ААТ «Мастоўдрэў»беларускае дрэваапрацоўчае прадпрыемства, размешчанае ў горадзе Масты Гродзенскай вобласці. Найбуйнейшае прадпрыемства Мастоўскага раёна і адно з найбуйнейшых дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў Беларусі[1][2][3][4].

Мастоўдрэў
Заснаванне 1927
Сайт mostovdrev.by

Гісторыя

правіць

У 1925 годзе браты Ігнацы і Вацлаў Канапацкія заснавалі фанерны завод у Мастах на беразе Нёмана; вытворчасць фанеры пачалася ў 1927 годзе. У 1930-я гады кампанія «Лясная прамысловасць і фанерная фабрыка „Браты Канапацкія“» (польск.: Przemysl drzewny i fabryka dykt «Bracia Konopaccy») была адной з найбуйнейшых у Польскай Рэспубліцы. Да 90% прадукцыі экспартавалася за мяжу, а ў Польшчы фабрыка пастаўляла фанеру для вытворчасці самалётаў. Да 1936 года на Мастоўскай фабрыцы працавала 510 чалавек. У верасні 1939 года фабрыка была пашкоджана самалётамі Люфтвафэ, пасля ўсталявання савецкай улады была нацыяналізаваная[5][6].

У 1939—1941 гадах завод уваходзіў у склад Беларускага трэста фанернай прамысловасці па заходніх абласцях «Запбелфанпрам» Наркамата лясной прамысловасці Беларускай ССР[7] (Дзяржаўны фанерны завод № 9)[6]. У 1958 годзе (па іншай інфармацыі, у 1959 годзе[8]) фанерны завод быў аб’яднаны з лесапільным заводам (існаваў з 1924 года[8]) і ператвораны ў Мастоўскі фанерна-дрэваапрацоўчы камбінат. У 1970 годзе ён стаў галаўным прадпрыемствам Мастоўскага вытворчага дрэваапрацоўчага аб’яднання «Мастоўдрэў», у якое ўвайшлі таксама мэблевыя фабрыкі ў гарадах Гродна, Масты і Слонім. Колькасць работнікаў аб’яднання складала 3712 чалавек[7][6].

У 1961 годзе быў уведзены ў эксплуатацыю цэх гнутаклееных дэталяў[8]. У 1972 годзе быў уведзены ў эксплуатацыю цэх па вытворчасці ДСП. У 1979 годзе ў склад аб’яднання ўвайшло яшчэ некалькі прадпрыемстваў Гродзенскай вобласці: Гродзенскі дрэваапрацоўчы камбінат, Гродзенскі леспрамгас і Смаргонскі лесазавод. Колькасць супрацоўнікаў узрасла да 6,7 тыс. чалавек[6][8]. У 1988 годзе Гродзенскі ДАК і Смаргонскі лесазавод былі выведзены са складу аб’яднання. У 1988—1994 гадах — Мастоўскае вытворчае аб’яднанне «Мастоўдрэў», у 1994 годзе пераўтворана ў адкрытае акцыянернае таварыства[7]. У 1990-я гады Гродзенская і Слонімская мэблевыя фабрыкі выходзяць са складу аб’яднання. Да 2003 года на прадпрыемстве працавала 3033 чалавекі, 61% прадукцыі экспартаваўся[6].

Сучасны стан

правіць

У 2007 годзе Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 529 «Аб некаторых мерах па развіцці дрэваапрацоўчай прамысловасці», якім прадугледжвалася мадэрнізацыя дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў рэспублікі, уключаючы «Мастоўдрэў». Да 2013 года ў мадэрнізацыю прадпрыемства было ўкладзена 154 млн еўра, збудаванне новага корпуса вялося з адставаннем ад графіка[9]. Усяго за 2008—2015 гады было ўкладзена 182 млн еўра[10]. Найбуйнейшым інвестыцыйным праектам стала будаўніцтва завода па вытворчасці пліт МДФ. Пасля мадэрнізацыі прадпрыемства не было цалкам загружана (загрузка складала каля 50%) і працавала са стратамі[10]. Няўдалая мадэрнізацыя была выкліканая недастатковым аналізам рынкаў збыту і кан’юнктуры: адначасова было пабудавана некалькі заводаў падобнага профілю ў Расіі і выраслі магутнасці прадпрыемстваў у ЕС[11].

