Марцін Ласкі (польск.: Martin Łaski; 1799 — 15 верасня 1853) — дзеяч рыма-каталіцкай царквы на Беларусі за часамі Расійскай імперыі, Апостальскі адміністратар Магілёўскай мітраполіі ў 1842—1848 гадах.

Марцін Ласкі
польск.: Martin Łaski
Апостальскі адміністратар Магілёўскай мітраполіі
10 верасня 1842 — 28 лістапада 1848
Царква Рымска-каталіцкая царква
Адукацыя
Дзейнасць каталіцкі святар
Нараджэнне 1799[1][2]
Смерць 1853[1][2][…]

Біяграфія

правіць

Нарадзіўся ў Полацку. Вучыўся ў езуіцкім калегіуме, а затым у Полацкай езуіцкай акадэміі. У 1820 годзе паступіў у Магілёўскую семінарыю, у 1822 годзе перавёўся ў Віленскую семінарыю. У 1826 годзе скончыў семінарыю і быў пасвечаны на святара, праз год стаў магістрам багаслоўя. Служыў у некалькіх парафіях, выкладаў у семінарыі, быў канонікам Магілёўскага капітула. У 1841 годзе атрымаў ступень доктара багаслоўя[3].

У 1842 годзе памёр магілёўскі архібіскуп-мітрапаліт Ігнацій Людовік Паўлоўскі, пасля чаго імператар Мікалай I прызначыў Марціна Ласкага адміністратарам мітраполіі, гэта значыць часовым яе кіраўніком. Адносіны паміж Расіяй і Святым Прастолам у той час заставаліся складанымі, працягвала праводзіцца антыкаталіцкая палітыка ўладаў пасля паўстання 1830 года, а кандыдатуру новага мітрапаліта Рым і Санкт-Пецярбург не маглі ўзгадніць цэлых шэсць гадоў. Увесь гэты час Ласкі заставаўся адміністратарам Магілёўскай мітраполіі.

Марцін Ласкі быў цалкам падпарадкаваны расійскаму імператарскаму двару і паслухмяна выконваў яго ўказанні, нават калі гэта было на шкоду вернікам — так па загадзе з Санкт-Пецярбурга ён забараніў прычашчаць у рымска-каталіцкіх храмах грэкакатолікаў, спрыяючы тым самым палітыцы пераводу іх у праваслаўе[3].

У 1847 годзе адносіны нарэшце былі нармалізаваны, Расійская імперыя і Святы Прастол склалі канкардат, які ўрэгуляваў жыццё падданых каталіцкага веравызнання. Пасля гэтага была ўзгоднена кандыдатура новага мітрапаліта — Казіміра Дмахоўскага, які заняў пасаду ў 1848 годзе. Расійскі бок прапановаў кандыдатуру Ласкага на пасаду мітрапаліта і ў 1848 годзе і ў 1851, калі памерлага Казіміра Дмахоўскага змяніў Ігнацій Галавінскі, але папа Пій IX абодва разы адхіляў ягоную кандыдатуру[3]. Ласкі сканаў у Магілёве ў 1853 годзе.

Крыніцы

правіць
  1. а б Marcin Łaski // MAK
  2. а б Marcin Łaski // NUKAT — 2002.
  3. а б в «Лаский» // Католическая энциклопедия. Т. 2, Изд. францисканцев, М.: 2005. Ст. 1506—1507.

Літаратура

правіць