Януш Корчак (польск.: Janusz Korczak, сапраўднае імя Эрш Хенрык Гольдшміт (польск.: Henryk Goldszmit), вядомы таксама як Стары Доктар ці Спадар Доктар (часам пішацца разам); 22 ліпеня 1878, Варшава — жнівень 1942, канцлагер Трэблінка) — польскі педагог, урач-педыятр, дзіцячы пісьменнік, публіцыст, грамадскі дзеяч, афіцэр Войска Польскага.

Януш Корчак
польск.: Janusz Korczak
Імя пры нараджэнні Эрш Хенрык Гольдшміт
Род дзейнасці педагог, педыятр, дзіцячы пісьменнік, сцэнарыст, пісьменнік, настаўнік, урач, выхавацель, праваабаронца, аўтар, філосаф, публіцыст
Дата нараджэння 22 ліпеня 1878(1878-07-22)[1][2][…]
Месца нараджэння
Дата смерці 7 жніўня 1942(1942-08-07)[3] (64 гады)
Месца смерці
Грамадзянства
Веравызнанне іўдаізм
Бацька Józef Goldszmit[d]
Маці Cecylia Gębicka[d]
Месца працы
Альма-матар
Член у
Бітвы/войны
Узнагароды і прэміі
Сайт pskorczak.org.pl
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы[4]

Педагог-наватар, аўтар публікацый па тэорыі і практыцы выхавання. Пачынальнік дзейнасці па абароне правоў дзяцей і абсалютнага раўнапраўя дзяцей.

Польскі яўрэй, які на працягу ўсяго жыцця казаў пра сваю прыналежнасць да абодвух народаў.[5] Адхіліўшы прапановы пра ўцёкі з варшаўскага гета, разам з 200 выхаванцамі і персаналам «Дома сірот» загінуў у нацысцкім канцлагеры.

Маладосць і адукацыя

правіць

Корчак нарадзіўся ў Варшаве ў апалячанай яўрэйскай сям’і, сын адваката Юзафа Гольдшміта (1844—1896) і Цэцыліі з дому Гэмбіцкай (1853/4-1920). Арыгінальная метрыка не захавалася, таму дакладная дата нараджэння невядомая.

Сям’я Гольдшмітаў паходзіла з Любельскага ваяводства, а Гэмбіцкіх — з Пазнаньскага; прадзед Маурыцы Гэмбіцкі і дзед Херш Гольдшміт былі ўрачамі.[6]

Магілы бацькі Януша Корчака, яго дзядулі і бабулі па матчынай лініі (магіла маці не знойдзена) знаходзяцца на яўрэйскіх могілках у Варшаве на вуліцы Акаповай.

Дабрабыт сям’і Гольдшмітаў пачаў пагаршацца з прычыны псіхічнай хваробы бацькі, які ў пачатку 90-х гадоў першы раз трапіў у псіхіятрычную клініку з сімптомамі шаленства. Бацька памёр 26 красавіка 1896 г. Пасля яго смерці Корчак — 17-18-гадовы вучань — пачаў займацца рэпетытарствам, каб дапамагчы сям’і. Яго маці Цэцыліна Гольдшміт здавала пакоі ў іх варшаўскай кватэры. Экзамены на атэстат сталасці Корчак здаваў будучы 20-гадовым мужчынам.

З дзяцінства Януш Корчак шмат чытаў. Пазней у дзённіку, які пісаў у гета, зрабіў запіс:…я запаў у вар’яцтва, шаленства чытання. Свет знік перад маімі вачыма, была толькі кніга…. У 1898 г. ён паступіў на медыцынскі факультэт Імператарскага ўніверсітэта ў Варшаве. Летам 1899 г. ён першы раз выехаў за мяжу — у Швейцарыю, дзе знаёміўся, між іншым, з педагагічнай дзейнасцю і творчасцю Іагана Генрыха Песталоці. У канцы гэтага ж года быў ненадоўга арыштаваны за дзейнасць у чытальнях Варшаўскага таварыства дабрачыннасці. Вучыўся шэсць гадоў, на першым курсе паўторна. Вучыўся ў Лётным універсітэце. У студэнцкія гады пазнаваў на сваім досведзе жыццё галоты, пралетарыяту і люмпенпралетарыяту. Ён належаў таксама да масонскай ложы «Зорка мора» Міжнароднай федэрацыі «Le Droit Humain», мэтай якой было «прымірыць усіх людзей, падзеленых бар’ерамі рэлігіі, і шукаць праўду, захоўваючы павагу да іншага чалавека»[7]

Доктар

правіць

23 сакавіка 1905 года Корчак атрымаў дыплом урача. У чэрвені гэтага ж года ў якасці доктара быў прызваны ў царскае войска (гэта быў перыяд падзелу Польшчы) і браў удзел у руска-японскай вайне. Служыў у г. Харбін. Ад дзяцей у Манчжурыі вывучаў кітайскую мову. У канцы сакавіка 1906 года вярнуўся ў Варшаву. Паміж 1905 −1912 гг. працаваў педыятрам у Шпіталі для дзяцей ім. Берсанаў і Баўманаў. Узамен за пражыванне на тэрыторыі шпіталя, ён у якасці так званага «мясцовага доктара» стала дзяжурыў у шпіталі і самааддана выконваў свае абавязкі. У сваёй доктарскай практыцы ён не пазбягаў пралетарскіх частак горада. Ад бедных пацыентаў часта браў толькі сімвалічную плату, або нават даваў сродкі на лекі, у той жа час ад заможных пацыентаў мог патрабаваць высокую аплату, дзякуючы сваёй літаратурнай папулярнасці.

