Мемарыяльны комплекс у гонар воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны
Мемарыяльны комплекс у гонар воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны — помнік у Віцебску, размешчаны на плошчы Перамогі. Кампазіцыйны цэнтр плошчы. Аўтары помніка — архітэктар Ю. Шпіт, скульптары Б. Маркаў і Я. Печкін. Створаны ў 1974 годзе.
Помнік | |
Мемарыяльны комплекс у гонар воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны | |
---|---|
![]() | |
55°11′04″ пн. ш. 30°12′02″ у. д.HGЯO | |
Краіна | |
Месцазнаходжанне | |
Скульптар | Барыс Іванавіч Маркаў і Ярамір Аляксандравіч Печкін |
Архітэктар | Юрый Васілевіч Шпіт |
Дата пабудовы | 1974 год |
![]() |
Архітэктура
правіцьУключае плошчу мемарыяла, 2 басейны, 10 пілонаў, галоўны манумент. Выкарыстаны бетон з мармуровай крошкай, лабрадарыт, чырвоны і шэры граніт, бронза, чыгун. Плошча мемарыяла знаходзіцца ніжэй за агульны ўзровень плошчы Перамогі (да яе вядуць 14 прыступак) і мае форму выцягнутага прамавугольніка. Да галоўнага манумента пракладзена дарога паміж 2 доўгімі басейнамі, з вонкавых бакоў якіх пастаўлена па 5 прамавугольных пілонаў, на кожным з іх даты аднаго з 5 гадоў Вялікай Айчыннай вайны. Над ракой па цэнтральнай восі мемарыяла ўзвышаецца галоўны манумент, які сімвалізуе сумесныя дзеянні Чырвонай Арміі, партызан і падпольшчыкаў у вызваленні Віцебшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Манумент — 3 трапецападобныя пілоны-абеліскі вышынёй 56 м, рэзка звужаныя ўверсе і аб’яднаныя на вышыні 5 м трохгранным маналітным фрызам, на гранях якога рэльефы «Воіны», «Партызаны», «Падпольшчыкі». У сярэдзіне галоўнага манументу сімвалічны пантэон: пілоны-абеліскі злучаны кальцом, завершаны паўсферай з адтулінай уверсе, на кальцы — надпіс «Слава героям». Унізе, на невысокім подыуме ў выглядзе пяціканцовай зоркі з чырвонага граніту, запалены Вечны агонь. Да Заходняй Дзвіны ад манумента вядуць 3 шматступеньчатыя лесвіцы. Манумент штучна падсвечваецца. Плошча мемарыяла пакрытая чырвоным бетонам, акаймавана газонамі і абмежаваная падпорнымі сценкамі з паліраванага чырвонага граніту.
Комплекс — адзін з цікавых мемарыяльных ансамбляў рэспублікі, вылучаецца яснасцю і дакладнасцю кампазіцыйнай пабудовы, выразнасцю пластыкі рэльефаў, прапарцыянальнай гармоніяй аб’ёмаў.
Літаратура
правіць- А. А. Воінаў, М. М. Яніцкая. 75. Плошча Перамогі і мемарыяльны комплекс у гонар воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1985. — Віцебская вобласць. — 496 с., іл.
- Помнік Вызваліцелям // Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / Беларус. Энцыкл.; Рэкал.: А. А. Воінаў і інш. — Мн.: БелЭн, 1993. — С. М. М. Яніцкая. — 620 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-078-5.