Маладыя сацыял-дэмакраты — Маладая Грамада

палитическая партия

Маладыя сацыял-дэмакраты — Маладая Грамада, скарочана МСД-МГ або МГ — нацыянальнае моладзевае крыло беларускіх сацыял-дэмакратаў. Арганізацыя не падкантрольная ніякай палітычнай партыі.

Маладыя сацыял-дэмакраты — Маладая Грамада
Краіна
Ідэалогія сацыял-дэмакратыя
Сайт mhramada.org

Гісторыя правіць

Моладзевае сацыял-дэмакратычнае аб’яднанне «Маладая Грамада» было ўтворана ў 1994 годзе па ініцыятыве партыі БСДГ (Беларуская Сацыял-дэмакратычная Грамада) і ўяўляла сабою групоўку моладзі, якую ўзначаліў Васіль Абразоўскі. У 1995 годзе адбыўся ўстаноўчы сход ініцыятыўнай групы і арганізацыя атрымала назву «Беларуская сацыял-дэмакратычная моладзь „Маладая Грамада“» (БСДМ «Маладая Грамада»). Кіраўніком быў абраны Павел Знавец (Мінск). 14 чэрвеня 1996 года БСДМ «Маладая Грамада» была зарэгістравана Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

У 1996—1998 гадах «Маладая Грамада» становіцца адной з самых вядомых і ўплывовых моладзевых арганізацый і выступае разам з іншымі моладзевымі арганізацыямі дэмакратычнага кірунку ініцыятарам утварэння Рады моладзевых арганізацый Беларусі.

 
Улётка з заклікам.

«Маладая Грамада» праводзіць шэраг грамадска-палітычных акцый, сярод якіх варта згадаць сумесны з іншымі моладзевымі арганізацыямі пікет у падтрымку Вярхоўнага Савета 10 лістапада 1996 года. Асноўны змест гэтых акцый быў накіраваны супраць спробы Аляксандра Лукашэнкі ўсталяваць рэжым асабістай улады праз рэферэндум па змене Канстытуцыі, які адбыўся 24 лістапада 1996 года. Пасля рэферэндуму арганізацыя праводзіць пікеты і акцыі супраць усталявання аўтарытарнай дыктатуры ў Беларусі.

Сябры «Маладой Грамады» бралі актыўны ўдзел у студэнцкіх акцыях. Найбольш вядомым сярод іх быў пікет студэнцкага каардынацыйнага камітэта «Студэнцтва ў дзеянні» 20 сакавіка 1997 года супраць парушэння правоў студэнтаў і прымусовага размеркавання. У выніку старшыня арганізацыі Павел Знавец арыштаваны на 15 сутак, актывісты Сяргей Марцэлеў і Павел Карназыцкі былі пакараны судом 10 суткамі адміністрацыйнага арышту, пад час якога аб’явілі 5 дзённую сухую галадоўку, пасля якой былі дастаўлены ў шпіталь. Сяргей Марцэлеў адлічаны з БДУ загадам рэктара[1].

14 лютага 1998 года адбыўся II чарговы З’езд БСДМ «Маладая Грамада», старшынём на якім быў абраны Павел Карназыцкі. Пасля абрання Павел Карназыцкі заявіў, што добраахвотна пакідае пасаду, бо не мае на яе маральнага права з прычыны супрацоўніцтва з КДБ. Карназыцкі паведаміў, што быў завербаваны супрацоўнікамі спецслужбы і меў псеўданім «Ралан»[2]. 28 лютага 1998 года быў скліканы III нечарговы З’езд БСДМ «Маладая Грамада». На пасаду старшыні быў абраны Сяргей Марцэлеў (Мінск).

1999 год стаў пачаткам расколу ў моладзевым сацыял-дэмакратычным руху Беларусі. Гэты раскол быў справакаваны канфліктам унутры Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада); БСДП (НГ). Нягледзячы што «Маладая Грамада» мела юрыдычны статус незалежнай моладзевай грамадскай арганізацыі, падтрымліваліся традыцыйна шчыльныя кантакты з партыяй і многія сябры «Маладой Грамады» былі адначасова і сябрамі БСДП (НГ). У пачатку 1999 года — па ініцыятыве рэгіянальных арганізацый быў скліканы IV нечарговы З’езд БСДМ «Маладая Грамада». На З’езд у якасці госця быў запрошаны старшыня БСДП (НГ) Мікалай Статкевіч. У сваім выступе ён падтрымаў незадаволеную станам спраў у арганізацыі частку дэлегатаў і прапанаваў ім пакінуць З’езд разам з ім. Пазней, з ліку сябраў, якія пакінулі «Маладую Грамаду», а таксама маладых сябраў БСДП (НГ) была створана грамадская арганізацыя «Маладыя сацыял-дэмакраты» (МСД). Старшынёй БСДМ «Маладая Грамада» застаўся Сяргей Марцэлеў.