У 1907—1910/11 гг. Корчак павышаў кваліфікацыю за мяжой, дзе слухаў лекцыі, праходзіў практыку ў дзіцячых клініках, наведваў выхаваўчыя і апякунскія ўстановы. У Берліне прабыў амаль год (1907—1908), у Парыжы чатыры месяцы (1910), месяц правёў у Лондане (1910 або 1911). Як пісаў пазней, менавіта ў Лондане ён прыняў рашэнне, што не будзе ствараць сваю сям’ю і будзе «служыць дзіцяці і яго справе»[8] У гэты час ён актыўна займаўся грамадскай дзейнасцю, належаў, між іншым, да Варшаўскага гігіенічнага таварыства і Таварыства летнікаў для дзяцей. У 1904, 1907, 1908 гадах выязджаў у летнікі, арганізаваныя Таварыствам для польскіх і яўрэйскіх дзяцей. У 1906 г. выдаў кнігу «Дзіця гасцінай», вельмі добра прынятую чытачамі і крытыкамі. Ад гэтага часу, дзякуючы папулярнасці, якую набыў пасля публікацый, стаў вядомым і папулярным педыятрам у Варшаве. У 1909 годзе ўступіў у яўрэйскае Таварыства «Дапамога для сірот», якое праз некалькі год пабудавала ўласны «Дом Сірот», дырэктарам якога стаў Корчак.

Падчас першай сусветнай вайны ён зноў быў прызваны ў царскую армію. Служыў малодшым ардынатарам дывізійнага шпіталя, пераважна ва Украіне. У 1917 годзе яго адклікалі на лекарскую працу ў прытулках для ўкраінскіх дзяцей пад Кіевам. Праз два гады, у часе кароткага адпачынку ў Кіеве, сустрэўся з Марыяй з Рагоўскіх Фальскай, польскай грамадскай і незалежнай актывісткай, якая на той час кіравала выхаваўчым домам для польскіх хлопцаў. Пасля заканчэння службы ў расійскай арміі ў званні капітана ў чэрвені 1918 года Корчак вярнуўся ў Варшаву. Пасля абвяшчэння незалежнасці Польшчы (11 лістапада 1918 года) Корчак хутка зноў трапіў у войска. На гэта раз быў мабілізаваны ў адроджаную польскую армію. Падчас польска-бальшавіцкай вайны (1919—1921) быў доктарам у ваенных шпіталях у Лодзі і Варшаве. Хварэў на тыф. За сваю працу быў павышаны да звання маёра Войска Польскага.

Педагог

правіць

Погляды

правіць

З ранняй маладосці цікавіўся пытаннямі, звязанымі з выхаваннем дзяцей, быў пад уплывам ідэі і досведу «новага выхавання». Натхняўся таксама тэорыяй педагагічнага прагрэсівізму, апрацаванай Джонам Дз’юі, а таксама працамі Дэкролі, Мантэсоры ці ранейшых педагогаў — Песталоці, Спенсера, Фробеля; ведаў педагагічныя канцэпцыі Талстога[9] Падкрэсліваў неабходнасць дыялогу з дзецьмі. Публікаваў і чытаў лекцыі на тэмы, звязаныя з выхаваннем дзяцей і педагогікай. Досвед працы з дзецьмі набываў перш за ўсё як рэпетытар, пазней — як грамадскі дзеяч, а потым як дырэктар Дома Сірот і адзін са стваральнікаў Нашага Дому. У міжваенны перыяд выкладаў у розных навучальных установах у Польшчы, між іншым у Дзяржаўным інстытуце спецыяльнай педагогікі (сёння Акадэмія Спецыяльнай педагогікі ім. Марыі Гжэгажэўскай), Дзяржаўнай семінарыі настаўнікаў рэлігіі Майсея ці Дзяржаўным настаўніцкім інстытуце.

Януш Корчак выпрацаваў уласную педагагічную канцэпцыю шляхоў фарміравання дзіцяці як асобы (выкладзена ў кнізе «Як любіць дзіця», т. 1, 2; 1920—21). Зыходны яе тэзіс — дзіця як самастойная, адносна незалежная ад іншай волі асоба. Адстойваў ідэі паўнацэннасці дзіцяці як чапавека. Мэтай выхавання лічыў поўнае і гарманічнае развіццё дзіцяці, фарміраванне яго асобы ў адпаведнасці з ідэаламі дабрыні, прыгажосці і свабоды. Стрыжань яго выхаваўчай сістэмы — абуджэнне ў дзіцяці патрэбы да самапазнання, самаацэнкі, самакантролю і волі да самаўдасканалення.

