Мужчынская зборная Беларусі па баскетболе — зборная каманда, якая прадстаўляе Беларусь на турнірах па баскетболе. У фінальных этапах чэмпіянату Еўропы не выступала ніколі.
Кваліфікацыя Чэмпіянату свету па баскетболе 2023 года
правіць
У канцы снежня 2019 года Беларуская федэрацыя баскетбола аб’явіла аб прызначэнні Расціслава Вяргуна на пасаду галоўнага трэнера зборнай[1].
29 кастрычніка 2019 года ў выніку жараб’ёўкі зборная Беларусі апынулася ў групе А папярэдняга раўнда кваліфікацыі да чэмпіянату свету. Зборная перайграла двойчы каманду Кіпра (97:41, 89:53) і каманду Албаніі (90:50, 93:72). Зборную Партугаліі Беларусь перамагла ў хатнім матчы (72:56), аднак у гасцях прайграла (75:57), у выніку чаго заняла 2-е месца ў групе. Заняўшы другое месца ў групе, зборная перайшла ў другі этап кваліфікацыі. Знаходзячыся ў 3-м кошыку, у выніку праведзенай 28 красавіка 2021 года жараб’ёўкі зборная апынулася ў групе D. У сувязі з пандэміяй COVID-19 матчы этапу прайшлі ў адной краіне — Партугаліі. У групе зборная двойчы сустракалася са зборнай Латвіі (83:92, 60:83) і зборнай Румыніі (77:72, 94:66). Двойчы прайграўшы Латвіі і двойчы перамогшы Румынію, зборная Беларусі заняла другое месца ў групе і атрымала права выступіць у кваліфікацыі.
У выніку жараб’ёўкі, якая прайшла 31 жніўня 2021 года, Беларусь апынулася ў групе В, дзе перамагла ў першым туры зборную Турцыі (84:70). Па прычыне падтрымкі, якую беларускі бок аказвае расійскай агрэсіі супраць Украіны, Хоўм-офіс Вялікабрытаніі (Дэпартамент унутраных спраў Вялікабрытаніі) 26 лютага 2022 года ануляваў візы зборнай Беларусі перад матчам супраць зборнай Вялікабрытаніі, які павінен быў адбыцца ў Ньюкасле 28 лютага 2022 года[2].
Зноскі