Матарам (індан.: Mataram Kuno) — сярэдневяковая яванская дзяржава (7161016 гг.), адзін з галоўных культурных цэнтраў Паўднёва-Усходняй Азіі.

Гістарычная дзяржава
Матарам
716 — 1016

Сталіца Кеву
Форма кіравання манархія
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя правіць

Найбольш раннім сведчаннем існавання старажытнай дзяржавы Матарам з'яўляецца сангальскі надпіс, зроблены на ўсходзе Явы ў 732 г. У ім ўзгадваецца раджа Сана, які кіраваў востравам Ява. Пасля яго смерці адзіная дзяржава распалася, але была аб'яднана раджам Санджая, заснавальнікам новай дынастыі. Асноўным цэнтрам дзяржавы Санджая сталі землі вакол вулкана Мерапі. У раннім сярэднявеччы яны атрымалі назву Матарам. У старажытных надпісах краіна апісваецца як багатая на рыс і золата. Ужо ў VIII ст. асноўнай рэлігіяй з'яўляўся індуізм, вялося будаўніцтва храмаў.

У першай трэці IX ст. заходняя частка Явы апынулася пад кантролем суматранскай дзяржавы Шрывіджая. Дынастыя Сайлендра, што паходзіла ад шрывіджайскіх манархаў, выступала ў якасці магутнага і небяспечнага саперніка дынастыі Санджая. Раджа Ракаі Пікатан (833856 гг.) ажаніўся з прадстаўніцай дынастыі Сайлендра і прыняў будызм. Яго пераемнікі выкарыстоўвалі тытул махараджа, каб падкрэсліць сваю незалежнасць ад Шрывіджаі. Аднак пасля смерці Ракаі Пікатана адбыўся раскол. Фактычна ў Матараме ўсталяваліся дзве дынастыі, адна з якіх спавядала будызм, другая — індуізм.

У 929 г. з-за вывяржэння вулкана насельніцтва Цэнтральнай Явы масава мігрыравала на ўсход вострава. Там жа замацавалася новая дынастыя матарамскіх раджаў Ісьяна. У надпісе 937 г. узгадваецца нашэсце выхадцаў з Шрывіджаі. У другой палове X ст. адбылося ўзмацненне Матарама. У гэты перыяд пачалася экспансія на суседні Балі. Матарам здолеў умацаваць абарону і нават перайшоў у наступленне супраць Шрывіджаі. У 9901006 гг. раджа Дхармавангса нават акупаваў землі вакол сучаснага Палембанга. Аднак у выніку гэтая акцыя была жорстка адпомшчана. У 1016 (або ў 1017) г. флот Шрывіджаі нечакана атакаваў сталіцу Матарам і знішчыў Дхармавангсу і яго сям'ю. Смерць манарха прывяла да хуткага заняпаду адзінай дзяржавы.

Сярод уцалелых сваякоў Дхармавансы быў балійскі прынц Эрланга. Ён збег у горы, але ўжо ў 1019 г. вярнуўся ў палітыку і да 1025 г. зноў аб'яднаў землі Ісьяна. Ён заключыў мірнае пагадненне з Шрывіджая і апекаваў як індуізм, так і будызм. Дзяржава Эрлангі з цэнтрам у Кахурыпане праіснавала да яго нечаканага адрачэння ў 1045 г.

Дзяржава і грамадства правіць

 
Сцэна прынясення дара, рэльеф з Прамбанана

Манархі Матарама лічыліся неабмежаванымі ўладарамі. Двор раджы кадатван з'яўляўся цэнтрам дзяржаўнай арганізацыі. Важнымі функцыямі манархаў былі рэлігійныя абрады, выданне законаў і суд. Пры двары жылі сваякі раджы. Яны складалі вышэйшы слой высакародных вяльможаў.