У якасці дырэктара дзіцячага дома стварыў, між іншым, дзіцячы сяброўскі суд, у якім дзеці самі разглядалі свае справы і маглі таксама прыцягваць да суду сваіх выхавацеляў.

вядомы швейцарскі псіхолаг Жан Піяжэ, які наведваў Дзіцячы дом, сказаў пра Корчака:

  Выдатны чалавек меў адвагу, каб даверыцца сваім дзецям і моладзі, якімі займаўся, аж да перадачы ў іх рукі дысцыпліны і даручэння самых складаных заданняў, звязаных з велізарнай адказнасцю.  

Корчак быў прыхільнікам эмансіпацыі дзіцяці, яго самавызначэння і шанавання яго правоў. Самакіраванне выхаванцаў, якое дзейнічала ў Корчакаўскіх цэнтрах, штодзённа практыкавала прынцыпы дэмакратыі, якія Корчак у аднолькавай ступені адносіў да дзяцей і дарослых. «Дзіця ўспрымае і разумее як дарослы чалавек — толькі не мае яго вопыту».[крыніца?]

Корчак заснаваў першы педагагічны часопіс, які змяшчаў матэрыялы, дасланыя дзецьмі, і разлічаныя, галоўным чынам, на юнага чытача — «Малы агляд» («Mały Przegląd»). Ён быў адным з пачынальнікаў даследаванняў у галіне развіцця і псіхалогіі дзіцяці, а таксама выхаваўчай дыягностыкі.

Часопіс, які публікаваўся дзецьмі і для дзяцей, быў іх форумам, кузняй талентаў і важнай апорай асіміляцыі, асабліва дзяцей з артадаксальных яўрэйскіх сем’яў. Доктар Корчак выступаў за рэсацыялізацыю, а таксама комплексную і наватарскую апеку над дзецьмі з маргінальных слаёў грамадства.

Корчак сцвярджаў, што месца дзіцяці сярод аднагодкаў, а не ў хатнім зацішшы. Імкнуўся да таго, каб дзеці сціралі свае ранейшыя перакананні і маладыя погляды, праходзілі працэс сацыялізацыі і такім чынам рыхтаваліся да дарослага жыцця. Ён стараўся забяспечыць дзецям бесклапотнае — што не азначае пазбаўленае абавязкаў — дзяцінства. Лічыў, што дзіця само павінна зразумець і эмацыянальна перажыць дадзеную сітуацыю, набрацца досведу, само зрабіць вывады і прадухіліць магчымыя наступствы. «Няма дзяцей — ёсць людзі», — пісаў Корчак.

Усіх дзяцей, якіх ён лячыў ці выхоўваў, лічыў сваімі. Яго пазнейшая дзейнасць пацвярджае гэта. Альтруістычныя перакананні не дазволілі б яму таксама на асаблівыя адносіны да малой групкі любімых вучняў. Ён не лічыў традыцыйную сям’ю найважнейшым і асноўным звяном сацыяльнай сувязі. Не прымаў ролю, якую яна адыгрывала ў хрэсціянска-кансерватыўных і традыцыйных яўрэйскіх колах грамадства.

Самыя важныя элементы канцэпцыі выхавання паводле Корчака:

  1. адмова ад гвалту — фізічнага, вярбальнага, які вынікае з узроставай перавагі ці выконваемай функцыі;
  2. ідэя выхаваўчага ўзаемадзеяння паміж дарослымі, дзецьмі, якая пашырае азначэнне класічнай педагогікі;
  3. прынцып уліку індывідуальнасці кожнага дзіцяці ў выхаваўчым працэсе;
  4. вера ў тое, што дзіця найлепш ведае ўласныя патрэбы, памкненні і эмоцыі, а значыць, яно павінна мець права на тое, каб дарослыя прымалі пад увагу яго думку;
  5. прызнанне дзіцяці права на павагу, няведанне і няўдачы, прыватнае жыццё, асабісты пункт гледжання і ўласнаць;
  6. прызнанне працэсу развіцця дзіцяці за нялёгкую працу.

Ён сфармуляваў дзесяць «прыказанняў выхавання»:[10]

  1. Не чакай, што тваё дзіця будзе такое, як ты, або такое, як ты хочаш. Дапамажы яму стаць не табой, а сабой.
  2. Не патрабуй ад дзіцяці платы за тое, што ты зрабіў для яго.
  3. Не спаганяй на дзіцяці свае крыўды.
  4. Ня стаўся да праблемаў дзіцяці звысоку.
  5. Не прыніжай.
  6. Самыя важныя сустрэчы — з дзецьмі.
  7. Не дратуй сябе, калі не можаш нешта зрабіць для дзіцяці. Дратуй, калі можаш, але не робіш.
  8. Дзіця — не тыран. Ён — каштоўны Кубак, які жыццё дало табе на захаванне.
  9. Умей любіць чужое дзіця. Не рабі чужому тое, што не хацеў бы, каб рабілі твайму.
  10. Любі сваё дзіця любым. Неталенавітым, няўдалым, дарослым.