Доля дзяржавы на 1 студзеня 2015 года складала 99,98%, астатнія 0,02% акцый падзеленыя паміж 7004 фізічнымі асобамі і некалькі юрыдычнымі асобамі[12]. Дзяржава рэгулярна аказвае прадпрыемству дзяржпадтрымку шляхам павелічэння сваёй долі ў статутным фондзе[13]. У 2016 годзе прадпрыемства было перададзена холдынгу дрэваапрацоўчай прамысловасці, які быў створаны дзяржаўным Банкам развіцця Рэспублікі Беларусь[14]. Па выніках 2018 года выручка прадпрыемства склала 121 млн рублёў (каля 57 млн долараў). Па гэтым паказчыку кампанія знаходзілася на 2-м месцы з дзевяці прадпрыемстваў холдынгу, нязначна саступаючы «Івацэвічдрэву». Чыстая страта прадпрыемства ў 2018 годзе склала 17,7 млн рублёў (каля 8 млн долараў) — другая па велічыні ў холдынгу пасля «Гомельдрэва»[15]. Агульная сума доўгатэрміновых абавязацельстваў «Мастоўдрэва» ў 2018 годзе складала 350 млн рублёў (каля 170 млн долараў)[16].

Крыніцы

правіць
  1. Дрэваапрацоўчая прамысловасць // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. — Т. 6: Дадаім — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1998. — С. 230—231.
  2. Мостовдрев ОАО. Архівавана з першакрыніцы 22 чэрвеня 2020. Праверана 22 чэрвеня 2020.
  3. Деньги в дело. Архівавана з першакрыніцы 22 чэрвеня 2020. Праверана 22 чэрвеня 2020.
  4. ОАО «Мостовдрев». Архівавана з першакрыніцы 5 чэрвеня 2020. Праверана 22 чэрвеня 2020.
  5. Как сложились судьбы самых известных бизнесменов Западной Беларуси. Архівавана з першакрыніцы 25 чэрвеня 2020. Праверана 22 чэрвеня 2020.
  6. а б в г д История ОАО «Мостовдрев». Архівавана з першакрыніцы 24 чэрвеня 2020. Праверана 22 чэрвеня 2020.
  7. а б в Открытое акционерное общество "Мостовдрев" (ОАО "Мостовдрев") Архіўная копія ад 22 чэрвеня 2020 на Wayback Machine на сайте «Архивы Беларуси» (Фондовый каталог государственных архивов Республики Беларусь)
  8. а б в г Мастоўскі фанерна-дрэваапрацоўчы камбінат // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. — Т. 10 / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2000. — С. 201.
  9. Контролеры оценили "Мостовдрев" и "Ивацевичдрев". Сколько можно считать убытки?. Архівавана з першакрыніцы 22 чэрвеня 2020. Праверана 22 чэрвеня 2020.
  10. а б Гродненский губернатор бросил камень в огород Лукашенко. Архівавана з першакрыніцы 23 чэрвеня 2020. Праверана 22 чэрвеня 2020.
  11. Деревообработка. Прежде чем модернизировать фабрики, надо было проработать рынки сбыта
  12. Общая информация об эмитенте. Архівавана з першакрыніцы 25 чэрвеня 2020. Праверана 22 чэрвеня 2020.
  13. Государство поддержит ОАО «Гроднитекс» и «Мостовдрев». Архівавана з першакрыніцы 24 чэрвеня 2020. Праверана 22 чэрвеня 2020.
  14. ОАО «Мостовдрев» войдет в холдинг предприятий по деревообработке. Архівавана з першакрыніцы 22 чэрвеня 2020. Праверана 22 чэрвеня 2020.
  15. Предприятия деревообработки получили за год 136,7 млн рублей чистого убытка. Архівавана з першакрыніцы 16 чэрвеня 2020. Праверана 22 чэрвеня 2020.
  16. Предприятия Беларуси в долгах как в шелках. Архівавана з першакрыніцы 22 чэрвеня 2020. Праверана 22 чэрвеня 2020.

Літаратура

правіць
  • Мастоўскі фанерна-дрэваапрацоўчы камбінат // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. — Т. 10 / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2000. — С. 201.

Спасылкі

правіць