Лятучы ўніверсітэт (Польшча)

былыя польскія падпольныя адукацыйныя ініцыятывы (1885—1905, 1977—1981)

Лятучы ўніверсітэт (польск.: Uniwersytet Latający) — польскія падпольныя адукацыйныя[1] ініцыятывы[2], якія дзейнічалі: за часам Расійскай імперыі ў 1885—1905 гадах — у Варшаве, а потым адноўленым чынам у перыяд 1977—1981 гадоў — у Польскай Народнай Рэспубліцы.

Мемарыяльная шыльда на будынку колішняга Польскага вольнага ўніверсітэта  (польск.) (Варшава, вул. Стэфана Банаха, 2). У тэксце, змешчаным на шыльдзе, прысутнічае ўзгадка аб Лятучым універсітэце.

Мэтай стварэння гэтай і падобных інстытуцый было прадстаўленне польскай моладзі магчымасці атрымоўваць адукацыю ў рамках нацыянальнай навуковай традыцыі, непадкантрольную ідэалагічным устаноўкам дзеючых уладаў. У XIX стагоддзі такога кшталту ініцыятывы адыгралі важную ролю ў нацыянальным памкненні супрацьстаяць палітыцы германізацыі і русіфікацыі пазбаўленай сваёй дзяржаўнасці Польшчы, якую здзяйснялі германскія і расійскія ўлады[3]. За часам камуністычнай Польскай Народнай Рэспубліцы Лятучы ўніверсітэт даваў магчымасць атрымоўваць адукацыю па-за дзяржаўнай цэнзурай і кантролем[4].

Гісторыя правіць

Перадумовы для ўзнікнення правіць

Пасля Напалеонаўскіх войн польскія землі яшчэ цягам стагоддя былі падзелены паміж і знаходзіліся пад уладай трох суседніх дзяржаў: Расійскай імперыі, Каралеўства Прусія (з 1871 года — Германскай імперыі) і Аўстрыйскай імперыі (з 1867 года — Аўстра-Венгерскай імперыі). Становішча палякаў на тэрыторыях, падкантрольных Расіі і Прусіі, паступова пагаршалася — у прыватнасці, у расійскай частцы першапачаткова ўмераная нацыянальная палітыка была перагледжана пасля адбыўшыхся паўстанняў, накіраваных на звяржэнне расійскага панавання: Лістападаўскага паўстання (1830—1831) і Студзеньскага паўстання (1863—1864). У выніку паразаў гэтых паўстанняў нацыянальная аўтаномія, існаваўшая ў выглядзе Царства Польскага ў складзе Расійскай імперыі, спачатку была абмежавана (1831), а пасля канчаткова скасавана (1865)[3].

У становішчы ўзмацнення палітыкі германізацыі і русіфікацыі для палякаў стала больш складаным атрымоўваць польскую адукацыю ўніверсітэцкага ўзроўню[3]. Акрамя таго, як і амаль паўсюль у тагачаснай Еўропе, у Расійскай імперыі існавалі вялікія абмежаванні ў атрыманні вышэйшай адукацыі для жанчын[5], а магчымасць выкладання або даследавання ў пэўных сферах (такіх, напрыклад, як польская мова, каталіцызм і гісторыя Польшчы) вагалася ад цяжкага да падзабароннага[3][6][7].

У адказ на такую палітыку[3][8] і натхнёныя рухам Варшаўскага пазітывізму  (бел. (тар.))[9], пачынаючы з 1882 года, у прыватных дамах Варшавы пачалі праводзіцца тайныя адукацыйныя курсы. Спачатку гэта была серыя заканспіраваных курсаў для жанчын, дзе сярод першых выкладчыкаў былі: Юзаф Сямашка, Станіслаў Норблін, Пётр Хмялёўскі  (польск.) і Уладзіслаў Смаленскі  (польск.).