Сённяшняе ўспрыманне

правіць

Сёння Януш Корчак атрымлівае ўсё большае прызнанне як прадвеснік шэрагу педагагічных тэндэнцый, а яго разуменне правоў дзіцяці з’яўляецца кропкай адліку для многіх сучасных аўтараў.[11] «Рэфарміраваць свет — гэта значыць рэфарміраваць выхаванне», — лічыў Корчак.

Корчак лічыцца [12] адным з пачынальнікаў педагагічнага напрамку, які зараз называецца «маральнае выхаванне» (ang. moral education), хаця ён не стварыў ніводнай сістэматычнай тэорыі на гэту тэму [13][14]. Яго сучасныя педагагічныя ідэі былі заснаваныя на практыцы. Ён быў праціўнікам дактрыны ў вучэнні, нягледзячы на тое, што добра ведаў педагагічныя і псіхалагічныя напрамкі сваёй эпохі [15]. Па словах Ігара Неверлі [16], Корчак не атаясамліваў сябе з ніводнай канкрэтнай палітычнай ідэалогіяй ці выхаваўчай дактрынай.

Нягледзячы на гэта, Корчака лічаць папярэднікам некалькіх напрамкаў. Кольберг лічыць, што яго «Справядлівае грамадства дзяцей» (ang. Children Just Community)[17] заснавана на практыцы Корчака. Была выказана здагадка [18], што Корчак і Паўлу Фрэйрэ маюць падобныя погляды на дэмакратыю ў школе і тэорыю дыялогу. Прыхільнікі педагагічнай любові (ang. pedagogical love) абапіраюць сваю тэорыю на выпрацаванай Корчакам мадэлі адносін настаўнік-вучань.[19] Іншыя аўтары [20] шукаюць у Корчака і Марціна Бубера пачаткі напрамку «рэлігійнага выхавання». Ідэі Корчака выкарыстоўваюцца ў «ідэалогіі нармалізацыі» выхавання дзяцей з адхіленнямі ў інтэлектуальным развіцці.[21] Яго падыход да выхавання дзяцей аказаў уплыў на пасляваенныя заканадаўчыя ініцыятывы на карысць дзяцей. Значны ўдзел у іх прымала Польшча, якая актыўна ўдзельнічала ў падрыхтоўцы Дэкларацыі правоў дзіцяці 1959 года, а таксама ініцыіравала стварэнне «Канвенцыі аб правах дзіцяці», прынятай Генеральнай Асамблеяй ААН у 1989 годзе.

Дом Сірот і Наш Дом

правіць
 
«Дапамога для сірот», каля 1935 года

Разам са Стэфаніяй Вільчынскай ён быў стваральнікам і кіраўніком Дому Сірот — варшаўскага дзіцячага дома для яўрэйскіх дзяцей, фінансаванага яўрэйскім Таварыствам «Дапамога для сірот», які размяшчаўся на вуліцы Крахмальнай, 92 (сёння вул. Яктароўска, 6). 7 кастрычніка 1912 г. Дом пачаў сваю дзейнасць, а Корчак стаў яго дырэктарам. Галоўнай выхавацелькай стала Стэфанія Вільчыньска (1886—1942) — панна/пані Стэфа. Корчак кіраваў прытулкам на працягу 30 гадоў. На рубяжы кастрычніка-лістапада 1940 года Дом Сірот быў перанесены ў гета на вуліцы Хлоднай. Падчас інтэрвенцыі, звязанай з пераездам, Корчак быў арыштаваны. Гітлераўцы пасадзілі яго ў турму на Павяку, але праз некалькі тыдняў ён быў вызвалены пад грашовы заклад.

З 1919 года Корчак сумесна з Марыяй Фальскай стварыў другую апякунскую ўстанову — прытулак для польскіх дзяцей Наш Дом, які першапачаткова размяшчаўся ў падваршаўскім Прушкаве, а з 1928 года — у раёне Бяляны. Супрацоўніцтва з Фальскай трывала ажно да 1936 года. У Нашым Доме таксама выкарыстоўваліся інавацыйныя педагагічныя метады. Абедзве ўстановы, празначаныя для дзяцей 7-14 год, рэалізавалі канцэпцыю самакіравальнай супольнасці, якая стварала ўласныя інстытуты, такія як парламент, суд, газета, сістэма дзяжурства, натарыяльная кантора ці крэдытная каса. За сваю адукацыйна-выхаваўчую дзейнасць у 1926 годзе Корчак атрымаў Афіцэрскі Крыж Ордэна Адраджэння Польшчы, які быў уручаны яму 11 лістапада 1925 года (дзень Нацыянальнага Свята Незалежнасці).

