй гісторыяй дзяржаўных зносін Польшчы і ВКЛ, і прыспешаная цяжкім становішчам ВКЛ у Лівонскай вайне (Гл.далей: падрыхтоўка уніі ў зносінах дзвюх дзяржаў).
Перадумовы
правіцьЗ канца XV ст. ВКЛ было вымушана весці цяжкія войны супраць Маскоўскай дзяржавы, якая прэтэндавала на ўсходнія землі ВКЛ. У выніку войнаў 1492—1494, 1500—1503, 1507—1508, 1512—1522, 1534—1537 гг. ВКЛ страціла частку сваіх тэрыторый. 8 верасня 1514 г. каля Оршы войскі ВКЛ на чале гетмана К. Астрожскага ўшчэнт разбілі большыя па колькасці войскі Маскоўскай дзяржавы, але поўнасцю скарыстаць з вынікаў перамогі вялікі князь не здолеў. У 1558—1583 гг. адбылася яшчэ больш маштабная Лівонская вайна. У 1558 г. войскі цара Івана IV Грознага рушылі на Лівонію. Лівонскі ордэн і Рыжскае архібіскупства былі вымушаны звярнуцца па дапамогу да ВКЛ і прызнаць сваё падданства. У адказ у 1563 г. Іван IV захапіў Полацк. Войска ВКЛ, большая частка якога змагалася ў Лівоніі, апынулася ў цяжкім становішчы. Польшча не спяшалася з дапамогай, намагаючыся поўнай інкарпарацыі ВКЛ. Ужо ў 1562—1563 гг. шляхецкія соймы звярталіся з патрабаваннем новай уніі з Польшчай. Аднак буйныя магнаты справядліва апасаліся не столькі за свае правы, колькі за свае ўплывы ў дзяржаве і высоўвалі праекты, непрымальныя для польскага боку.
Унія
правіць10 студзеня 1569 г. у Любліне (Польшча) пачаў працу агульны сойм ВКЛ і Кароны Польскай. Незадаволеная яго ходам дэлегацыя ВКЛ у лютым пакінула Люблін. Кароль асобнымі актамі далучыў да Польшчы Падляшша і амаль усю тэрыторыю Украіны. Магчымасцей весці вайну яшчэ і з Польшчай у ВКЛ не было. Таму ўлетку 1569 г. дэлегацыя ВКЛ зноў наведала Люблін і падпісала дамову аб уніі.
Акт Люблінскай уніі быў аформлены ў выглядзе прывілею-дагавора, зацверджанага пастановай Люблінскага сейма 1 ліпеня 1569 г. Тэкст акта быў падрыхтаваны ў двух экзэмплярах — адзін замацаваны пячаткамі польскіх феадалаў, другі — пячаткамі феадалаў княства, пасля чаго абодва бакі памяняліся актамі. Гэткі парадак іх абмену, на думку яго арганізатараў, павінен быў прыхаваць гвалтоўны, агрэсіўны і нераўнапраўны характар уніі, надаць ёй бачнасць добраахвотнай згоды бакоў.
У акце гаварылася таксама, што «Каралеўства Польскае і Вялікае Княства Літоўскае ўяўляюць сабою ўжо адно непадзельнае і неаддзельнае цэлае, а таксама не асобную, а адну агульную рэспубліку, якая злучылася і злілася ў адзін народ з дзвюх дзяржаў і народаў».[1] Яшчэ ўказвалася, што хоць асобае ўзвядзенне на княжанне вялікага князя літоўскага павінна быць адменена, але тытул і пасады Вялікага Княства застаюцца. Уступаючы на прастол, новы кароль пад прысягаю пацвярджае ўсе правы і вольнасці падданых абедзвюх дзяржаў і народаў. Надалей збіраюцца толькі агульныя соймы і адна Рада. Цалкам захоўваюцца правы і прывілеі, а таксама высокія пасады. Дагаворы і саюзы з іншымі краінамі заключаюцца толькі з агульнага ведама і згоды абодвух народаў. Манета павінна быць аднолькавая і раўнацэнная. Адмянялася пошліна на вываз за граніцу сельскагаспадарчых прадуктаў з маёнткаў духавенства і асоб шляхецкага саслоўя.
Гэты акт павінен быў выклікаць і змены ў заканадаўстве Вялікага Княства. «Усе, якія б яны ні былі, статуты, па якой бы прычыне яны ні былі ўведзены ці ўхвалены ў Княстве Літоўскім супроць польскага народа і якія звязаны з набыццём ці ўладаннем пазямельнай маёмасцю, што дасталася паляку ў княстве якім бы ні было спосабам… усе гэтыя статуты, як супярэчныя наогул праву, справядлівасці, узаемнай братэрскай любові і Уніі, роўна як і агульнаму злучэнню, ніякай сілы мець не павінны».[1]
Пра гвалтоўніцтва, падман, шантаж і нядобрасумленнасць дзеянняў польскіх феадалаў, каталіцкага духавенства і самога Жыгімонта Аўгуста ў адносінах да прадстаўнікоў Вялікага княства яскрава сведчаць запісы дзённіка Люблінскага сойма, таму няма падстаў згаджацца з тымі гісторыкамі, якія лічылі, што дробная і сярэдняя шляхта жадала і дабівалася уніі з Польшчай.