Стварэнне Лятучага ўніверсітэта правіць

У 1885 годзе, дзякуючы намаганням адной з слухачак курсаў Ядвігі Шчавінскай[10] (таксама вядомая як Зоф'я Шчавінская[11]), разрозненныя адукацыйныя групы былі аб'яднаныя ў адзіны, нефармальны, нелегальны і тайны ўніверсітэт, даступны для абодвух палоў[10], які атрымаў назву «Лятучы ўніверсітэт» — праз тое, што курсы былі раскіданы па ўсім горадзе і часта мянялі сваё месцазнаходжанне, каб прадухіліць выкрыццё расійскімі ўладамі месцаў правядзення заняткаў і арышт выкладчыкаў і студэнтаў[10][11]. Плата, якая збіралася са слухачоў (у памеры 2—4 рублёў), выкарыстоўвалася дзеля ўзнагароджання выкладчыкаў, а таксама стварэння тайнай бібліятэкі. Навучальная праграма Лятучага ўніверсітэта была разлічана на 5—6 гадоў па 8—11 гадзін заняткаў цягам тыдня і была падзелена на чатыры асноўныя дысцыплінарныя блокі: грамадскія навукі, педагогіка, філалогія і гісторыя, натуральныя навукі.

Сярод выкладчыкаў універсітэта былі найлепшыя на той час польскія навукоўцы[11]: гісторыкі — Уладзіслаў Смаленскі  (польск.) і Тадэвуш Корзан, літаратуразнаўцы — Браніслаў Хлябоўскі  (польск.), Ігнаці Хшаноўскі  (польск.), Зоф'я Дашынская-Галінская  (польск.)[12] і Пётр Хмялёўскі  (польск.), філосафы — Ян Уладзіслаў Давід  (польск.) і Адам Марбург  (польск.), сацыёлаг — Людвік Кшывіцкі  (польск.), біёлаг — Юзаф Нусбаўм-Гіляровіч  (польск.)[13].

За двадцать гадоў існавання ўніверсітэта ў яго курсах узялі ўдзел каля 5000 жанчын і тысячы мужчын. У ліку найбольш вядомых слухачоў універсітэта — будучая лаўрэат Нобелеўскай прэміі Марыя Складоўская-Кюры[3][13]; сярод іншых знакамітых студэнтаў — Зоф’я Налкоўская і Януш Корчак[10].

Таварыства навуковых курсаў і Польскі вольны ўніверсітэт правіць

Каля 1905—1906 года Лятучы ўніверсітэт атрымаў магчымасць распачаць легальную дзейнасць і быў пераўтвораны ў Таварыства навуковых курсаў (польск.: Towarzystwo Kursów Naukowych)[13]. Так сталася шмат у чым дзякуючы таму, што ўлады краін, якія ў свой час падзялілі паміж сабой Польшчу, у чаканні непазбежнай вайны паміж сабой пачалі дамагацца лаяльнасці палякаў[3].

Каля 1918—1919 года, калі Польшча аднавіла сваю незалежнасць як Другая Рэч Паспалітая, Таварыства навуковых курсаў было пераўтворана ў прыватны ўніверсітэт — Польскі вольны ўніверсітэт  (польск.) (польск.: Wolna Wszechnica Polska)[13]. У 1927 годзе ў Лодзі быў адкрыты філіял гэтага ўніверсітэта.

Падчас Другой сусветнай вайны правіць

Падчас Другой сусветнай вайны, калі Польшча апынулася пад акупацыяй нацысцкай Германіі і палякам было забаранена наведваць курсы ўніверсітэцкага ўзроўню, многія выкладчыкі выкарыстоўвалі досвед колішняга Лятучага ўніверсітэта пры арганізацыі сістэмы падпольнага выкладання для польскай моладзі.

За часам Польскай Народнай Рэспублікі правіць

Пасля Другой сусветнай вайны Польскі вольны ўніверсітэт  (польск.) так і не ўзнавіў сваю дзейнасць у Варшаве і фармальна спыніў сваё існаванне ў 1952 годзе, пры гэтым яго філіял у Лодзі паслужыў асновай для ўтварэння ў 1945 годзе Лодзінскага ўніверсітэта.

У часы камуністычнага панавання ў Польскай Народнай Рэспубліцы, калі вучэбная праграма стала выкарыстоўвацца ў якасці палітычнага інструмента і шмат што з польскай гісторыі было падвергнута цэнзураванню ў спробе «сцерці» ўзгадванні пра польска-расійскія канфлікты (у прыватнасці, пра такія падзеі, як Польска-савецкая вайна, Катынскі растрэл, Бітва пад Прагай і г. д.)[14], традыцыя падпольнага Лятучага ўніверсітэта была адроджана ізноў: спачатку — у выглядзе Таварыства Польскага вольнага ўніверсітэта (польск.: Towarzystwo Wolnej Wszechnicy Polskiej), якое пачало дзейнасць у Варшаве ў 1957 годзе, а двума дзесяцігоддзямі пазней — у выглядзе адукацыйных ініцыятыў, атрымаўшых гістарычныя назвы: Лятучы ўніверсітэт (1977) і Таварыства навуковых курсаў  (польск.) (1978), дзейнасць якіх была падтрымана польскімі дысідэнтамі: Стэфанам Амстэрдамскім  (польск.), Анджэем Цэлінскім  (польск.), Богданам Цывінскім  (польск.), Альдонай Яўлоўскай  (польск.), Янам Келяноўскім  (польск.), Анджэем Кіёўскім  (польск.), Тадэвушам Мазавецкім, Войцахам Астроўскім  (польск.).