Пісьменнік, публіцыст, вядучы праграм на радыё

правіць

Корчак дэбютаваў 26 верасня 1896 года ў штотыднёвіку «Шыпы». Як вучань гімназіі ён не мог афіцыйна публікавацца ў прэсе, таму падпісаўся псеўданімам «Хэн.», пазней ён ужываў таксама іншыя псеўданімы, між іншым Ген-Рык, Хагот, Стары Доктар. Псеўданім Янаш Корчак, які ў крыху змененай форме: Януш Корчак, стаў вядомы больш, чым яго сапраўднае прозвішча, быў узяты з назвы рамана Ю. І. Крашэўскага «Пра Янаша Корчака і прыгожую мечнікоўну». Упершыню ўжыў яго ў 1898 годзе, падпісаўшы ім сваю чатырохактавую драму «Кудой?», высланую на драматургічны конкурс. Сам твор не захаваўся. У 1898—1901 гг. друкаваўся ў часопісе «Чытальня для ўсіх». З 1900 года пачаў публікаваць як Януш Корчак, падпісваў так нават прыватныя лісты, аднак не адмаўляўся ад іншых псеўданімаў. Як Ген-Рык супрацоўнічаў з сатырычным штотыднёвікам «Шыпы». З 1901 года пачаў пісаць фельетоны. У 1905 годзе з’явілася кніга выбраных фельетонаў, публікаваных у «Шыпах», пад назвай «Небыліцы» і аповесць «Дзеці вуліцы» [1901].

Пісьменніцкая спадчына Корчака налічвае 24 кнігі і больш за 1400 тэкстаў, друкаваных у розных часопісах. Захаваліся толькі нешматлікія рукапісы, друкаваныя тэксты і дакументы, у тым ліку лісты, разам каля 300 пазіцый. Найважнейшымі педагагічнымі працамі лічацца: цыкл у чатырох частках «Як любіць дзіця» (1920), «Выхаваўчыя моманты» (1924), «Калі я ізноў буду малы» (1925), «Права дзіцяці на павагу» (1929) і «Жартоўная педагогіка» (1939). Сярод кніг для дзяцей асаблівую папулярнасць атрымаў «Кароль Мацюсь Першы» і «Кароль Мацюсь на бязлюдным востраве» (1923), перакладзены больш чым на 20 моў (у т.л. беларускую), а таксама «Банкруцтва малога Джэка» (1924), «Правілы жыцця» (1930) і «Кайтусь-чарадзей» (1935).

За сваю літаратурную творчасць у 1937 годзе Корчак атрымаў Залаты Акадэмічны Лаўр Польскай акадэміі літаратуры.[22] Падчас другой сусветнай вайны ён вёў дзённік, важны з пункту гледжання на абставіны яго стварэння і ваенны вопыт аўтара.

У сваёй педагагічнай працы Корчак выкарыстоўваў таксама вельмі сучасныя ў тыя часы інструменты. Ён стварыў газету дзяцей і моладзі «Малы агляд» (1926—1939). Яна выходзіла як штотыднёвы дадатак да варшаўскага выдання «Наш агляд». Першы нумар выйшаў 9 кастрычніка 1926 года, і гэта быў першы часопіс у Польшчы, створаны для дзяцей. Ад 1930 года яго рэдактарам быў пісьменнік Ежы Абрамаў, пасля вайны вядомы як Ігар Неверлі, які таксама быў сакратаром Корчака.

Часопіс выходзіў нягледзячы на існуючы ў 30-я гады антысемізм, неталерантнасць і падзел на расы. Апошні нумар выйшаў ад 1 верасня 1939 г.

Як Стары Доктар знакаміты педагог праводзіў сваю дзейнасць пры дапамозе цыклу радыёпраграм. У іх ён стварыў уласны стыль звароту да самых маленькіх слухачоў і простымі словамі расказваў ім пра важныя рэчы. У 1936 годзе педагагічныя праграмы доктара былі зняты з эфіру, нягледзячы на захопленыя водгукі слухачоў і рэцэнзентаў, па прычыне ўзрастаючых антысеміцкіх настрояў і звязаных з імі ўнутраных націскаў. Корчак вярнуўся на радыё праз два гады, а для слухачоў Польскага радыё выступаў таксама пасля выбуху вайны ў першыя дні верасня 1939 года.

II сусветная вайна, гета і апошні паход

правіць

Як афіцэр Войска Польскага пасля выбуху II сусветнай вайны Корчак вызваўся добраахвотнікам на вайсковую службу, аднак яго не ўзялі з увагі на ўзрост. Падчас нямецкай акупацыі ён насіў польскую ваенную форму. Ён не прымаў таксама навязанага нацыстамі дыскрымінацыйнага абазначэння яўрэяў зоркай Давіда, лічыў гэта ганьбай сімвала. Апошнія месяцы жыцця правёў у варшаўскім гета. Неверлі, які пазней стаў біёграфам Корчака, спрабаваў у той час перадаць яму фальшывыя дакументы з арыйскай часткі горада, але доктар адмовіўся выходзіць з гета. У гета ён працягнуў весці дзённік, які пачаў пісаць яшчэ ў 1939 годзе. Да гэтага амаль два гады ён не пісаў, бо ўсю яго энергію вычэрпвала апека над падапечнымі з Дому Сірот і іншая дзейнасць, звязаная з сітуацыяй дзяцей у гета. Упершыню дзённік быў апублікаваны ў Варшаве ў 1958 г. Апошні запіс датаваны 4 жніўня 1942 г.