Перыяд расколу правіць

  • 23 мая 1999 года адбыўся ўстаноўчы сход Аб’яднання моладзі «Маладыя сацыял-дэмакраты», а ў кастрычніку 1999 года прайшоў I З’езд МСД. Старшынёй арганізацыі абраны Павел Гормаш (Мінск).
  • 12 снежня 1999 г. — скліканы V чарговы З’езд Грамадскага Аб’яднання «Маладая Грамада». Старшынёй арганізацыі абрана Таццяна Алесіна (Мінск). Намеснікам абрана Таццяна Халецкая[3]. Падчас З’езда быў прыняты зварот да Цэнтральнага Камітэта БСДП (НГ) пра прызнанне «Маладой Грамады» братэрскай арганізацыяй, якой яна і стала ў пачатку 2000 года.
  • 24-27 жніўня 2000 года пад Мінскам адбываецца II З’езд МСД. Старшынёй арганізацыі пераабраны Павел Гормаш.
  • 2 снежня 2001 года адбываецца III З’езд МСД. Старшынёй арганізацыі абрана Марына Азаронак (Мінск). 8 снежня ЦК БСДП (НГ) прызнае МСД сваёй братэрскай арганізацыяй. «Маладыя сацыял-дэмакраты» накіроўваюць устаўныя дакументы дзеля рэгістрацыі ў Міністэрстве юстыцыі.
  • 17 лютага 2002 года прайшоў VI чарговы З’езд «Маладой Грамады». Старшынёй арганізацыі пераабрана Таццяна Алесіна (Мінск). На З’ездзе прымаецца новая Праграма арганізацыі.
  • 29 чэрвеня 2003 года пад Мінскам адбыўся IV З’езд МСД. Старшынёй пераабрана Марына Азаронак. Па выніках з’езда МСД зноў падае дакументы на афіцыйную рэгістрацыю і зноў атрымлівае адмову з боку Міністэрства юстыцыі. Судовая справа ў Вярхоўным судзе таксама не дае вынікаў (9 снежня 2003 г.).
  • 2 жніўня 2003 года Міністэрства юстыцыі падрыхтавала фармальныя прэтэнзіі да «Маладой Грамады» — перш за ўсе наконт юрыдычнага адраса арганізацыі і нумара тэлефона на афіцыйным бланку. «Маладая Грамада» атрымала папярэджанне і 24 лютага 2004 года Вярхоўны суд сваім рашэннем ухваліў пазоў Міністэрства юстыцыі аб афіцыйнай ліквідацыі «Маладой Грамады»[4][5].
  • 18 красавіка 2004 года ў Гродна праходзіць VII чарговы З’езд «Маладой Грамады». Старшынёй арганізацыі абраны Валянцін Аскірка (Гродна).

Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2001 года «Маладыя сацыял-дэмакраты» (МСД) і «Маладая Грамада» (МГ) прымаюць самы актыўны ўдзел у перадвыбарчай кампаніі за адзінага дэмакратычнага кандыдата і мабілізацыйнай кампаніі. Яны ўваходзіць у склад і працуюць у рамках моладзевай перадвыбарчай кааліцыі «Пераменаў!». Акрамя МСД і «Маладой Грамады» ў кааліцыі — «Малады Фронт», «Зубр», «Моладзь Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі», «Задзіночанне беларускіх студэнтаў», «Беларускае аб’яднанне маладых палітыкаў», «Моладзевы хрысціянска-сацыяльны саюз», «Моладзевая салідарнасць», «Асацыяцыя маладых прадпрымальнікаў» і іншыя моладзевыя арганізацыі.

18 чэрвеня 2001 года стартавала агульнанацыянальная кампанія «Выбірай!». МСД і МГ актыўна працуюць у гэтай кампаніі. Падчас падпісной кампаніі па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты прадстаўнікі МСД і МГ збіраюць подпісы ў падтрымку дэмакратычных кандыдатаў Сямёна Домаша і Уладзіміра Ганчарыка.

