Мікалай Цітавіч Пятроў
Мікалай Цітавіч Пятро́ў[1] (руск.: Николай Титович Петров; 31 снежня 1892 — 11 снежня 1954) — беларускі савецкі хірург, доктар медыцынскіх навук (1940), прафесар (1941), Заслужаны дзеяч навукі БССР (1949), Заслужаны ўрач БССР (1948).
Мікалай Цітавіч Пятроў | |
---|---|
Дата нараджэння | 17 снежня 1892 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 11 снежня 1954 (61 год) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | хірург, выкладчык універсітэта, загадчык кафедры |
Месца працы | |
Навуковая ступень | доктар медыцынскіх навук |
Узнагароды |
БіяграфіяПравіць
Мікалай Пятроў нарадзіўся 19 снежня 1892 года ў Санкт-Пецярбургу. У 1910 годзе ён скончыў гімназію, у 1915 годзе — Ваенна-медыцынскую акадэмію. Удзельнічаў у Першай сусветнай вайне, будучы ардынатарам ваенна-палявога шпіталя на Заходнім фронце. У 1918 годзе пайшоў на службу ў Рабоча-сялянскую Чырвоную Армію, удзельнічаў у баях Грамадзянскай вайны[2].
Пасля дэмабілізацыі ў 1921 годзе Пятроў пераехаў у Беларусь і ўладкаваўся на працу ардынатарам Віцебскай гарадской бальніцы імя М. І. Калініна. З 1928 года ён узначальваў хірургічнае аддзяленне Віцебскай дзіцячай бальніцы, а з 1934 года быў асістэнтам кафедры Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута. Пад кіраўніцтвам Пятрова была створана Віцебская абласная станцыя пералівання крыві, пачаты прыём хворых касцявым туберкулёзам у Віцебскім туберкулёзным дыспансеры. Вучыўся методыцы аперацый на галаўным і спінным мозгу ў Мікалая Бурдэнкі, пасля чаго першым у Віцебску пачаў іх праводзіць. З 1935 года дацэнт Мікалай Пятроў загадваў кафедрай агульнай хірургіі Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута. У 1937 годзе ён абараніў кандыдацкую, а ў 1940 годзе — доктарскую дысертацыі, а ў 1941 годзе быў зацверджаны на пасадзе прафесара[2].
У пачатку Вялікай Айчыннай вайны Пятроў быў адпраўлены ў эвакуацыю на Урал, працаваў прафесарам на кафедры факультэцкай хірургіі Свярдлоўскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута. Займаўся лячэбнай, прафілактычнай і кансультацыйнай дзейнасцю ў ваенных шпіталях[2].
Калі ў канцы 1943 года ў Яраслаўлі быў адноўлены Мінскі дзяржаўны медыцынскі інстытут, Пятроў узначаліў у ім кафедру факультэцкай хірургіі. З восені 1944 года інстытут базіраваўся ў Мінску[2].
Пад кіраўніцтвам Пятрова была створана ўзорная клінічная хірургічная база інстытута, абаронены чатыры кандыдацкія дысертацыі. З’яўляўся аўтарам больш за 30 навуковых работ у галіне хірургіі. Будучы практыкуючым хірургам, Пятроў прапанаваў некалькі прагрэсіўных удасканаленняў хірургічных аперацый на страўніку і пры нагнаеннях канечнасцяў, што дазволіла знізіць колькасць ускладненняў і смяротнасць аперацый[2].
З 1944 года Пятроў займаў пасаду прарэктара па навукова-вучэбнай рабоце Мінскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута. У якасці прадстаўніка Беларускай ССР удзельнічаў у рабоце I Асамблеі Сусветнай Арганізацыі аховы Здароўя пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.
Памёр 19 снежня 1954 года[2], пахаваны на Вайсковых могілках Мінска.
Навуковая дзейнасцьПравіць
Навуковая дзейнасць М. Ц. Пятрова ў галіне паталогіі органаў брушной поласці, пералівання крыві, агнястрэльных пашкоджанняў нервовай сістэмы і інш. Аўтар больш за 30 навуковых прац. Кіраваў падрыхтоўкай 4 кандыдацкіх дысертацый[3].
Узнагароды і званніПравіць
Заслужаны ўрач Беларускай ССР (1948), Заслужаны дзеяч навукі Беларускай ССР (1949). Быў узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, «Знак Пашаны», двума медалямі[2].
Зноскі
- ↑ БелЭн, 2001
- ↑ 2,0 2,1 2,2 2,3 2,4 2,5 2,6 Петров Николай Титович.(руск.) (недаступная спасылка). Белорусский медицинский институт. Архівавана з першакрыніцы 26 кастрычніка 2014. Праверана 26 кастрычніка 2014.
- ↑ Петров Николай Титович (руск.) // Сайт БДМУ
ЛітаратураПравіць
- Пятроў Мікалай Цітавіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 13: Праміле — Рэлаксін. — С. 169. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13), ISBN 985-11-0035-8.
- Мацкевич, Б. И. Первый детский хирург Беларуси Николай Титович Петров / Б. И. Мацкевич, В. М. Шейбак // Актуальные вопросы детской хирургии : сб. науч. тр. 5-й Респ. науч.-практ. конф. по дет. хирургии, посвящ. 40-летию Дет. хирург. центра и каф. дет. хирургии БГМУ, Минск, 20-21 мая 2010 г. — Минск, 2010. — С. 295—296. (руск.)
- Медведева Л. М., Небылицин Ю. С. Руки, дарующие помощь… к 115-летию со дня рождения Николая Титовича Петрова // Новости хирургии, 2008, № 1. (руск.)
СпасылкіПравіць
- Петров Николай Титович (руск.) // Сайт БДМУ
- История кафедры общей хирургии ВГМУ // Сайт ВДМУ