Раніцай 5 ці 6 жніўня 1942 г. тэрыторыя Малога гета была акружана атрадамі СС, а таксама ўкраінскімі і латвійскімі паліцэйскімі. Падчас т.зв. «вялікай аперацыі», або галоўнага этапу вынішчэння немцамі насельніцтва варшаўскага гета, ён чарговы раз адмовіўся ад уласнага выратавання, бо не хацеў пакідаць дзяцей і супрацоўнікаў Дому Сірот. У дзень дэпартацыі з гета Корчак ачоліў паход сваіх выхаванцаў на пляц пагрузкі, адкуль адыходзілі цягнікі ў лагеры смерці. У паходзе налічвалася каля 200 выхаванцаў і некалькі дзясяткаў выхавацеляў, між іншых Стэфанія Вільчыньска. Іх апошні паход стаў легендай. Ён стаў адным з ваенных міфаў і частым матывам успамінаў, аднак не заўсёды паслядоўных і верагодных у падрабязнасцях.

Вось адно са сведчаняў відавочцы:

  Я не хачу быць бунтаром або выкрывальнікам міфаў, але мушу сказаць, як я тады гэта бачыў. Атмасфера была прасякнута нейкім вялікім бяссіллем, аўтаматызмам, апатыяй. Не было відавочнага руху, не было салютавання Корчаку (як некаторыя апісваюць), не было ніякага ўмяшання юдэнрата — ніхто да Корчака не падышоў. Не было жэстаў, не было спеву, не было горда паднятых галоў, я не памятаю, ці нёс хтосьці сцяг Дома Сірот, кажуць, што так. Была страшэнна, бяссільная цішыня. (…) Нехта з дзяцей трымаў Корчака за крысо паліто, можа за руку, яны ішлі як у трансе. Я правёў іх ажно да брамы Умшлагу…[23]  

Згодна з іншымі версіямі, дзеці ішлі па чатыры ў шэраг і неслі сцяг Караля Мацюся І, героя адной з аповесцяў аўтарства іх выхавацеля. У кожнага дзіцяці была любімая цацка або кніга. Адзін з хлопчыкаў на чале паходу граў на скрыпцы.[24] Украінцы і эсэсаўцы трэскалі пугамі і стралялі над дзецьмі, хоць паходам кіраваў адзін з іх — які відавочна сімпатызаваў дзецям.[25] Януш Корчак загінуў разам са сваімі выхаванцамі ў гітлераўскім лагеры смерці ў Трэблінцы.

Ідэнтычнасць

правіць

Януш Корчак лічыў сябе яўрэем-палякам. Дзейнічаў на карысць збліжэння палякаў і яўрэяў. Яго роднай мовай была польская, на гэтай мове ён тварыў. Іўрыт пачаў вывучаць толькі ў 30-я гады, калі зблізіўся з сіянісцкім рухам, а мову ідыш, якая была мовай большасці яўрэяў у Польшчы, трохі разумеў дзякуючы валоданню нямецкай мовай. Толькі ў 30-я гады зацікавіўся яўрэйскім нацыянальным адраджэннем; супрацоўнічаў з часопісамі сіянісцкіх моладзевых арганізацый, таксама ўдзельнічаў у іх семінарах. У гэты час Корчак перажываў крызіс у асабістым і прафесійным жыцці. У нейкім сэнсе выйсці з яго дапамаглі два падарожжы ў Палесціну ў 1934 і 1936 гадах, куды ездзіў, як ён пісаў, «удыхнуць мінулае, здабыць апору для разважанняў пра цяперашні час і — ба! — паглядзець у будучыню».

Ушанаванне памяці

правіць
 
Помнік на яўрэйскіх могілках у Варшаве

У 1948 годзе Корчак пасмяротна атрымаў Камандорскі Крыж Ордэна Адраджэння Польшчы.

«Вы свабодны, доктар Корчак» (1975), ням. «Sie sind frei Doktor Korczak» — нямецкі фільм рэжысёра Аляксандра Форда. Фільм пра апошнія гады жыцця Януша Корчака, ролю якога выконвае Лео Ген.

«Корчак» (1990) — польскі фільм рэжысёра Анджэя Вайды паводле сцэнарыя Агнешкі Холанд. Фільм паказвае лёсы доктара Корчака і фрагментарна — нацысцкае злачынства над дзецьмі і іх апекунамі з Дома сірот, час выканання «Аперацыі Райнгард». Ролю Корчака выканаў Войцех Пшоняк.

Таксама ў яго гонар заснаваны:

  • Міжнародная літаратурная прэмія імя Януша Корчака
  • International Janusz Korczak Association

Беларускія пераклады

правіць
  • Кароль Мацюсь Першы. Мн., 1970.
  • Кароль Мацюсь на бязлюдным востраве. Мн., 1982.