Аб’яднаная арганізацыя правіць

  • 19 снежня 2004 года Грамадскае аб’яднанне «Маладыя сацыял-дэмакраты» і Беларуская сацыял-дэмакратычная моладзь «Маладая Грамада» ў Мінску на агульнай канферэнцыі, дзе прысутнічала каля 50 прадстаўнікоў абедзвюх арганізацый падпісалі дэкларацыю аб намерах аб’яднацца ў адну маладзёжную сацыял-дэмакратычную арганізацыю. Дэкларацыя пачыналася наступнымі словамі: «Мы, Беларуская сацыял-дэмакратычная моладзь „Маладая Грамада“ і Моладзёвае Грамадскае аб’яднанне „Маладыя сацыял-дэмакраты“ сцвярджаючы, што асноўнымі нашымі каштоўнасцямі з’яўляюцца Свабода, Справядлівасць, Салідарнасць; сцвярджаючы неабходнасць моцнага сацыял-дэмакратычнага руху; адзначаючы адзінства нашых статутных мэтаў; будучы занепакоенымі лёсам нашай краіны; будучы ўпэўненымі ў карыснасці нашых сумесных дзеянняў; выказваем намер стварыць аб’яднаную сацыял-дэмакратычную маладзёвую арганізацыю…» Таксама была прынятая рэзалюцыя аб сітуацыі ў партыйным сацыял-дэмакратычным руху Беларусі, дзе асуджалася дзейнасць былога кіраўніка БСДП(НГ) Мікалая Статкевіча і кіраўніка БСДГ Станіслава Шушкевіча. «Маладыя сацыял-дэмакраты» і «Маладая Грамада» звярталіся да ўсіх бакоў унутрыпартыйных канфліктаў з прапановай правесці экстранныя перамовы, прызначыць пазачарговыя з’езды БСДП(НГ) і БСДГ, на якіх узняць пытанне пра стварэнне адзінай сацыял-дэмакратычнай партыі дзеля кансалідацыі сацыял-дэмакратычных сілаў.
  • 3 ліпеня 2005 года адбыўся аб’яднаўчы з’езд МГА «Маладыя сацыял-дэмакраты» і Беларускай сацыял-дэмакратычнай моладзі «Маладая Грамада». Быў прыняты Статут МГА «Маладыя сацыял-дэмакраты — Маладая Грамада» (МСД-МГ) і «Этычныя прынцыпы». Была абрана Цэнтральная Рада МСД-МГ, прынятыя за аснову праекты Праграмы і Стратэгіі МСД-МГ, а таксама сімволіка ў выглядзе ружы з контурамі Беларусі для далейшай іх распрацоўкі і зацвярджэння Цэнтральнай Радай арганізацыі. Старшынёй МГА «Маладыя сацыял-дэмакраты — Маладая Грамада» абраны Валянцін Аскірка (Гродна).
  • 8 ліпеня 2006 года ў Мінску адбыўся II З’езд МСД-МГ. У выніку абрана новае кіраўніцтва, старшынёй арганізацыі абраны Зміцер Крук (Мінск).
  • У ліпені 2006 года заявіла аб самаліквідацыі Магілёўская гарадская арганізацыя «Маладой Грамады». Лідар магілёўскай арганізацыі Павел Усаў самаліквідацыю назваў формай пратэсту супраць «стварэння пры Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі маладзёжнай фракцыі для выхавання моладзі ў вузкапартыйных мэтах»[6].
  • 18-19 ліпеня 2008 года адбыўся III З’езд МСД-МГ. Было абрана новае кіраўніцтва, вызначаны кірункі павышэння актыўнасці арганізацыі і прынята рашэнне зноўку падаваць дакументы ў Міністэрства юстыцыі для афіцыйнай рэгістрацыі. Старшынёй арганізацыі была абрана Марына Гундар (Гродна).
  • 22 лістапада 2009 года ў Мінску адбыўся IV з’езд МСД-МГ, на якім было абрана новае кіраўніцтва. Старшынёй арганізацыі абрана Юлія Міцкевіч (Мінск)[7].
  • 10-11 снежня 2011 года ў Мінску адбыўся V з’езд МСД-МГ. Старшынёй арганізацыі была пераабрана Юлія Міцкевіч (Мінск).[8]
  • 23-24 лістапада 2013 года адбыўся VI з’езд МСД-МГ. На пасаду старшыні быў абраны Мікалай Цяцёркін[9].
  • 12-13 снежня 2015 года адбыўся VII з’езд МСД-МГ[10].

У 2012 годзе разам са шведскай арганізацыяй ABF і «Задзіночаннем беларускіх студэнтаў» створана ініцыятыва «Актыўным быць файна», якая працуе па прынцыпе навучальных гурткоў.[11]

Міжнародная дзейнасць правіць

З’яўляецца сябрам міжнародных сацыялістычных арганізацый IUSY[12] і YES[13].

Ацэнкі правіць

Дэкан факультэта эканомікі і права Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Аркадзя Куляшова Дзмітрый Рагаўцоў адносіць «Маладую Грамаду» да «ўмераных палітычных радыкалаў», якія «імкнуцца да рэфармавання грамадства ашчаднымі сродкамі з мінімумам гвалту»[14].

Заўвагі правіць