Шмат хто з удзельнікаў гэтых падпольных інстытуцый пацярпелі ў выніку пераследу з боку польскай міліцыі, мелі месца інцыдэнтамі, такія як калі бачнага дысідэнта Яцэка Куроня  (польск.) скінулі ўніз з лесвіцы або калі з падачы міліцыі злачынцамі была абрабавана яго кватэра. Нягледзячы на ціск, падпольныя адукацыйныя курсы працягвалі сваю дзейнасць ажно да ўвядзення ваеннага становішча ў Польшчы ў 1981 годзе, мэтай чаго хоць і было задушэнне руху «Салідарнасць», але гэта таксама спыніла і дзейнасць падпольнай адукацыі.

Пасля мірнай перамогі «Салідарнасці» па выніках парламенцкіх выбараў 1989 года, мэты, якія ставіліся ў дзейнасці ў тым ліку і другога Лятучага ўніверсітэта (вызваленне польскай адукацыі ад кантролю і цэнзуры камуністычнай партыі), былі ўрэшце дасягнуты.

Зноскі правіць

  1. Betty Jean Lifton, The King of Children: The Life and Death of Janusz Korczak, p. 35, St. Martin's Press, 1997, ISBN 0-312-15560-3.
  2. Peter Brock, John Stanley, Piotr J. Wróbel, Nation And History, p. 167, University of Toronto Press, 2006, ISBN 0-8020-9036-2.
  3. а б в г д е ё David Palfreyman (ed.), Ted Tapperm, Understanding Mass Higher Education, Routledge (UK), 2004, ISBN 0-415-35491-9, Google Print, pp. 141—142.
  4. Barbara J Falk, The Dilemmas of Dissidence in East-Central Europe: Citizen Intellectuals and Philosopher Kings, Central European University Press, 2003, ISBN 963-9241-39-3, Google Print, p. 42.
  5. Christine Johanson, Women's Struggle for Higher Education in Russia, 1855—1900, McGill-Queen's Press, 1987, ISBN 0-7735-0565-2, Google Print, p. 23].
  6. Abraham Ascher, The Revolution of 1905: A Short History, Stanford University Press, 2004, ISBN 0-8047-5028-9, Google Print, p. 47.
  7. Peter Brock, John Stanley, Piotr J. Wróbel, Nation And History, University of Toronto Press, 2006, ISBN 0-8020-9036-2, Google Print, p. 7.
  8. Peter Waldron, The End of Imperial Russia, 1855—1917, Palgrave, 1997, ISBN 0-312-16537-4, Google Print, p. 120.
  9. Brian Porter, When Nationalism Began to Hate: Imagining Modern Politics in Nineteenth-Century Poland, Oxford University Press US, 2002, ISBN 0-19-515187-9, Google Print, p. 85.
  10. а б в г Betty Jean Lifton, The King of Children: The Life and Death of Janusz Korczak, St. Martin's Press, 1997, ISBN 0-312-15560-3, Google Print, pp. 35—40.
  11. а б в Margarita Diaz-Andreu, Excavating Women: A History of Women in European Archaeology, Routledge (UK), 1998, ISBN 0-415-15760-9, Google Print, p. 88.
  12. Haan, edited by Francisca de; Daskalova, Krassimira; Loutfi, Anna (2005). Biographical dictionary of women's movements and feminisms in Central, Eastern, and South Eastern Europe : 19th and 20th centuries (1st ed.). New York: Central European University Press. ISBN 9637326391.
  13. а б в г Norman Davies, God's Playground: A History of Poland, Columbia University Press, 1982, ISBN 0-231-05352-5, Google Print, p. 235.
  14. Marc Ferro, The Use and Abuse of History: Or How the Past Is Taught to Children, Routledge, 2003, ISBN 0-415-28592-5, Google Print, p. 259.