Ацэнкі
правіць3 юрыдычнага боку акты аб далучэнні беларускіх і ўкраінскіх зямель да Польшчы былі незаконныя і належала лічыць, што яны не маюць сілы. Паводле заканадаўства Вялікага Княства Літоўскага, вялікі князь, уступаючы на прастол, даваў прысягу і абяцаў дзейнічаць толькі згодна з дзяржаўнымі законамі. Адпаведна з параграфамі 12 і 15 прывілею 1492 г. і арт. 1,2, 12 раздз. 3 Статута 1566 г. вялікі князь не меў права змяншаць тэрыторыю дзяржавы і выдаваць якія-небудзь заканадаўчыя акты без згоды Рады і сойма. У арт. 4 таго ж раздзела проста ўстанаўлівалася забарона выдаваць прывілеі, якія парушаюць нормы Статута: «А где бы што одержано и вышло яким же кольвек обычаем против сего Статуту, то с права и суду справедливость через нас н потомки наши за радою рад наших Великого князства на сторону отложено и ни во што обернено быти маеть». Таму акты аб аддзяленні ўкраінскіх і заходняй часткі беларускіх зямель, выдадзеныя ў Любліне, кажучы мовай Статута, належала «ни во что обернути» — прызнаць за несапраўдныя. Несапраўднасць іх устанаўлівалася і граматай Жыгімонта Аўгуста ад 21 снежня 1568 г., дзе ён кляўся захоўваць старыя законы і звычаі і не парушаць тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржавы.
Акты аб аддзяленні зямель не былі замацаваны пячаткай Вялікага княства, што таксама рабіла іх несапраўднымі. Юрыдычную незаконнасць іх разумелі і самі творцы, таму і пасля выдання гэтых актаў стараліся прымусіць прадстаўнікоў княства згадзіцца на унію і тым самым прыхаваць незаконнае далучэнне чужых тэрыторый бачнасцю «згоды» і «братэрскай любові» абодвух бакоў. Далучэнне велізарнай тэрыторыі, адарванай ад княства, павялічыла польскую дзяржаву ў некалькі разоў, але не ўмацавала яе, а значна аслабіла, бо Польшча вымушана была ўвесь час трымаць свае сілы на захопленых землях, каб не даваць разгарацца вызваленчай барацьбе ўкраінскага і беларускага народаў, якая праяўлялася асабліва ў сярэдзіне XVII ст. Прысваенне гэтых тэрыторый узмацніла ў Польшчы і рост вялікадзяржаўных шавіністычных ілюзій, якія зусім выцяснялі цвярозую развагу. Пануючым вярхам Польшчы здавалася, што іх эгаістычным планам цяпер нішто не перашкодзіць, бо галоўныя іх апаненты ў княстве зламаны і прыгнечаны, а само княства асуджана на ліквідацыю. Яны не разумелі, што падрыў сіл саюзнай дзяржавы вёў да аслаблення Польшчы, а разгул шавінізму — да ўзмацнення нацыянальнай барацьбы, што ўрэшце і стала адной з прычын распаду польскай феадальнай дзяржавы.
Пасля страты значнай тэрыторыі Вялікае княства не магло далей самастойна весці вайну і вымушана было, каб атрымаць дапамогу ад польскіх феадалаў, капітуляваць і падпісаць ганебны акт уніі на ўмовах, прадыктаваных імі. Патрыятычныя сілы княства, якія супраціўляліся націску польскіх феадалаў, былі аслаблены наяўнасцю ўнутры дзяржавы моцнай каталіцкай агентуры, якая складалася з часткі акаталічанай шляхты і каталіцкага духавенства і дзейнічала на карысць польскіх феадалаў па ўказцы з Ватыкана і Гнезна. Значная ж частка феадалаў і шляхты была запалохана пагрозай канфіскацыі маёнткаў і дзеля асабістых інтарэсаў паступалася інтарэсамі дзяржавы. Характарызуючы паводзіны прадстаўнікоў шляхты на соймах, пісьменнік XVI ст. пісаў, што яны поўнасцю падпарадкаваліся жаданням караля, «адны баючыся што-небудзь страціць, а другія жадаючы ўбіцца ў ласку».[2] Пры такім становішчы прадстаўнікі Вялікага княства вымушаны былі пад пагрозай канфіскацыі маёнткаў вярнуцца ў Люблін і падпісаць прапанаваны ім акт аб злучэнні дзвюх дзяржаў.
Гвалтоўнае і бяспраўнае далучэнне ўкраінскіх і часткі заходнебеларускіх зямель да Польшчы прынесла шмат шкоды не толькі насельніцтву Беларусі, Украіны і Літвы, але і самой Польшчы. Прымусовае акаталічванне і апалячванне беларускага і ўкраінскага народаў спарадзіла нацыянальны і рэлігійны прыгнёт. Насаджэнне ж рэакцыйнай дагматычнай ідэалогіі каталіцкай царквы выклікала застой і заняпад навукі і культуры. Усё гэта шкодна адбілася на стане вытворчых сіл і эканомікі, што ў канчатковым выніку прывяло да пагібелі ўсёй феадальнай Рэчы Паспалітай.
Зноскі
Літаратура
правіць- Юхо Я. А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Вучэб. Дапам. — Мн.: Універсітэцкае, 1992. — 270с.
- Люблінская унія // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 442. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.