Падуладныя тэрыторыі разглядаліся як збор незалежных абшчын вануа, дзе інтарэсы раджы былі прадстаўлены дробнымі чыноўнікамі ракаі і самгет. У X ст. у выніку пабудовы складанай сістэмы ірыгацыі вылучыліся дзяржаўныя землі сіма, на якіх вырошчвалі рыс. Сіма за асобны падатак перадаваліся ў карыстанне абшчынам, але кантраляваліся чыноўнікамі, якія ўсё больш нагадвалі памешчыкаў. Кантроль над сіма мог перадавацца ад аднога чыноўніка да іншага за грошы. Валоданне сіма давалі ім дадатковыя прыбыткі і прывілегіі.

Грамадства Матарама падзялялася на чатыры касты. Касты брахманаў, кшатрыяў і вайш'яў не былі колькасна вялікімі. Асноўную частку насельніцтва прадстаўлялі шудры — пераважна сяляне-абшчыннікі. Сельская гаспадарка заставалася асноўнай галіной эканомікі. Даніну дзяржаве і чыноўнікам выплочвалі рысам. Запасы рысу вызначалі дзяржаўны і прыватны дабрабыт. У якасці грошай выкарыстоўваліся залатыя і сярэбраныя зліткі. У абшчынах і пры двары жылі рамеснікі. Таксама ўзгадваюцца прафесіі паляўнічых, салдат, музыкантаў, танцораў, маракоў і нават злодзеяў.

Галоўнымі дзяржаўнымі рэлігіямі былі індуізм і будызм, якія трапілі на Яву з Індыі праз Суматру. У аснове мясцовага індуізма палягаў шываізм. Будызм быў прадстаўлены вучэннем махаяна. Пры храмах меліся школы брахманаў, а таксама абшчыны будысцкіх манахаў. Некаторыя раджы ў канцы жыцця адракаліся ад прастола і праводзілі апошнія гады як пустэльнікі рышы або манахі. Разам з гэтым, захоўваліся некаторыя старажытныя анімістычныя вераванні і абрады. Вядома, што пры двары часцяком практыкавалі магію і звярталіся за дапамогай да шматлікіх духаў.

Культура правіць

 
Статуя Брахмы ў Прамбанане

Літаратура правіць

Пісьмовая культура дзяржавы Матарам фарміравалася пад моцным ўплывам індыйскай. Першыя вядомыя прысвячальныя надпісы (з VIII ст.) рабіліся на мове санскрыт. Той факт, што санскрыт таксама выкарыстоўваўся для складання імён і геаграфічных назваў, можа сведчыць пра вядзенне на ім дзяржаўная дакументацыі. Аднак менавіта ў перыяд існавання Матарам з'явілася старажытнаяванская мова каві. Першы вядомы надпіс на ёй быў зроблены ў 856 г. У IX ст. распаўсюдзілася форма паэтычных чатырохрадкоўяў какавін. Большасць знойдзеных твораў какавін — перакладная рэлігійная і эпічная літаратура. На старажытнаяванскую мову была перакладзена паэма «Рамаяна».

Архітэктура правіць

Пад уплывам індыйскіх узораў, на Яве ў перыяд дамінавання дзяржавы Матарам пачалося будаўніцтва канды — манументальных аднапакаёвых свяцілішчаў з купалападобным навершам. Яны складаюць аснову храмавага індуісцкага комплекса Прамбанан. На землях, што кантраляваліся будысцкай дынастыяй Сайлендра, была ўзведзена вялізарная ступа Барабудур. Акрамя таго, знойдзены іншыя храмавыя пабудовы і магільні. У старажытных прысвячальных надпісах узгадваюцца пабудовы ў форме лінгамаў.

Выяўленчае мастацтва правіць

Важнае месца ў аздабленні манументальных пабудоў адыгрывалі скульптурныя кампазіцыі і барэльефы. Звычайна яны адлюстроўвалі рэлігійныя сімвалы і сцэны з рэлігійных і эпічных тэкстаў. Аднак мастацкія творы таксама засноўваліся на асабістым вопыце стваральнікаў, таму дэманстравалі мясцовае жыццё, у тым ліку звычаі, вопратку, жывёльны і раслінны свет. Археолагамі знойдзены бронзавыя культавыя статуэткі, залатыя посуд і упрыгожванні.

Гл. таксама правіць

Спасылкі правіць