Адкрыць галоўнае меню

Літаратура Старажытнага Егіпта — літаратура, напісаная на егіпецкай мове з самых даўніх часоў Старажытнага Егіпта да канца рымскага панавання. Найбольш старажытныя літаратурныя помнікі Егіпта ўзніклі ўжо ў самы ранні перыяд існавання дзяржавы. Тэксты на егіпецкай мове выбівалі на стэлах і сценах грабніц, пісалі на астраконах і папірусах, карыстаючыся іерагліфічным, іератычным і дэматычным пісьмом (гл. егіпецкае пісьмо).

Узнікненне егіпецкай літаратуры прыпадае на першыя стагоддзі Старога царства, яе росквіт, т.зв. класічны перыяд, — на эпоху Сярэдняга царства.

Панаванне чужаземных уладароў (персідскіх, грэчаскіх, рымскіх) паступова прывяло да знікнення літаратуры на егіпецкай мове. З 2 ст. н.э. на змену ёй прыйшла копцкая літаратура, якая таксама заняпала з сярэдзіны 7 ст. пасля арабскага заваявання Егіпта і была выцеснена арабскай літаратурай.

Сярод жанраў важнае месца займала рэлігійная літаратура, павучанні на маральна-этычныя тэмы, была развіта мастацкая прыгодніцкая літаратура, часта ў форме казак. У старажытнаегіпецкую літаратурную спадчыну таксама ўваходзяць навуковыя трактаты па медыцыне і матэматыцы, якія аднак часта ўяўлялі сабой зборнікі практычных рэцэптаў.

ЖанрыПравіць

Важнае месца займала рэлігійная літаратура, да якой належыць большая частка літаратурных помнікаў, у т.л. творы, звязаныя з культам памерлых. У эпоху Старога царства жрацы Геліопаля апрацавалі для фараонаў збор закляццяў, магічных формул і малітваў, якія павінны былі забяспечыць ім пасмяротнае жыццё на ўзор зямнога («Тэксты пірамід»). У далейшым права карыстання рэлігійнымі тэкстамі было пашырана і на вышэйшых саноўнікаў; для іх быў апрацаваны новы збор — «Тэксты саркафагаў». Да часоў Новага царства належыць «Кніга мёртвых» — новая апрацоўка рэлігійных тэкстаў, створаная фіванскімі жрацамі для заможнай часткі егіпецкага грамадства. Апрача малітваў і заклінанняў у гэты твор уключана старажытная сістэма егіпецкай касмагоніі, тэагоніі, тэалогіі, а таксама т.зв. негатыўная споведзь (прызнанне ў сваёй бязгрэшнасці, якое рабілі душы памерлых на судзе Асірыса). У пахавальню клалі апісанне Царства мёртвых («Кніга дзвюх дарог», «Кніга падземнай краіны», «Кніга брам», «Кніга пячор»).

Найбольш пашыраным жанрам была дыдактычная літаратура, якая ў форме павучанняў, сентэнцый, прыслоўяў знаёміла егіпцян з прынцыпамі этыкі, заснаванымі на практычнай жыццёвай мудрасці («Павучанні Кагемні», «Павучанні Харджэдэфа», «Павучанні Птахатэпа»). Да перыяду Сярэдняга царства належаць «Павучанні Наферці» і «Павучанні Аменемхета» (палітычнае завяшчанне сыну Сенусерту І). Яны з'яўляюцца працягам песімістычнай плыні ў егіпецкай літаратуры, да якой належыць і адзін з яе найцікавейшых літаратурных помнікаў — філасофскі трактат «Спрэчка расчараванага са сваёй душой». «Павучанні Хеці, сына Дуауфа» ўяўляюць сабой сатыру на ўсе прафесіі, але пахвалу працы пісца. «Павучанні Аменемопе» (Новае царства) некаторыя даследчыкі лічаць крыніцай біблейскіх «Прытчаў цара Саламона». Апошнія помнікі гэтага жанру адносяцца да пачатку Рымскай эпохі.

Уласна мастацкая літаратура зарадзілася ўжо ў перыяд Старога царства, але пераважная частка яе помнікаў належыць да больш позніх эпох. Найбольш раннімі паэтычнымі жанрамі былі песні («Песня арфіста»), гімны ў гонар багоў («Гімн Нілу», «Гімн Атону», прыпісваліся Аменхатэпу IV) або фараонаў (Сенусерта III, Сярэдняе царства).

У надмагільных надпісах часоў Старога царства сустракаюцца фрагменты любоўнай лірыкі; захавалася некалькі зборнікаў ад часоў яе росквіту (Сярэдняе і Новае царствы).

Да розных эпох належаць тэксты, якія сведчаць пра існаванне драмы: т.зв. «Драматычныя тэксты» юбілейных цырымоній (Сярэдняе царства), фрагменты алегарычнай драмы «Вяртанне Сета», у якой выказаны пратэст супраць панавання персаў (Позняя эпоха), «Жальбы Ісіды і Нефтыды», звязаныя з містэрыямі ў гонар Асірыса (Грэчаская эпоха).

Папулярным жанрам была аповесць, якая развілася з аўтабіяграфічных надпісаў канца Старога царства: «Прыгоды Сінухета», «Пацярпелы крушэнне», «Красамоўны селянін», а таксама «Апавяданне пра дзівосныя здарэнні» (Сярэдняе царства).

У наступны перыяд створаны апавяданні фантастычныя («Праўда і Крыўда», «Два браты»), міфалагічныя («Гор і Сет»), гістарычныя («Спрэчка цара Апопе з Секененрам», «Кадэшская паэма») і падарожныя («Прыгоды Унуамона»).

У Познюю эпоху ўпершыню ў сусветнай літаратуры з'явіліся 4 байкі пра жывёл у форме філасофскага дыялога («Сонечнае вока»).

Да жанру гістарычнай літаратуры належаць аўтабіяграфіі, шматлікія дзяржаўныя і прыватныя дакументы (дэкрэты фараонаў, інструкцыі, судовыя пратаколы), летапісы Тутмоса III з апісаннем яго ваенных перамог, т.зв. стэла Ізраіля, якая праслаўляла перамогу Мернептаха над палесцінскімі плямёнамі.

На часы Новага царства прыпадае росквіт эпісталярнага жанру.

Навуковая літаратура ўключае медыцынскія, матэматычныя і геаметрычныя папірусы, якія сведчаць пра высокі ўзровень развіцця дакладных навук у Егіпце.

ЛітаратураПравіць