Зноскі

  1. Janusz Korczak // ISFDB — 1995. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. Janusz Korczak // filmportal.de — 2005. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. а б Deutsche Nationalbibliothek Record #118565397 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 13 жніўня 2015.
  4. https://commons.wikimedia.org/wiki/Category:Janusz_Korczak
  5. 1,0 1,1 1,2 Joanna Olczak-Ronikier, Korczak, Próba biografii, W.A.B., Warszawa, 2011.
  6. Maria Falkowska, Rodowód Janusza Korczaka, Biuletyn Żydowskiego Instytutu Historycznego 1997, nr 1.
  7. Daniel Bargiełowski: Po trzykroć pierwszy.
  8. M. Jaworski, Janusz Korczak, Warszawa 1973, s. 18.
  9. Lewowicki, T., 1994, Janusz Korczak, Prospects:the quarterly review of comparative education (Paris, UNESCO: International Bureau of Education), vol. XXIV, no. 1/2, 1994, p. 37-48.
  10. Бахарэвіч А. Каляндар Бахарэвіча. — Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2014. — С. 267.
  11. Patricia Anne Piziali, 1981, A comparison of Janusz Korczak’s concept of the Right of the Child with those of Other Selected Child Advocates, George Washington University (dysertacja)
  12. Lifton, B. J. (2003): Who was Janusz Korczak? In J. Korczak, Ghetto diary (pp. vii-xxx). New Haven, CT: Yale University Press.
  13. Efron S. 2005, Janusz Korczak — Legacy of a practitioner-research, Journal of teacher education, 56,145-156, DOI:10.1177/0022487104274415
  14. Efron Sara Efrat, 2008, Moral education between hope and hopelessness: The legacy of Janusz Korczak, Curriculum Inquiry, 38, 39-62 DOI:10.1111/j.1467-873X.2007.00397.x
  15. Valejeva, R. (1996): Korczak theory in the context of the humanistic pedagogy. [w:] A. Cohen, S. Aden, & R. Yatziv (Eds.): Studies in the legacy of Janusz Korczak, 1 (pp. 93-89). Haifa, Israel: University of Haifa Publishing House, The Janusz Korczak Associaion in Israel, and Beit Lochamei Hagetaot.
  16. Newerly, I. (1967): Introduction (A. Bidwell & G. Bidwell, Trans.). [In:] M. Wolins (Ed.): Selected works of Janusz Korczak (pp. xvii-xlv). Washington, DC: National Science Foundation.
  17. Kohlberg, L. (1981): Education for justice: The vocation of Janusz Korczak. [In:] L. Kohlberg (Ed.): Essays on moral development, Volume 1: The philosophy of moral development (pp. 400—407). San Francisco: Harper and Row.
  18. Gadotti, M. (1998): Janusz Korczak as the pioneer of child’s rights. The Sixth International Janusz Korczak Conference. Israel: Kibbutz Lochamei Haghetaot
  19. Hatt, B. E. (2005). Pedagogical love in the transactional curriculum. Journal of Curriculum Studies, 37(6), 671—688.
  20. Boschki, R., 2005, Re-reading Martin Buber and Janusz Korczak: Fresh impulses toward a relational approach to religious education, Religious education, 100, 114—126 DOI:10.1080/00344080590932391
  21. Reiter, S., Asgad, B., Sachs, S. 1990: The implementation of a philosophy in education — Korczak, Janusz educational principles as applied in special education, The British journal of mental subnormality, 1990, 4 −16
  22. Rocznik Polskiej Akademii Literatury 1937—1938, Warszawa 1939, s. 174.
  23. M. Rudnicki: Ostatnia droga Janusza Korczaka. «Tygodnik Powszechny» 1988 nr 45
  24. Szpilman W., Pianista
  25. Wspomnienia Joshua Perle

