Вайна Маскоўскай дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім (1492—1494)

1492—1494

Вайна Маскоўскай дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім 1492—1494 гадоў, Памежная вайна — першая адкрытая вайна Маскоўскай дзяржавы за так званую «отчину» — усходнеславянскія землі, што былі ў складзе Вялікага Княства Літоўскага.

Маскоўска-літоўская вайна
Дата 14921494
Месца Украіна, Беларусь, Расія
Вынік Вечны мір 1494 года
Праціўнікі
  Вялікае Княства Літоўскае Вялікае княства Маскоўскае
  Крымскае ханства
Камандуючыя
Казімір IV
Аляксандр Ягелончык
Іван III
Менглі-Гірэй

Гісторыя

правіць

Вайне папярэднічалі парубежныя канфлікты, якія пачасціліся з 1486 года, калі ваяводы Івана ІІІ напалі і разрабавалі Любуцк, Мцэнск і Вяземскае княства. Вясною 1492 года Іван ІІІ накіраваў да польскага караля і вялікага князя літоўскага Казіміра IV пасла з праграмай тэрытарыяльных дамаганняў, аднак той вярнуўся назад даведаўшыся пра раптоўную смерць Казіміра (7 чэрвеня 1492 года ў Гродне). Склалася спрыяльная сітуацыя для вайны. У жніўні войска на чале з Ф. Целяпнём-Абаленскім, накіраванае на Любуцк і Мцэнск, папаліла гарады, а баяр і жыхароў забрала ў палон. Восенню маскоўскія ваяводы занялі Хляпень і Рагачоў. У гэты час у Маскву перабеглі князі з парубежных раёнаў Вялікага Княства Літоўскага — С. Ф. Варатынскі, М. Р. Мязецкі, А. і В. Бялеўскія, А. Ю. Вяземскі, што дазволіла Івану ІІІ авалодаць землямі ў верхоўях Акі. Пры дапамозе князёў-перабежчыкаў былі заняты Мязецк, Сярпейск, Масальск, спалены Апакаў, пазней войска князя Д. В. Шчэні захапіла Вязьму. Рыхтуючыся да пашырэння ваенных дзеянняў, вялікі князь маскоўскі сабраў войска ў Вялікіх Луках, Ноўгарадзе, Пскове і Цверы, заклікаў крымскага хана Менглі-Гірэя нанесці ўдар па Вялікім Княстве Літоўскім з поўдня. У 1493 годзе маскоўскае пасольства наведала князя Конрада Мазавецкага і магістра Тэўтонскага ордэна з прапановай стварыць супраць Ягайлавічаў ваенны альянс. Вялікае Княства Літоўскае не было гатова да абароны, таму вялікі князь Аляксандр накіраваў сваіх паслоў у Крым, Заволжскую Арду і да свайго брата польскага караля Яна Альбрэхта з просьбай аб дапамозе. Каб спыніць агрэсію, віленскі двор прапанаваў выдаць дачку Івана ІІІ Алену замуж за вялікага князя Аляксандра. Гэта паслужыла пачаткам перагавораў, у час якіх маскоўскі ўрад імкнуўся заняць як мага больш тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага.

Вялікае пасольства

правіць

«Вялікае пасольства» вялікага князя Аляксандра, у склад якога ўваходзілі троцкі ваявода П. Янавіч, жамойцкі староста С. Я. Кезгайла, Войтка Янавіч і пісар Хведар Грыгор’еў, прыбыло ў Маскву ў студзені 1494 года. У выніку складаных перагавораў было дасягнута пагадненне аб новай мяжы паміж дзяржавамі. Да маскоўскай дзяржавы адышлі Вяземскае княства і землі ў басейне Верхняй Акі, дзе дакладная мяжа не была вызначана, што пакідала падставы для будучых канфліктаў. Вялікае Княства Літоўскае адмовілася ад прэтэнзій на Ноўгарад Вялікі, Пскоў, Цвер, Разань, прызнала ўсе «ад’езды» вярхоўскіх князёў. Пасольства Вялікага Княства Літоўскага правяло таксама перагаворы аб сватанні Аляксандра да дачкі Івана ІІІ і, атрымаўшы станоўчы адказ, прадстаўляла вялікага князя на заручынах.

Літаратура

правіць
  • Базилевич К. В. Внешняя политика Русского централизованного государства. Вторая половина 15 в. М., 1952.
  • Греков И. Б. Очерки по истории международных отношений Восточной Европы 14-16 вв. М., 1963.
  • Natanson-Leski J. Dzieje granicy wschodniej Rzeczypospolitej. Cz. 1. Lwow., Warszawa, 1922.