Мілавіца (кампанія)
Мілавіца (гандлёвая марка Milavitsa) — адна з самых буйных на тэрыторыі СНД кампаній па вытворчасці і продажу жаночай ніжняй бялізны. Знаходзіцца ў горадзе Мінску, Беларусь.
ЗАТ "Мілавіца" | |
---|---|
Тып | Закрытае акцыянернае таварыства |
Заснаванне | 1908 |
Размяшчэнне | г. Мінск, Рэспубліка Беларусь |
Ключавыя постаці | Дзмітрый Дычкоўскі |
Галіна | Лёгкая прамысловасць |
Прадукцыя | жаночая ніжняя бялізна, купальнікі, трыкатажныя вырабы |
Колькасць супрацоўнікаў | звыш 2000 |
Сайт | Афіцыйны сайт |
Гісторыя кампаніі правіць
Галантарэйная фабрыка «Франсуа-Турнье» была заснавана ў Мінску ў 1908 двума братамі Жанам і Франсуа-Віктарам Турнье-Каллет. Дазвол на адкрыццё фабрыкі быў атрыманы ад Мінскага губернскага кіравання 8 лістапада таго ж года. Фабрыка вырабляла цэлулоідныя жаночыя грабеньчыкі, мужчынскія грабянцы, гузікі і іншыя вырабы. Прадпрыемства братоў было электрыфікавана: на фабрыцы стаяла дынама-машына ў 25 конскіх сіл, якая выпрацоўвала электрычны ток для асвятлення. У 1911 фабрыка перайшла ў рукі таварыства «Франсуа Турнье», у склад якога да таго моманту ўжо ўваходзілі мясцовыя прадпрымальнікі — купец Білімовіч і інжынеры Шмерлінг і Калецкі.
У 1913 на прадпрыемстве працаваў рухавік магутнасцю ў 60 конскіх сіл, і было задзейнічана каля 200 працоўных, у тым ліку 18 французскіх майстроў-гравёраў. Фабрыка «Франсуа Турнье» вырабіла 23 тысячы жаночых грабянёў на агульную суму 254, 2 тысяч рублёў, а ўладальнікі фабрыкі Саламон Блімовіч і Майсей Калецкі сталі аднымі з самых багатых прадпрымальнікаў таго часу.
У перадпачатку Першай сусветнай вайны ў 1915 фабрыку эвакуіравалі разам з абсталяваннем і большай часткай працоўных. У 1917 цэхі фабрыкі былі цалкам разбураны, а сама фабрыка пасля рэвалюцыі — нацыяналізавана.
У 1925 ініцыятыўная група з ліку былых працаўнікоў фабрыкі «Франсуа Турнье» падала заяву у «Белкустпромсоюз» для арганізацыі талакі па вытворчасці прадукцыі з пластмасы, пасля чаго ў 1925 талака «Спартак» пачала сваю дзейнасць у Мінску, а ў 1927 быў прыняты яе Статут. У талацэ вырабляліся жаночыя грабяні, грабянцы, гузікі і іншыя дробныя побытавыя тавары.
Пасля нацыяналізацыі талака «Спартак» была ўлучана ў склад дзяржаўнай галантарэйнай фабрыкі «Беларуска». Новая фабрыка пачала працу 1 сакавіка 1929 і складалася з двух карпусоў: першы вырабляў гузікі, другі — грабяні. З нагоды пятнаццатых угодак Кастрычніцкай рэвалюцыі, фабрыцы ў лістападзе 1932 было прысвоена імя вайскавода грамадзянскай вайны М. В. Фрунзе. Спецыялізацыя прадпрыемства засталася ранейшай: «Грабяні 1573800 шт., воласатрымацелі 3400 шт., гузікі 130879 шт., і іншыя галантарэйныя вырабы». Фабрыка прапрацавала да пачатку Вялікай Айчыннай вайны: пасля налёту нямецкай авіяцыі на Мінск 23 чэрвеня 1941 ўсе асноўныя цэхі прадпрыемства былі знішчаны.