Літаратура

правіць
  • Бахарэвіч А. Рыцар Дзіцячага ордэну // Каляндар Бахарэвіча. — Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2014. — 464 с.: іл. ISBN 978-0-929849-64-5
  • Корчак // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 8: Канто — Кулі / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 8. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0144-3 (т. 8).
  • 50-lecie Polskiego Komitetu Korczakowskiego. Materiały na uroczyste spotkanie w dniach 6 i 7 XII 1996 w Warszawie, Warszawa: Polski Komitet Korczakowski, 1996
  • Anolik B.: Pamięć przywołana, Kraków, Oficyna Cracovia, 1996
  • Dębnicki K.: Korczak z bliska. Warszawa, LSW, 1985
  • Falkowska, Maria: Kalendarz życia, działalności i twórczości Janusza Korczaka. Zakład Systemów Wychowawczych. Pracownia Korczakowska, Nasza Księgarnia, Warszawa 1989, ISBN 8310091427
  • Falkowska M.: Stefania Wilczyńska (1886—1942). Matka sierot. Warszawa Korczakianum, 1997
  • Humaniści o prawach dziecka. Red. J. Bińczycka Kraków: Impuls, 2000
  • Jakubowski M.: Janusz Korczak i jego dokonania. Częstochowa, WSP, 1996
  • Jaworski M.: Janusz Korczak. Warszawa, Interpress, 1977
  • Janusz Korczak. Bibliografia polska 1896—1942. Heinsberg: Agentur Dieck, 1985
  • Janusz Korczak. Bibliografia polska 1943—1987. Heinsberg: Agentur Dieck, 1987
  • Janusz Korczak w getcie. Nowe źródła. Warszawa, Latona, 1992
  • Janusz Korczak — życie i dzieło. Materiały z Międzynarodowej Sesji Naukowej Warszawa, 12-15 października 1978. Warszawa, WSiP, 1982
  • Korczakowskie dialogi, red. J. Bińczycka, Warszawa, Wydawnictwo Akademickie Żak, 1999
  • Lewin A.: Gdy nadchodził kres… Ostatnie lata życia Janusza Korczaka, Warszawa, WSiP, 1996
  • Lewin A., Korczak znany i nieznany, Warszawa, Ezop, 1999
  • Lewin A., Tryptyk pedagogiczny, Warszawa, Nasza Księgarnia, 1986
  • Lichten J.: Janusz Korczak — Żyd polski, Więź 1983, nr 4
  • Matyjas B., Aktywność kulturalna dzieci i młodzieży w teorii i praktyce pedagogicznej Janusza Korczaka, Kielce, WSP 1996
  • Merżan I., Aby nie uległo zapomnieniu, Warszawa, Nasza Księgarnia, 1987
  • Merżan I., Pan Doktór i pani Stefa: wspomnienia, Warszawa, WSiP, 1979
  • Mortkowicz-Olczakowa H., Janusz Korczak, Kraków, Wydawnictwo J. Mortkowicz, 1949
  • Myśl pedagogiczna Janusza Korczaka, Nowe źródła, wybór M. Falkowska, Warszawa, Nasza Księgarnia, 1983
  • Newerly I., Żywe wiązanie, Warszawa, Czytelnik, 1966
  • Newerly I., Rozmowa w sadzie piątego sierpnia o chłopcu z bardzo starej fotografii, Warszawa, Czytelnik, 1984
  • Reminiscencje myśli Janusza Korczaka wykorzystane w nowoczesnych modelach kształcenia, red. M. Juszczyk, Częstochowa, WSP, 1996
  • Rogowska-Falska, Maria., Zakład Wychowawczy «Nasz Dom». Szkic informacyjny. Wspomnienia z maleńkości, Warszawa, PZWS 1959
  • Rusakowska D., Janusz Korczak o szkole. Poglądy — oceny — doświadczenia, Warszawa, IDP, 1989
  • Szlązakowa A., Janusz Korczak, Warszawa: WSiP, 1978
  • Szlązakowa A., Janusz Korczak w legendzie poetyckiej, Warszawa, INTERLIBRO, 1992
  • Szymańska D., Sympozjum na zakończenie stulecia dziecka, Problemy Opiekuńczo-Wychowawcze, 2001, nr 1
  • Tarnowski J., Janusz Korczak dzisiaj, Warszawa: ATK, 1990
  • Twardowski J., O Januszu Korczaku, Więź, 1972, nr 6
  • Twardowski J., Rozmowy pod modrzewiem, Warszawa: Pax, 1999
  • W Korczakowskim Kręgu, Zielona Góra, 1993 nr 34
  • W Korczakowskim Kręgu, Zielona Góra, 1999 nr 40
  • W Korczakowskim Kręgu, Zielona Góra, 1999 nr 41
  • W Korczakowskim Kręgu, Zielona Góra, 2000 nr 42
  • Wołoszyn, Stefan, Janusz Korczak jako pisarz, Wiedza Powszechna, Warszawa, 1982, ISBN 832140300X
  • Wołoszyn S., Korczak, Warszawa, Wiedza Powszechna, 1987
  • Wróblewski M., O Januszu Korczaku, Nowe Widnokręgi, Moskwa 1944, nr 8
  • Wspomnienia o Januszu Korczaku, Warszawa: Nasza Księgarnia, 1989
  • Wspomnienia o Januszu Korczaku, wybór i oprac. Ludwika Barszczewska, Bolesław Milewicz (wstęp Igor Newerly), Warszawa, Nasza Księgarnia, 1981
  • Żółkiewska W., Czarodziej, Warszawa, Krajowa Agencja Wydawnicza, 1979.
  • Korczak J. Pamiętnik, Wybór pism, tom 4, 1958
  • Newerly I.: Żywe wiązanie. Warszawa, Czytelnik, 1966
  • Korczak, J.: Ghetto diary. New Haven, Conn: Yale University Press, 2003. ISBN 0-300-09742-5.
  • Korczak J.: Pamiętnik. Wybór pism, tom 4, 1958.
  • Anna Mieszkowska, Dzieci Ireny Sendlerowej WWL MUZA SA, str. 134, wiersz 5-19
  • Korczak, J.: Janusz Korczak w getcie: nowe źródła (wstęp i redakcja naukowa Aleksander Lewin). Warszawa, Conn: Latona, 1992, s. 310.
  • Betty Jean Lifton «The King of Children. A Biography of Janusz Korczak». New York-Toronto 1988
  • Maria Falkowska «Kalendarz życia, działalności i twórczości Janusza Korczaka». Warszawa 1989

Спасылкі

правіць