Магілёў у гады Вялікай Айчыннай вайны

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны за Магілёў разгарнуліся ўпартыя баі. Абаронцы пратрымаліся 23 дні, пасля чаго горад быў акупаваны. Вызваленне Магілёва адбылося ў рамках Беларускай наступальнай аперацыі.

Пачатак вайны правіць

22 чэрвеня 1941 года гітлераўская Германія напала на СССР. За першыя 4 дні вайны прызыўныя пункты Магілёва накіравалі ў Чырвоную Армію каля 25 тысяч чалавек.

З 24 чэрвеня па 3 ліпеня ў горадзе знаходзіўся штаб Заходняга фронту. З 25 чэрвеня па 3 ліпеня — ЦК КП(б)Б і СНК БССР.

1 ліпеня на нарадзе ў штабе Заходняга фронту з удзелам 1-га сакратара ЦК КП (б)Б П. К. Панамарэнка, прадстаўнікоў Стаўкі Галоўнага камандавання Маршалаў Савецкага Саюза К. Е. Варашылава і Б. М. Шапашнікава распрацаваны канкрэтныя меры па абароне Магілёва, разгледжаны пытанні, звязаныя з кіраўніцтвам баявымі дзеяннямі.

За 7 дзён вакол горада былі створаны 2 лініі абароны. На будаўніцтве абарончых збудаванняў штодня працавала больш за 40 тысяч чалавек. Фармавалася народнае апалчэнне, у якое ўлілося каля 12 тысяч жыхароў вобласці. Адначасова прымаліся тэрміновыя меры па эвакуацыі ўглыб краіны насельніцтва, абсталявання прамысловых прадпрыемстваў, транспарту і іншай маёмасці. У перыяд з 25 чэрвеня па 14 ліпеня з горада было адпраўлена 935 вагонаў з матэрыяльнымі каштоўнасцямі.

Абарона правіць

Магілёў абараняла 172-я стралковая дывізія (генерал-маёр М. Ц. Раманаў) 61-га стралковага корпуса 13-й арміі. 3—9 ліпеня савецкія вайскоўцы вялі баі на далёкіх і блізкіх подступах да горада.

 
Мемарыяльны комплекс «Буйніцкае поле».

9—16 ліпеня баі ішлі ў перадполлі, на асноўнай паласе абароны перад Магілёвам. Асабліва цяжкія баі разгарнуліся на Буйніцкім полі.

16—27 ліпеня злучэнні 61-га стралковага корпуса і атрады народнага апалчэння змагаліся ў акружэнні. Байцы батальёна міліцыі пад камандаваннем К. Г. Уладзімірава некалькі дзён адбівалі атакі праціўніка ў раёне вёскі Пашкова і пасёлка Гай.

У рэшце рэшт Магілёў узяты.

Акупацыя правіць

Захапіўшы 26 ліпеня 1941 года Магілёў, гітлераўцы ўсталявалі жорсткі акупацыйны рэжым, стварылі 5 лагераў смерці, у тым ліку Грабянёўскі, Лупалаўскі лагеры смерці, 341-ы перасыльны лагер для савецкіх ваеннапалонных, гета ў раёне Дубравенкі. У гады вайны ў Магілёве і ваколіцах загінула больш за 70 тысяч савецкіх грамадзян, каля 30 тысяч магілёўцаў вывезена на прымусовыя работы ў Германію. У акупаваным горадзе разгарнулі групу разведкі.

Са жніўня 1941 года дзейнічала Магілёўскае партыйна-камсамольскае падполле. Яго групы дзейнічалі на аўтарамонтным заводзе, на чыгуначным вузле, хлебазаводзе, у гарадской бальніцы, ваенным шпіталі, на фабрыцы штучнага шоўку.

Увесну 1942 частка груп увайшла ў арганізацыю «Камітэт садзейнічання Чырвонай Арміі». Камітэт выдаваў малафарматную газету «За Радзіму». Падпольшчыкі перапраўлялі партызанам зброю, боепрыпасы, медыкаменты, прадукты харчавання, здзяйснялі дыверсіі на ваенных аб’ектах, транспарце, прадпрыемствах, друкавалі і распаўсюджвалі ўлёткі, вялі разведку і перадавалі звесткі вайсковаму камандаванню. У ноч на 25 снежня 1942 года падпольшчыкі вызвалілі вязняў з турмы.

Са жніўня 1942 года пачаліся арышты падпольшчыкаў. У кастрычніку 1942 года была разгромлена група на фабрыцы штучнага шоўку, арыштаваныя і закатаваныя многія члены «Камітэта садзейнічання Чырвонай Арміі» і іншых падпольных груп. Але намаганнямі партыйных органаў і камандавання партызан у Магілёве была адноўлена разгалінаваная сетка падпольных груп, якая дзейнічала аж да вызвалення горада летам 1944 года.

Вызваленне правіць

У чэрвені 1944 года Чырвоная Армія пачала Беларускую наступальную аперацыю. Нямецкія войскі ў 3—4 км ад горада і ў горадзе стварылі 3 мяжы абароны, масты праз Дняпро замініравалі. 26 чэрвеня 1944 года часці 49-й арміі (генерал-лейтэнант І. Ц. Грышын) і 50-й арміі (генерал-лейтэнант І. В. Болдзін) 2-га Беларускага фронту пры садзейнічанні 4-й паветранай арміі (генерал-палкоўнік К. А. Вяршынін) замкнулі кальцо акружэння групоўкі войск праціўніка вакол Магілёва і разграмілі яе.

28 чэрвеня горад быў вызвалены.

На дзень вызвалення горада ў ім было менш за 10 тысяч жыхароў. З 6653 будынкаў ацалела 3220. Цалкам разбураны аўтарамонтны, гарбарны, трубаліцейны і піваварны заводы, кандытарская, швейная і шаўкаткацкая фабрыкі, мясакамбінат, чыгуначнае дэпо і многія іншыя прадпрыемствы. Акупанты вывезлі ў Германію абсталяванне педінстытута, абласнога краязнаўчага музея, спалілі абласную і гарадскую бібліятэкі, фонды Цэнтральнага гістарычнага архіва БССР. Матэрыяльная шкода, нанесеная акупантамі Магілёву, склала 488 мільёнаў рублёў (у цэнах 1941).

Гл. таксама правіць

Літаратура правіць

  • Могилёв: Энцикл. справ. / Сов. Энцикл.; Редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1990. — 472 с., ил.
  • Гальдер Ф. Военный дневник. Ежедневные записки начальника генерального штаба сухопутных войск. Том. III. — М.: Воениздат, 1971.
  • Гудериан Г. Воспоминания солдата. — M.: Смоленск: Русич, 1999
  • Еременко А. И. В начале войны. — М.: Наука, 1965
  • Иванов С. П. Штаб армейский, штаб фронтовой. — М.: Воениздат, 1990
  • Сборник боевых документов Великой Отечественной войны. Выпуск 37-й. — М.: Воениздат, 1959.
  • История Второй мировой войны 1939—1945, т. 9, М., 1978
  • История Великой Отечественной войны Советского Союза 1941—1945, т. 4, М., 1962
  • Освобождение Белоруссии 1944, 2 изд., М., 1974
  • Сидоренко А. А. На могилёвском направлении, М., 1959.

Спасылкі правіць