У 1945 былі пачаты працы па аднаўленні фабрыкі ў паўразбураных памяшканнях былога дражджавога заводу. Пасля таго, як вытворчасць была запушчана, асартымент фабрыкі пашырэў: з 1950 камбінат стаў выпускаць торбы з скуразамяніцеля, прагумаваныя жаночыя плашчы, дзіцячыя накідкі. У 1960 па рашэнні Савета міністраў БССР фабрыка імя М. В. Фрунзе стала спецыялізавацца ў вытворчасці швейнай галантарэі і фурнітуры (спражкі, гузікі). У 1964 на прадпрыемстве адбылася поўная змена асартыменту: фабрыка цалкам перайшла на пашыў прадметаў жаночага туалета.
11 верасня 1969 па загадзе міністэрства лёгкай прамысловасці фабрыка была пераназвана ў мінскае вытворчае швейнае аб'яднанне «Камсамолка». Прадпрыемства выпускала бюстгальтары, паясы, паўкарсеты, грацыі з шаўковых, баваўняных тканін і эластычных палотнаў, вырабы для нованароджаных і дзяцей ясельнага і школьнага ўзросту, гальштукі. У лістападзе 1970 быў уведзены ў эксплуатацыю новы вытворчы корпус па вуліцы Новавіленская, 28, у якім і дагэтуль знаходзяцца вытворчыя цэхі, а таксама галоўны офіс кампаніі «Мілавіца».
У 1991 на базе Мінскага вытворчага аб'яднання «Камсамолка» былі створаны два самастойныя прадпрыемствы з правам юрыдычнай асобы: Мінская швейная фірма «Мілавіца» і Маладзечанская швейная фабрыка «Камсамолка». У 1992 фірма «Мілавіца» атрымала статут акцыянернага таварыства без удзелу дзяржавы, кантрольны пакет акцый належаў калектыву прадпрыемства. У 1996 «Мілавіца», паводле рашэння збору акцыянераў і на падставе рашэння «Мінгарвыканкама», была пераназвана ў Закрытае акцыянернае таварыства «Мілавіца».
Паходжанне назвы правіць
Калі ў 1991 супрацоўнікі кампаніі звярнуліся ў Саюз пісьменнікаў Беларусі з просьбай дапамагчы прыдумаць новую назву для кампаніі, то пісьменнікам Уладзімірам Паўлавым было прапанавана назва «Мілавіца».
Старажытныя славяне словам «Мілавіца» звалі планету Венеру, а аднайменная багіня лічыцца знакам кахання і ўвасабленнем жаночай прыгажосці.
Прадукцыя правіць
Пад брэндам Milavitsa выпускаюцца наступныя віды прадукцыі:
- жаночая ніжняя бялізна
- купальнікі
- трыкатажныя вырабы
Прадуктовы партфель Мілавіцы ўключае гарсэтныя вырабы, пасавую групу, карэктуючую бялізну, купальнікі, бялізну для сну і адпачынку. Калекцыя Milavitsa падзяляецца на: класічную, модную і калекцыю купальнікаў. Пад маркай Aveline выпускаюцца гарсэтныя вырабы, пасавая група, карэктуючая бялізна, а пад маркай Hidalgo лінія мужчынскай бялізны.
Гандлёвая сетка правіць
Фірменныя крамы кампаніі адкрыты ў 19 краінах свету, уключаючы Расію, Беларусь, Украіну, Казахстан, Малдову, Германію, Славенію, Латвію, Літву, Эстонію, Грузію, Арменію, Азербайджан, Кіргізію, Узбекістан, Туркменістан, Іран, ПАР, Бельгію.
У Расіі дзейнічае больш 300 крам, на Украіне — 80, у іншых краінах СНД і на тэрыторыі Еўрасаюза — больш 120. У Беларусі працуе 51 фірменная крама, пятнаццаць з якіх размешчаны ў Мінску.
Спонсарства правіць
У 2010 кампанія «Мілавіца» стала генеральным партнёрам жаночай нацыянальнай каманды Беларусі па баскетболе. У 2012 - афіцыйным спонсарам чэмпіянату Беларусі сярод жаночых каманд па пляжным валейболе.